Вы тут

Гран-пры Social Weekend атрымаў праект, які злучае сем’і


У Мінску фінішаваў 15-ы сезон рэспубліканскага конкурсу Social Weekend. Нагадаем, з 476 праектаў-удзельнікаў у фінал трапілі ўсяго 17. Самыя цікавыя і перспектыўныя з іх, па меркаванні журы, атрымалі ад кампаній і мецэнатаў фінансавую падтрымку агульным памерам больш за 100 тысяч рублёў.


Гран-пры быў прысуджаны барысаўскаму праекту «Тата побач. Мама, давай пагаворым». Яго ініцыятары аб’ядноўваюць дзве прынцыпова розныя прасторы: адкрытую — бібліятэку, і закрытую — папраўчую калонію, каб зладзіць спатканне родных людзей у сем’ях, дзе адзін з бацькоў адбывае пакаранне, праз відэаканферэнцыю, чытанне казак і размову пра самыя галоўныя рэчы ў жыцці. 

10 тысяч рублёў атрымалі стваральнікі «Аўтобуса дабрыні» — мабільнага пункта харчавання і тэрміновай сацыяльнай дапамогі бяздомным і маламаёмасным людзям. Столькі ж выдаткавана на развіццё праекту REKOLOS — вытворчасць экалагічна бяспечнага посуду з вотруб’я, і арганізацыю Першага Міжнароднага харавога конкурсу імя В.Роўды — яго плануюць правесці ў Мінску ў красавіку 2021 года.

Сумарна больш як 15 тысяч рублёў атрымаў ад некалькіх мецэнатаў праект DRONNY — школа праграмавання ў Магілёве, дзе школьнікі змогуць вывучаць запатрабаваныя прафесіі будучыні (праграмаванне, 3D-мадэляванне, кіраванне дронамі).

5 тысяч рублёў змогуць скарыстаць распрацоўнікі праектаў «Купальскі бераг» (стварэнне ў Мінску тэматычнай набярэжнай — інклюзіўнай прасторы для працы, творчасці і адпачынку) і Kreva Create (майстэрня і фестываль у аграгарадку Крэва на Смаргоншчыне, запланаваныя на жнівень бягучага года). Таксама грашовую падтрымку (4 тысячы рублёў) атрымала «Сабакакавярня DogHunt», дзе знойдуць свой новы дом і добрыя рукі дагледжаныя валанцёрамі бяздомныя сабакі, і праект «Дахі для Мураванкі» (1 тысяча рублёў) — захаванне для далейшай рэстаўрацыі рэшткаў знакамітага гаспадарчага двара Храптовічаў у аграгарадку Шчорсы Навагрудскага раёна.

У народным галасаванні перамог «Беларускі скарб» — ідэя актывістаў з Віцебска па стварэнні мабільнага батлеечнага тэатра, які знаёміў бы дашкольнікаў з гісторыка-культурнай спадчынай Беларусі. Яшчэ шэраг праектаў атрымае кансультацыйную і інфармацыйную падтрымку ад спецыялістаў.

Вікторыя ЗАХАРАВА

Фота socialweekend.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?