Вы тут

Маленькі чалавек у вялікім свеце


Міжнародны Дзень абароны дзяцей, як вядома, быў заснаваны ў 1949-м. У Беларусі з той пары яго па традыцыі і праводзяць 1 чэрвеня — не толькі весела, але і з карысцю. У цяперашніх умовах каранавіруса шэраг мерапрыемстваў па краіне адбыліся анлайн, іншыя ж вымагалі сацыяльнага дыстанцавання.


Фота - Аліса Гюнгер

А мы з нагоды свята ўсёй сям’ёй вырашылі прыгатаваць дома самаробныя ледзяшы-карамелькі, нешта накшталт пеўнікаў на палачцы, і пачаставаць імі хлопчыкаў і дзяўчынак з нашага двара. Калі мае сын з дачкой вынеслі арыгінальныя прысмакі на вуліцу, дзятва хутка зляцелася быццам зграйка галубоў, якіх час ад часу гэтыя гарэзы падкормліваюць. Але, каб атрымаць цукерку, кожнаму прыйшлося адказаць на адно пытанне.

Гучала яно так: ад чаго трэба абараняць дзяцей?

І вось што мы пачулі ў адказ.

— Ад каранавіруса, — не доўга думала 9‑гадовая Яся.

— Ад боек, — заявіў яе малодшы брат Дамір.

— Ад холаду, — аблізваючы марожанае, задуменна сказала равесніца Ясі, Арына.

— І голаду, — дадала Алена, старэйшая на год.

— Дзяцей трэба абараняць ад пажару! — з разумным выглядам выказала меркаванне 8‑гадовая Злата. — Бо не ўсе дзеці ведаюць, што запалкі — гэта не цацка.

— Ад розных сітуацый, — выказаўся яе сябар Жэня, якому нядаўна споўнілася 9. А потым з сур’ёзным выглядам дастаў смартфон і патэлефанаваў маме: «Ад чаго трэба абараняць дзяцей? Ды ўсё ў парадку ў мяне, ты не хвалюйся… Ты проста адкажы на пытанне, мне трэба…». — «Каб дзяцей не крыўдзілі», — пачула я жаночы голас.

Фота - Аліса Гюнгер

— Ад хвароб! — упэўнена 7‑гадовая Саша.

— Ад патэльні, якая лётае! — праязджаючы на сваім трукавым самакаце, мімаходзь пажартаваў пяцікласнік Кірыл. (Але хто яго ведае… У кожным жарце, як той казаў, ёсць толькі частка жарту.)

— Ад дарожна-транспартных здарэнняў — адказала Мілана. Яна закончыла школу з выдатнымі адзнакамі ды перайшла ў чацвёрты клас.

— Ад незнаёмых людзей, бо яны могуць цябе забраць! — выказаўся 6‑гадовы Кірыл.

— Ад дрэнных людзей, — дадала будучая першакласніца Каця.

— Ад самога сябе і ад празмернай колькасці ўрокаў, — ціха вымавіў Ігнат. Ён перайшоў ужо ў сёмы клас. І па адказе відаць, што ўжо задумваўся над праблемай уласнай адказнасці за свае ўчынкі.

— Ад незнаёмцаў, ад магчымасці згубіцца і ад баўлення часу на закінутай будоўлі, — сказала яго 7‑гадовая сястра Ульяна.

3‑гадовая Кіра доўга думала, ад каго ж яе трэба абараняць? Потым падышла да мамы, з якой прыйшла на інтэрв’ю, і сказала: «Абдымі мяне, мамачка». Ну, тут усё зразумела: з мамай жа нічога не страшна…

Распрацавана master1305 / Freepik

А 4‑гадовы Яніс выпаліў адказ з ходу: абараняць дзяцей трэба ад белых акул. І ад сініх кольчатых васьміногаў, якія ўпырскваюць яд.

Надзейцы ўжо 14. І вось яе думкі ўслых: не павінна быць хатняга гвалту — з насіллем і знявагамі. А старэйшай сястры Марыі — 18. Дык тая сказала, што хацела б адчуваць сябе абароненай ад дрэнных кампаній.

Цікава? Так, бясспрэчна. Калі я слухала адказы дваровай «каманды», мне падумалася пра тое, як важна нам, усім людзям памятаць: кожнае дзіця мае права на шчаслівае і радаснае дзяцінства. І ў нашых абавязках — зрабіць усё магчымае, каб хлопчыкі і дзяўчынкі раслі ў атмасферы любові, бяспекі, дабрабыту, творчай свабоды, каб іх вольны час быў насычаны вясёлымі гульнямі.

І яшчэ адзін момант. Калі мы разыходзіліся, я заўважыла жанчыну паважанага ўзросту, якая сядзела непадалёк на лавачцы. Яна ўважліва і добразычліва глядзела на мяне, на дзяцей. І быццам хацела нешта сказаць. Было відаць, жанчына ведала, пра што вялася наша размова. Я затрымалася каля яе. І пачула тое, што часта гавораць ветэраны Вялікай Айчыннай: «Толькі б не было вайны…» А яна дадала: «Якое шчасце, што дзеці яе не ведаюць, як ведалі мы…»

Аліса Гюнгер

БЕЛТА

“А ці ёсць будучыня ў нашых дзяцей?” — так называецца даследаванне, праведзенае камісіяй міжнародных экспертаў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя і ЮНІСЭФ (United Nations International Children 's Emergency Fund). А летась спецыялісты параўналі ўмовы жыцця ў розных краінах свету. У глабальным рэйтынгу Беларусь апынулася наперадзе ўсіх астатніх краін СНД і абагнала сваіх суседзяў.

Фота - Аліса Гюнгер

 

Дыялог пакаленняў

Каля цэнтральных уваходаў у сталічныя паркі Мінска ў ноч з 31 мая на 1 чэрвеня з’явіліся вялізныя смайлы, намаляваныя мелам. Такім незвычайным спосабам беларускія мастакі вырашылі прыцягнуць увагу да інфармацыйнай кампаніі «Проста дзеці», якая рэалізуецца ЮНІСЭФ у Беларусі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».