Вы тут

Як змяняюцца міграцыйныя плыні


Транзітны статус Беларусі дае краіне шмат пераваг, але адначасова з тым прыносіць і пэўныя пытанні. Адно з іх — гэта нелегальная міграцыя. Праўда, у якасці канчатковага пункта маршруту нашу краіну такія мігранты разглядаюць рэдка.
У асноўным яны імкнуцца патрапіць праз Беларусь у Еўрасаюз. Што да мігрантаў законных, то якраз яны нярэдка просяць прытулку менавіта ў нашай краіне. З радзімы іх прымусілі з'ехаць або вайна, або дрэнныя эканамічныя ўмовы...


— У нашай краіне створана нацыянальная сістэма прыстанішча, якая адпавядае агульнапрызнаным сусветным стандартам, — адзначыў начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Аляксей Бягун. — Усяго за час рэалізацыі заканадаўства аб вымушанай міграцыі з хадайніцтвамі аб наданні статусу бежанца або дадатковай абароны звярнулася каля 9,5 тысячы замежнікаў з 71 дзяржавы свету. З іх статус бежанца атрымалі 954 чалавекі. Яшчэ прыкладна 4,5 тысячы мы далі дадатковую абарону.

Аляксей Бягун асобна спыніўся на грамадзянах Украіны, якіх выгналі з дому баявыя дзеянні ў Данецкай і Луганскай абласцях і якія просяць прытулку ў Беларусі. Канфлікт там доўжыцца ўжо больш за шэсць гадоў. За гэты час больш за 4 тысячы вымушаных мігрантаў звярнулася з хадайніцтвамі аб дадатковай абароне. Звыш за 3,8 тысячы украінцаў, якія прыбылі з рэгіёнаў, дзе адбываліся баявыя дзеянні, яе атрымалі.

— Акрамя таго, таксама звярталіся з хадайніцтвам аб даванні прыстанішча і дадатковай абароны грамадзяне Расіі, Афганістана, Сірыі, Турцыі, Емена, Камеруна (і іншых стран афрыканскага мацерыка). Не былі выключэннем выхадцы з краін Азіі і Лацінскай Амерыкі.

Міністэрства ўнутраных спраў зрабіла невялікае сацыялагічнае даследаванне бежанцаў, якія папрасілі аб прыстанішчы ў Беларусі. І вынікі яго аказаліся цікавыя. Каля 2/3 ад агульнай колькасці рэспандэнтаў — гэта людзі працаздольнага ўзросту, яшчэ 1/3 — непаўналетнія. І толькі 5 % прыходзіцца на долю людзей пенсійнага ўзросту. З тых, хто знаходзіцца ў працаздольным узросце, 80 % працуюць або вучацца. У 10 разоў меней чалавек знаходзяцца ў адпачынку па доглядзе за дзіцем, пакуль яму не споўніцца тры гады. Цікава, што дзеці пераважна нараджаюцца ўжо на тэрыторыі Беларусі. Яшчэ кожны восьмы чалавек актыўна шукае работу. Такім чынам, можна вывесці сярэднестатыстычны партрэт вымушанага мігранта, які зараз пражывае на тэрыторыі Беларусі. Гэта сямейны чалавек, які знаходзіцца ў працаздольным узросце і недзе працуе.

Але як жа на міграцыйныя плыні паўплывала сітуацыя з распаўсюджваннем каранавіруса, праз якую многія краіны закрылі свае межы да нармалізацыі эпідэміялагічнай абстаноўкі?

— Абмежавальныя захады, якія выкарыстоўвала большасць дзяржаў еўрапейскага рэгіёна, прывялі да таго, што большасць маршрутаў міжнароднага авіяцыйнага, чыгуначнага і аўтобуснага транспарту была спынена на нявызначаны тэрмін, — заўважае Аляксей Бягун. — Частка бежанцаў не здолела выехаць са сваіх цяперашніх дзяржаў, каб шукаць для сябе новы дом. Геаграфічны складнік пры гэтым практычна не змяніўся. А вось у колькасным вылічэнні ўцекачоў да нас прыбывае меней. Асабліва абмежавальныя захады ўдарылі па нелегальнай міграцыі — гэтая плынь істотна знізілася.

Цікава, што з 16 сакавіка да 15 чэрвеня — ад пачатку часу, калі ў многіх краінах актыўна закрываліся межы, — больш за 2300 іншаземцаў, якія пастаянна пражываюць у Беларусі, звярнулася ў міграцыйныя органы з просьбай падоўжыць тэрмін дзеяння дакументаў, што дазваляюць ім у нас знаходзіцца. Гэтыя людзі не хадайнічалі ў далейшым аб наданні статусу бежанца.

Пры гэтым Міністэрства ўнутраных спраў канстатуе, што нацыянальная сістэма давання прыстанішча працуе ў Беларусі паспяхова.

— Мы вельмі ўдзячныя ўпраўленню вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў у выбудоўванні беларускай сістэмы прыстанішча, а таксама адраснай дапамогі вымушаным мігрантам. Дзякуючы канструктыўнаму ўзаемадзеянню паміж гэтай структурай, дзяржаўнымі органамі Беларусі і няўрадавымі арганізацыямі ў нашай краіне паспяхова рэалізаваны шэраг праектаў. Яны ахопліваюць шмат сфер. Сярод іх — аказанне прававой, сацыяльнай, медыцынскай і матэрыяльнай дапамогі найбольш уразлівым катэгорыям з ліку асоб, якія шукаюць прыстанішча, а таксама праекты міжнародна-тэхнічнай дапамогі для дзяржаўных і грамадскіх структур. У Беларусі створаны і працуюць тры цэнтры часовага пражывання тых, хто хадайнічае аб наданні статусу бежанца або дадатковай абароны. Яны разлічаны на 60 чалавек, якія з розных прычын не маюць магчымасці свабодна пасяліцца на тэрыторыі нашай краіны. Мы і далей будзем працаваць у гэтым кірунку.

У сваю чаргу, прадстаўнік Упраўлення вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў Жан-Іў Бушардзі зазначыў, што цяпер асабліва важныя ўзаемадапамога і адзінства:

— Гэта асабліва бачна праз прызму выклікаў, з якімі сутыкаюцца людзі па ўсім свеце, у тым ліку бежанцы і вымушана перамешчаныя асобы. Я заклікаю кожнага прыкласці ўсе намаганні, каб развіваць гэты глабальны рух салідарнасці і дзеянні. Абсалютна ўсе: дзяржаўныя органы, бізнес-супольнасць, грамадскія арганізацыі, навучальныя ўстановы і кожны з нас паасобку — ва ўсіх ёсць магчымасць дапамагчы, важны любы ўклад. Унёсак у распаўсюджванне каштоўнасцяў інклюзіі, павагі і годнага стаўлення да ўсіх, у тым ліку да бежанцаў, да асоб, якія шукаюць прыстанішча, і асоб без грамадзянства. Мы мацнейшыя, калі працуем разам.

У найбліжэйшы час Беларусь мяркуе далучыцца да Канвенцый ААН аб статусе апатрыдаў 1954 года і аб скарачэнні безграмадзянства 1961 года. Пра гэта стала вядома ў кастрычніку мінулага года.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота дадзена Упраўленнем вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.