Вы тут

Александрыя збярэ сяброў


Адзінаццаты ўжо раз традыцыйнае свята “Купалле” пройдзе 11-12 ліпеня пры Дняпры: на малой радзіме Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі


На свяце “Купалле” пры Дняпры

Свята “Купалле” — якое мае й назву “Александрыя збірае сяброў” — сёлета зноў пройдзе ў Шклоўскім раёне Магілёўшчыны, у аграгарадку Александрыя. У маляўнічым месцы на беразе Дняпра старажытнае беларускае свята ладзіцца, так бы мовіць, у сучасным фармаце. Гулянні пройдуць ля таго маста цераз рэчку, які злучае не толькі Александрыю й Копысь, але й дзве вобласці: Магілёўскую ды Віцебскую.

Да Купальскага свята ў аб’яднанні “Магілёўаблтурыст” распрацаваны спецыяльны турмаршрут “Купальскае кальцо”. У два святочныя дні для ахвочых прапануецца знаёмства з горадам Шкловам, а таксама пешаходная экскурсія па аграгарадку Александрыя. У часе тае вандроўкі можна пабачыць, напрыклад, вялікі прамысловы сад з садавінасховішчам. Гэта велізарны комплекс, дзе можна зберагаць і рэалізоўваць да 6500 тон яблык штогод. Там жа цікава паглядзець, як вырошчваюцца грыбы-вешанкі. Важнае месца на экскурсійным маршруце – школа-музей Прэзідэнта Беларусі. Пры яго наведванні госці любяць фатаграфавацца пры парце з таблічкай, на якой напісана імя Прэзідэнта. Мясцовыя жыхары, заўважым, ганарацца сваім знакамітым на ўвесь свет земляком і зберагаюць памяць пра ўсё, што з ім звязана.

У вялікай праграме свята значацца выстава “Зроблена ў Беларусі” (прадукцыю прадставіць Мінскі трактарны завод), “Александрыйскі кірмаш” (разгорнуцца экспазіцыйна-тэматычныя Купальскія падворкі), “Александрыйская гасціна” (гасцей сустрэнуць гандлёвыя рады, летнія кавярні). Пройдзе “Свята кнігі” — з прэзентацыяй будучых імпрэзаў Дня беларускага пісьменства (сталіцай Дня сёлета на пачатку чэрвеня стануць Бялынічы). Шмат будзе на свяце салодкай прадукцыі з Магілёва, “Каравайная сяліба” зладзіць выставу-продаж хлебабулачных вырабаў ды Свята квасу. Моладзь зацікавіць выставачная экспазіцыя “Калідор эпох”, будзе прадстаўлены таксама Усебеларускі сямейны сельскагаспадарчы праект “Уладар сяла”. Запрацуюць розныя атракцыёны — на пляцоўцы “Кірмашовыя забавы”. А яшчэ будзе “Свята цырка”: паставяць цырк-шапіто, пройдуць эстрадна-цыркавыя паказы й шоу побач з шатром.

І ў суботу ж можна будзе пабываць на дзіцячай дыскатэцы з удзелам дзіцячых творчых гуртоў Магілёўшчыны, там выступяць і дарослыя ўжо ўдзельнікі тэлешоу “Голос. Дети” з Магілёўскай вобласці, аніматары, блазны. А вечарам пройдуць канцэрты, забаўляльныя праграмы, урачыстая цырымонія адкрыцця свята “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”), вялікі гала-канцэрт, будзе й святочны феерверк.

12 ліпеня, у нядзелю, свята прадоўжыцца: з вялікай моладзевай дыскатэкай, канцэртамі вядомых творчых гуртоў і папулярных артыстаў. Пройдзе ўшанаванне перадавікоў аграпрамысловага комплексу Магілёўшчыны — у суправаджэнні Аркестра народных інструментаў імя народнага артыста Беларусі Л.Л. Іванова (магілёўская абласная філармонія) і канцэрт Беларускага дзяржансамбля “Песняры”.

Іван Іванаў

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Рэгістрацыйныя карткі для таксістаў

Рэгістрацыйныя карткі для таксістаў

А яшчэ нармальны рабочы дзень, адпачынак і права на «бальнічны»...

Здароўе

Каварны і смяротны вірус: гепатыт варта трымаць пад кантролем

Каварны і смяротны вірус: гепатыт варта трымаць пад кантролем

Ад захворванняў, звязаных з гепатытам, у свеце кожныя 30 секундаў памірае адзін чалавек.