Вы тут

Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытанні праекты абноўленых КоАП і ПВКоАП


Палата прадстаўнікоў прыняла сёння ў першым чытанні праекты новых Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (КоАП) і Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (ПВКоАП).


Прадстаўляючы законапраекты ў Авальнай зале, дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Вадзім Іпатаў адзначыў, што галоўная асаблівасць новых кодэксаў — прафілактычны і папераджальны характар. Сярод іх вусныя заўвагі, папярэджанне, меры выхаваўчага ўздзеяння на непаўналетніх. Прафілактычныя меры будуць прымяняць замест адміністрацыйнай адказнасці.

Заканадаўчыя акты значна спрашчаюць адказнасць за парушэнні, змякчаюць пакаранні, зніжаюць верхнія і ніжнія межы штрафных санкцый, уводзяць новыя інстытуты адказнасці.

Усяго ад ступені цяжкасці парушэнні падзелены на тры катэгорыі. Так адміністрацыйнымі праступкамі будуць лічыцца парушэнні, за якія накладваецца штраф на фізасобу да 10 б.в., 25 б.в. для ІП, 50 б. в. для юрасоб. Другая катэгорыя — значныя адміністрацыйныя парушэнні — тыя, за якія накладваецца больш высокі штраф ці прымяняецца канфіскацыя, дэпартацыя. І апошняя — грубыя адміністрацыйныя правапарушэнні — гэта паўторныя правапарушэнні, якія цягнуць крымінальную адказнасць, ці асоба за іх можа быць прыцягнута да адміністрацыйнага арышту, пазбаўлення спецыяльнага права ці права займацца пэўнай дзейнасцю. За грубыя парушэнні (хуліганства, крадзёж, гвалт, масавыя беспарадкі) захоўваюцца жорсткія меры адказнасці, амаль да арышту.

Праект прадугледжвае новую меру адміністрацыйнага спагнання — грамадскія работы. Яе ўвядзенне ў кодэкс абумоўлена неабходнасцю наяўнасці немаёмаснага спагнання альтэрнатыўнага арышту. Грамадскія работы будзе накладваць суд са згоды адказнай асобы. Тэрмін магчымых бясплатных работ — ад 8 да 60 гадзін.

«За такое сур’ёзнае парушэнне, як кіраванне транспартным сродкам у нецвярозым выглядзе са звыш 0,8 праміле алкаголю, адказнасць прапануецца ўзмацніць удвая. То бок прапануецца прымяняць штраф у памеры 5400 рублёў з пазбаўленнем вадзіцельскіх праў на пяць гадоў. Раней было тры гады», — удакладніў Вадзім Іпатаў.

Яшчэ адной навацыяй стала падрабязная рэгламентацыя вядзення працэсу ў адносінах да непаўналетніх.

Дарэчы, па выніках работы і грамадскага абмеркавання члены межведамаснай працоўнай камісіі прыйшлі да выніку, што ўзвядзенне бальнай сістэмы ацэнкі паводзін вадзіцеляў на дарозе дачаснае.

У новым КоАП паменшана колькасць неактуальных складаў правапарушэнняў, якія на працягу апошніх трох год амаль не прымяняліся, і склад органаў і службовых асоб, якія мелі права складаць пратаколы аб правапарушэннях.

Адміністрацыйная адказнасць не будзе прымяняцца за асобныя падатковыя і мытныя дзеянні пры ўмове ўстараніць іх не пазней за 10 дзён з моманту выяўлення правапарушэння.

Работа над лібералізацыяй новых кодэксаў вялася шырокай супольнасцю — юрыстамі, навукоўцамі, прадстаўнікамі органаў улады, дэпутатамі на працягу шасці месяцаў. Праекты КоАП і ПВКоАП унесены ў ніжнюю палату парламента Прэзідэнтам і падрыхтаваны ў выкананне яго даручэння, дадзенага на нарадзе 16 снежня 2019 года.

Марыя ДАДАЛКА

Прэв’ю: belnovosti.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.