Вы тут

Сонца ў зеніце


У наш час зацікавіць чытача паэзіяй — задача няпростая. Адна справа — празаічны твор, які ўсё-ткі трэба прачытаць цалкам ці прынамсі большую яго частку, каб зразумець сутнасць і скласці для сябе пэўнае ўражанне. Паэтычныя ж зборнікі ацэньваюць па некалькіх крытэрыях: першы — гэта «брэнд», папулярнасць і «раскручанасць» прозвішча на вокладцы; другі — калі аўтар малавядомы, то патэнцыйны чытач выхоплівае верш ці радок, пасля чаго альбо чытае далей, альбо адкладае кнігу ўбок; трэці фактар, які шмат каму здаецца неістотным, але ў сучасных варунках ён вырашальны, — гэта мастацкае афармленне, якасць паліграфіі, шрыфт, кампазіцыйная пабудова, іначай кажучы, «вопратка», па якой сустракаюць, тое першае ўражанне, што рэдка пасля змяняецца.


Кніга, пра якую пойдзе гаворка, выйграе ў чытацкіх вачах адразу па трох пунктах. Імя Людмілы Шчэрбы на слыху яшчэ з часоў «Першацвету», дзе яна была і аўтаркай, і супрацоўніцай. Асоба шматгранная: журналістка, літаратурназнаўца, удзельніца музычна-паэтычнага тэатра «АртС»… Аматары нефарматнай, постмадэрновай прозы ведаюць яе раман-фільмаслоў «Уладар рыб» і нанараман-правакARTцыю «Урб@н.М» — творы цікавыя і неардынарныя як па форме, так і па змесце.

Але нават калі кніга трапіцца чытачу неабазнанаму, які не сочыць за літпрацэсам, то, разгарнуўшы гожы зборнічак пад незвычайнай назвай «Я пакідаю сонца тут» (Мінск, «Кнігазбор», 2020), ён наўрад ці застанецца абыякавы. Бо куды ні зірні — россып вобразаў, паэтычных знаходак, алітэрацый, нечаканых метафар: «Хмурны дождж цвікі забівае // ў рваную падэшву асфальту»; «Луста неба з разынкамі зорак»; «Ляніваю коткаю ранак // Улёгся на астраў дыван»; «Сарвуся з рыфмы // быццам з рыфаў»…

І, безумоўна, прываблівае афармленне, выкананае мастачкай і паэтэсай Кацярынай Массэ. На выяве, што аздобіла вокладку, лёгка пазнаецца сама Людміла, прычым надзвычай трапна перададзены творчы воблік: увасоблена жаноцкасць, неўтаймоўны стваральны пачатак. Сімвалізм ілюстрацыі ўзмацняецца чорна-белым пераходам, які адлюстроўвае амбівалентнасць быцця, а залатое кола ўверсе, уплеценае ў вянок, і ёсць тое самае жыццядайнае свяціла, што насычае свет вобразамі і пачуццямі.

Своеасаблівае крэда, квітэсэнцыя творчых пошукаў і звышзадач сустракае чытача на пачатку зборніка:

Я проста пакіну сонца тут —

вялікі, як змагу данесці,

вогненны шар

пакладу на даляглядзе

для цябе.

Нездарма сонца, вобраз якога ўяўляецца алегорыяй зеніту майстэрства, яна пакідае «тут». У гэтым слове закладзена як паняцце Айчыны, так і месца, дасягнуць якога імкнецца кожны літаратар, — чалавечая душа. Менавіта крануўшы яе патаемныя струны, паэт можа разлічваць на чытацкае суперажыванне, эмпатыю. Людміле Шчэрбе гэта, бясспрэчна, удаецца. Аднак, як кожны сапраўдны творца, яна часам сама не ведае, якія пуцявіны прывялі яе да паэтычных адкрыццяў:

Я не магу расчытаць тое,

Што напісала…

Абвостранае адчуванне рэчаіснасці выліваецца ў незвычайныя па эмацыянальнай насычанасці радкі, дзе ёсць месца рытмапісу і гукапісу, калі слова адчуваецца амаль на тактыльным, фізічным узроўні:

Сівыя карані ў падзем’і,

быццам пругкім шнурам,

скруцілі цела —

сціх жыцця матыў.

Валодаючы шырокім спектрам мастацкіх прыёмаў, аўтарка ў большасці сваіх твораў выходзіць далёка за рамкі выключна «жаночай» лірыкі. Некаторыя вершы, як, напрыклад «Сярэднестатыстычны марш», набываюць выразнае грамадзянскае гучанне, што сведчыць пра неабыякавасць да праяў жыцця:

 У душах смерць,

ў кішэнях медзь.

Спадарству чэсць!

Сярэдняя па краіне — 36,6.

Настраёвасць зборніка неаднародная. Тэксты ранняга перыяду вызначаюцца драматызмам, унутраным надрывам, прадчуваннем немінучага расстання, тугой па страчаным. Але ў той жа час душэўныя перыпетыі ствараюць неабходныя ўмовы для раскрыцця творчага патэнцыялу:

Пі, мая лебедзь, пі, мая муза,

З рук маіх боль гарачы.

Пылам пакрыецца, друзам

Свет, што ніколі не плача.

Аднак пазнейшая творчасць вызначаецца філасафічнасцю, сузіральнасцю, а экспрэсія і заглыбленасць ва ўласныя перажыванні саступае месца прыняццю сябе і сваёй прасторы ў светабудове. Набыўшы акрэсленыя рысы, быццё закальцоўваецца, а жыццё працягваецца ў нашчадках і ў Слове. Відаць, таму ў паэтычным космасе Людмілы Шчэрбы так часта сустракаюцца вобразы кола, сонечнага шара, акружнасці, напрыклад, як у вершы «Цяжарная» — ці не наследаванні Максіму Багдановічу, у спадчыне якога ёсць вядомы аднайменны верш:

Так ты ў маю істоту прарастаеш

маленькім промнікам,

а я ўнікаю пустаты.

Нясу цябе сцярожка і ўрачыста,

бы шар зямны…

Навідавоку і няспынны пошук новых формаў уземадзеяння з чытачом. Паэтка не цураецца эксперыментаў са словам, адмаўляючыся ў многіх вершах ад знакаў прыпынку і рыфмаў, пашыраючы свае творчыя далягляды, прыадчыняючы чарговыя «дзверы ўспрымання».

З выданнем свайго першага паэтычнага зборніка Людміла не спяшалася, таму выпадковых тэкстаў у ім няма. Нездарма Томас Стэрнз Эліят лічыў, што пісьменнік, «…які працуе над сваім рукапісам — пераважна крытык, бо прасейванне, камбінаванне, канст руяванне, выкр эсліванне, выпраўленне, апрабоўванне — уся гэтая катаржная праца — больш лёс крытыка, чым мастака».

Як трапна адзначыў у прадмове да зборніка Навум Гальпяровіч, «…Кніга паэзіі Людмілы Шчэрбы вельмі камерная, вельмі лірычная, напоўненая непадробнай шчырасцю». Менавіта адкрытасць і натуральнасць — асноўныя інструменты творчай майстэрні пісьменніцы, так бы мовіць, яе візітоўка. І таму выхад гэтай доўгачаканай для многіх кнігі — сапраўднае свята паэзіі — вечнай, як само жыццё…

Янка ЛАЙКОЎ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.