Вы тут

Расшукваюцца актывісты, або парады ад Мінкульта


Паняцце «гісторыка-культурныя каштоўнасці» ў беларускім заканадаўстве ўпершыню было ўведзена ў 1992 годзе, а праз два гады замацавана ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Але не трэба забывацца, што яшчэ і за савецкім часам вяліся ахоўныя спісы, аб'екты з якіх працягваюць зберагацца ў незалежнай Беларусі.

Найбольш шырока ў Дзяржаўным спісе прадстаўлены помнікі археалогіі (на сёння яны складаюць 40 %), архітэктуры і горадабудаўніцтва (32 %), гісторыі (22 %), помнікі мастацтва, рухомыя помнікі і нематэрыяльныя каштоўнасці адпаведна «набралі» па 1-3 працэнты.

Не будзем забывацца, што існуюць і цэлыя комплексы, узятыя пад ахову. Для прыкладу, у гістарычных цэнтрах можа знаходзіцца па некалькі сотняў аб'ектаў спадчыны.

Нягледзячы на тое, што ахоўнае заканадаўства ў суверэннай Беларусі дзейнічае ўжо каля трыццаці гадоў, яшчэ і сёння існуюць праблемы, звязаныя з яго разуменнем.


«Самае вялікае пытанне, якое сустракаецца сярод даследчыкаў, навукоўцаў, гэта неразуменне прадмета аховы, — заўважыў кансультант аддзела арганізацыі аховы і ўліку гісторыка-культурных каштоўнасцяў Міністэрства культуры Генадзь Ходар. — Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб культуры гэты прадмет вельмі добра рэгулюецца, і гэта датычыцца менавіта гісторыка-культурных каштоўнасцяў, але ёсць і проста культурныя каштоўнасці і аб'екты без статусу — наогул уся культурная спадчына, яе колькасць, нават не паддаецца падліку: гэта мільёны аб'ектаў (помнікі прыроды, археалагічныя аб'екты, артэфакты, музейныя фонды і г. д.)». Натуральна, у Дзяржаўны спіс немагчыма ўключыць адразу ўсё, у яго трапляюць самыя адметныя, значныя аб'екты, якія сведчаць пра развіццё і здабыткі нашага народа і могуць у тым ліку быць цікавыя аматарам гісторыі і культуры з іншых краін свету.

За апошнія гады Дзяржспіс папоўніўся 57 аб'ектамі — помнікамі архітэктуры, гісторыі, рухомымі помнікамі (у тым ліку адшуканымі скарбамі). Таксама пад ахову ўзяты 32 нематэрыяльна-культурныя каштоўнасці. Усе гэтыя прапановы былі падрыхтаваны дзяржаўнымі органамі або дзяржаўнымі ўстановамі. Але не трэба забывацца на тую дапамогу, якую ў фарміраванні Дзяржспіса могуць аказваць грамадскія аб'яднанні, саюзы і іншыя няўрадавыя арганізацыі. Яшчэ ў пачатку 2000-х яны прымалі больш актыўны ўдзел у справе па ўліку спадчыны. Генадзь Ходар упэўнены, што прычынай таму можа быць недастатковая прававая адукаванасць зацікаўленых адносна пытанняў падрыхтоўкі прапаноў аб наданні культурным каштоўнасцям ахоўнага статусу.

Насамрэч, любая асоба можа падаць прапанову аб наданні статусу і першапачаткова накіраваць яе ў абласны выканкам, пры якім створаны абласныя саветы па пытаннях аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Яны ўпаўнаважаныя як разглядаць прапанову, так і надаваць статусы. Калі статус катэгорыі больш значны за рэгіянальны, аблвыканкам накіроўвае такую прапанову ў Міністэрства культуры.

За апошнія гады 41 аб'екту статус нададзены Міністэрствам культуры, і 16 — аблвыканкамамі.

Каштоўнасць, якая прапануецца для надання статусу, можа быць вылучана трыма спосабамі: з ліку выяўленых выпадкова (напрыклад, з 2017 года было знойдзена два скарбы), з ліку выяўленых прафесійна (з такімі прапановамі, як правіла, працуюць спецыялісты, вучоныя), ці неабыякавыя асобы жадаюць аддаць большую ўвагу раней вядомаму аб'екту, які пакуль не ўзяты пад ахову.

Самы ж важны этап у падрыхтоўцы аб'екта да надання статусу — гэта навуковая апрацоўка і мастацкая ацэнка. На жаль, сёння многія гэтым альбо грэбуюць альбо не ўмеюць рабіць (сапраўды, трэба яшчэ ведаць, як зафісаваць адметныя вартасці аб'екта, тэхнічныя характарыстыкі, падаць гісторыю фарміравання аб'екта). Але што перашкаджае звярнуцца па дапамогу да навуковых і праектных арганізацый?

Пашырэнне прававой адукаванасці ў галіне аховы спадчыны дазволіць грамадству больш актыўна далучацца да справы па захаванні здабыткаў нашых продкаў. Усё ж прырастанне спіса — вельмі эфектыўны механізм аховы спадчыны.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Прэв’ю: niasvizh.by

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Арэндная стаўка на здымнае жыллё працягвае зніжацца

Арэндная стаўка на здымнае жыллё працягвае зніжацца

Свежасць раёна, кватэры з новай планіроўкай — гэтыя фактары сёння маюць ключавое значэнне.

Адукацыя

У фокусе — прафесійная адукацыя

У фокусе — прафесійная адукацыя

Кіраўнікі адукацыйных ведамстваў упэўнены, што супрацоўніцтва ў сферы адукацыі з’яўляецца важным фактарам для ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця дзвюх краін.

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?