У Дзень вышыванкі ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці №58 г. Гродна пазнаёмілі выхаванцаў з нацыянальнай беларускай культурай і правялі экалагічную акцыю.
Вышыванка – сапраўдная візітная картка беларусаў. Дзень вышыванкі ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці №58 г. Гродна святкуецца штогод, і кожны раз па-асабліваму. У гэтым навучальным годзе яго вырашылі адзначыць добрай справай: падвесці вынікі ўдзела ўстановы ў дабрачынным праекце “Жыццё ў абмен на накрыўкі”, які доўжыўся з кастрычніка 2019 года. На працягу гэтых месяцаў усе разам збіралі пластыкавыя накрыўкі з пэт-бутэлек з-пад вады, сокаў, малака, зубной пасты, какавы, кіндэр-сюрпрызаў і іншыя, каб дапамагчы “накрыўкам стаць не проста смеццем”, а накіраваць іх на перапрацоўку. За атрыманыя ад новых вырабаў сродкі можна дапамагчы ў рэабілітацыі дарослых і дзяцей з інваліднасцю а таксама зэканоміць першасныя рэсурсы (нафту) і зберагчы прыроду ад забруджвання.
Паасобны збор другаснай сыравіны для выхаванцаў, іх бацькоў і супрацоўнікаў дашкольнага цэнтра №58 г. Гродна, які носіць статут “зялёнай школы” – справа звычайная. А каб добрая справа да Дня вышыванкі засталася ва ўспамінах дзяцей надоўга, сімвалічна вылажылі з сабраных накрывак элементы беларускага арнаменту. У кожнага – сваё значэнне (агонь, багацце, жыццё, вясна, душа, зямля, маладосць, сонца, сям’я і іншыя), нязменная толькі колеравая палітра: агніста-чырвоны (колер сонца, які нясе жыццёвую сілу) на белым фоне (сімвал чысціні).
Адна з умоў удзела ў дабрачынным праекце такая – пластыкавыя накрыўкі павінны быць чыстымі і пазбаўленымі ад укладышаў.Таму ўдзельнікам праекта патрэбна было не толькі сабраць шмат накрывак, але і падрыхтаваць іх да здачы, вымыць. Такая “мокрая справа” прыйшлася па душы і малым, і дарослым. Напэўна, не знойдзецца ніводнага дзіцяці, каму не спадабалася б гарачым летнім днём плюхаць рукамі ў вадзе, ды яшчэ і не проста так, а дзеля добрай справы.
Так на пляцоўках для гульні ўсе разам падрыхтавалі накрыўкі для здачы ў пункт прыёму, які размясціўся ў Гродна ў жаночай кансультацыі №1 па вуліцы Астроўскага, 17. Валанцёры, супрацоўнікі паліклінікі паралельна са сваімі прамымі абавязкамі ў гэты няпросты для ўсіх час прымаюць удзел самі і дапамагаюць іншым у добрай справе.
Мы спадзяёмся, што экалагічная дабрачынная падзея, прысвечаная Дню вышыванкі, якая адбылася ў дашкольнай установе напярэдадні галоўнага свята краіны – Дня Незалежнасці, стане традыцыйнай і сапраўды дапаможа выхаваць маленькіх беларусаў руплівымі гаспадарамі сваёй зямлі, шчырымі і добразычлівымі грамадзянамі, якія шануюць свае традыцыі, свой край і сваю Радзіму.
Таццяна КРАСОЎСКАЯ, выхавальнік-метадыст ДУА “Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 58 г. Гродна”
Фота з архіва ўстановы
Восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы — абавязковы атрыбут восені.
Цяпер на продаж прапаноўваецца менш як 7,5 тысячы кватэр, а раней звыш 10 тысяч
І для свята, і для далейшага развіцця.