Вы тут

Адпачынак з родным каларытам


У беларускай глыбінцы ёсць тысячы месцаў для адпачынку з камфортам, і гэтым летам яны асабліва запатрабаваныя


На чарговай прэс-канферэнцыі ў Мінску гаварылі пра летняе, надзённае — маю на ўвазе нераскрытыя магчымасці турпатэнцыялу краіны. У прэс-цэнтры Дома прэсы адзначалася: жыхары Беларусі апошнім часам наноў адкрываюць для сябе адпачынак на Бацькаўшчыне. Многія выбіраюць, у тым ліку і ў сілу каранавіруснай сітуацыі ў свеце, родныя, вясковыя краявіды з іх цішынёй.

Запрашае “Муховэцька кумора”

Кірыл і Ксенія з Вільнюса — нядаўнія госці аграсядзібы

Пра асаблівасці такога адпачынку ў часе прэс-канферэнцыі расказала Ала Палікарпук. Яна ўзначальвае Грамадскі савет па развіцці аграэкатурызму Кобрынскага раёна (Брэстчына) ды адначасова каардынуе дзейнасць кластара “Муховэцька кумора”. Кластар той аб’яднаў гаспадароў аграсядзіб у Кобрынскім, Жабінкаўскім, Камянецкім і Пружанскім раёнах. А найперш Ала Аляксееўна — сама гасцінная гаспадыня аграсядзібы “На Заречной улице”.

Мы патэлефанавалі ёй крыху пазней, якраз тады, калі пасля доўгага зацішша ў сувязі з пандэміяй каранавіруса ў гаспадыні з’явіліся першыя госці. Маладая сям’я з Вільнюса прыехала, каб адпачыць на зялёным беразе ракі Мухавец у хатцы, якой больш за сто гадоў. Стаіць хатка тая наводдаль ад сучаснага двухпавярховага дома, у якім звычайна жывуць і прымаюць гасцей гаспадары. Рарытэтная хатка была звычайна ў гаспадароў за музей: там сабраны посуд, адзенне й вясковая мэбля пачатку XX стагоддзя. На гэты ж раз пайшлі насустач гасцям, якія жадалі пажыць у асобным будынку. Так і сталася.

А гісторыя аграсядзібы “На Заречной улице” якраз і пачыналася з тае хаткі. Ала Аляксееўна з мужам, Сяргеем Уладзіміравічам, у 90‑я набылі яе, пачалі займацца фермерствам. Доўгі час жылі ў ёй, будавалі свой новы дом. Сёння аграсядзіба “На Заречной улице” мае пладаносны сад з альтанкамі, агарод, ягаднікі й кветнікі агульнай плошчай больш за паўтара гектара. Яе гаспадары першымі ў Кобрынскім раёне пачалі займацца аграэкатурызмам: у 2007 годзе. Ала Аляксееўна памятае, як раней на хутар наведваліся цікаўныя з навакольных вёсак, каб на свае вочы ўбачыць, што гэта за дзіва такое: аграэкатурызм. І некаторыя потым па прыкладзе Палікарпукоў разбудоўвалі ўласныя сядзібы й пачалі таксама прымаць гасцей. Сёння ўсе яны ў суполцы “Муховэцька кумора” ды разам забаўляюць вялікія групы турыстаў, што на тураўтобусах едуць знаёміцца з беларускай глыбінкай. Ала Палікарпук, як каардынатар “Муховэцькой куморы”, узгадняе з турыстамі праграму іх тура па тых аграсядзібах.

Што можа прапанаваць гасцям “Муховэцька кумора”? Экскурсіі па аграсядзібах, выступленні мясцовых фальклорных гуртоў, клубаў гістарычнай рэканструкцыі, рамесныя й кулінарныя майстар-класы, абрадавыя святы. Можна пакатацца вярхом на конях мясцовага коннага клуба, заехаць на раварах прама ў навакольныя краявіды, схадзіць у водны паход на судне-дракары па Мухаўцы… Такія праграмы й туры “Муховэцька кумора” мае намер узнавіць для тургруп у жніўні-верасні, калі, як кажуць, Бог дасць. А замежнікі яшчэ раней ацанілі ўсе даброты адпачынку ў тамтэйшых мясцінах. Да пандэміі каранавірусу тураўтобусы часта прывозілі на аграсядзібы групы замежных турыстаў. Аграсядзібу “На Заречной улице”, у прыватнасці, наведалі госці з Польшчы, ЗША, Канады, Ізраіля, Германіі, Кітая, Японіі, Аўстраліі, Азербайджана, Расіі, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Новай Зеландыі ды іншых краін. Ала Палікарпук стараецца памятаць усіх сваіх гасцей. З асаблівай цеплынёй ды ўсмешкай згадвае бабулю Ніну з Брэста. Яна летась у жніўні сабрала на сядзібе ўсю сваю радню, каля 30 чалавек, раскіданую па свеце: яе сваякі сёння жывуць у ЗША, Германіі, Францыі, Польшчы, Расіі, Беларусі. Тры дні ехалі “На Заречную улицу” родныя бабы Ніны, каб пабачыць адзін аднаго ўпершыню. Найстарэйшай з роду споўнілася 92 гады, наймалодшай — 2 годзікі. Але Аляксееўне імпануе ўпартасць бабулі Ніны, з якой тая ажыццявіла сваю мару: паяднаць свой галінасты род і пазнаёміць яго “лісточкі” з Беларуссю. Госці змаглі атрымаць асалоду не толькі ад беларускай прыроды, але й смачна паесці. Гаспадыня “На Заречной улице” гатуе стравы народнай палескай кухні. Хто жадае па прыкладзе бабулі Ніны пабываць у яе ў гасцях (з сям’ёй!), можа пазнаёміцца і з гаспадыняй, і з яе аграсядзібай на сайце http://nzy.by. Сваё жаданне ўжо агучыла сям’я з Мінска, запланаваны й прыезд “паляка з Галандыі”, якому хочацца беларускай экзотыкі.

Санаторыі ды здраўніцы экспартуюць паслугі

Па рэчцы Мухавец на судне-дракары

Аляксандр Цай з Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні й санаторным курортным лячэнні насельніцтва (ён — намеснік дырэктара Цэнтра — начальнік аддзела дзяржзакупак і метадычнай работы) у часе прэс-канферэнцыі адзначаў: Беларусь мае ўсё неабходнае, каб забяспечыць паўнацэнны адпачынак, аздараўленне й санаторна-курортнае лячэнне як беларусам, так і замежнікам. Прычым апошнім часам санаторна-курортныя арганізацыі краіны ўдала канкуруюць і на ўнутраным, і на знешнім туррынках. “Гэта сучасныя шматфункцыянальныя комплексы з развітай медыцынскай базай і кваліфікаваным персаналам”, — удакладніў Аляксандр Цай. У краіне — больш за 300 санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый, могуць размясціць больш за 66 тысяч гасцей. Дзякуючы таму штогод аздараўляюцца ў Беларусі каля 1 мільёна 300 тысяч чалавек. Летась нават выйшлі на 1 мільён 389 тысяч. Багата было й замежнікаў: іх у беларускіх здраўніцах і санаторыях адпачыла 242 тысяч. Так што экспарт паслуг у гэтым сегменце турызму падрос у параўнанні з 2018‑м — на 11, 5 %, склаў больш за 250 мільёнаў беларускіх рублёў. У першым квартале 2020‑га таксама назіраўся рост экспарту паслуг: на 3,4 % у параўнанні з аналагічным перыядам 2019‑га. Колькасць замежнікаў, якія ўжо адпачылі ў санаторыях і здраўніцах Беларусі, — звыш 40 тысяч.

Гаспадыня Ала Палікарпук

Брэнд беларускіх санаторыяў, па словах Аляксандра Цая, — вялікая колькасць бясплатных медыцынскіх паслуг. Многія замежныя арганізацыі такога кшталту ў кошт пуцёўкі ўключаюць дзве-тры бясплатныя медпрацэдуры, а беларускія — каля 8. Да таго ж на тэрыторыях беларускіх санаторыяў прабурана каля 90 уласных свідравін з мінеральнай вадой, а ў лячэнні выкарыстоўваюцца гразі з чатырох радовішчаў. Гэта ж таксама прываблівае турыстаў з‑за мяжы. У прыватнасці, месцы ў беларускіх санаторыях і здраўніцах на жнівень і верасень актыўна браніруюць расіяне.

Ганна Лагун

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Лета выходзіць на фінішную прамую! Чаго чакаць ад надвор'я ў жніўні? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Лета выходзіць на фінішную прамую! Чаго чакаць ад надвор'я ў жніўні? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

У жніўні цяпла будзе ўдосталь, але без дажджу і маланкі не абыдзецца.

Грамадства

Адзін дзень у Вязынцы: вандруем разам са «Звяздой» па Беларусі

Адзін дзень у Вязынцы: вандруем разам са «Звяздой» па Беларусі

У летні час так хочацца на мора, ці, хоць бы ў падарожжа... 

Калейдаскоп

Правілы чамадана. Парады па зборы ў адпачынак ад розных спецыялістаў

Правілы чамадана. Парады па зборы ў адпачынак ад розных спецыялістаў

 Куды б вы ні накіроўваліся, пытанне «Што пакласці ў чамадан, а што пакінуць дома?» цяпер актуальнае для многіх.