Вы тут

Што рабіць з безнагляднымі жывёламі?


Праблема безнаглядных жывёл патрабуе новых рашэнняў, у тым лiку — павышэння адказнасцi грамадзян за лёс сваiх гадаванцаў

Пасля праходжання юрыдычнай экспертызы на разгляд урада паступiць праект пастановы Савета Мiнiстраў «Аб пытаннях па абыходжаннi з жывёламi». Дакумент заклiканы ўдасканалiць прававое рэгуляванне адносiн у галiне абыходжання з хатнiмi сабакамi i кошкамi, а таксама адлову безнаглядных жывёл. Ён заменiць дзеючыя правiлы, зацверджаныя яшчэ ў 2001 годзе.

Вясной праект пастановы выносiўся на грамадскае абмеркаванне i атрымаў шмат заўваг ад грамадскасцi i дзяржорганаў. Некаторыя з прапаноў абмеркавалi ўдзельнiкi круглага стала, на якiм пабывала i карэспандэнт «Звязды».


Адказнасць — найлепшая ахова

Спецыялiст па прававой рабоце грамадскага аб'яднання «Анiма» Павел ШАНТАЛIНСКI нагадаў, як на заканадаўчым узроўнi замацаваны пытаннi абароны жывёл. Так, у Грамадзянскiм кодэксе прапiсана, што трэба рабiць, калi знайшоў безнаглядную жывёлу. За жорсткае абыходжанне з жывёламi прадугледжана адмiнiстрацыйная i нават крымiнальная адказнасць. Караецца i парушэнне Правiл утрымання хатнiх сабак, кошак, а таксама адлову безнаглядных жывёл у населеных пунктах.

Але, як адзначылi ўдзельнiкi круглага стала, не ўсе вiнаватыя прыцягваюцца да адказнасцi. Гэта датычыцца як жорсткага абыходжання з жывёламi, так i пападання iх на вулiцу.

— Паводле даследавання Луiзы Тэскер «Практыка кантролю безнаглядных жывёл у Еўропе» (частка даных атрымана падчас анкетавання зоаабарончых арганiзацый. — Аўт.), у Беларусi з кошак, якiя сустракаюцца на вулiцах, 60 % маюць гаспадара, але знаходзяцца на самавыгуле, 20 % — гэта выкiнутыя жывёлы, ад якiх адмовiлiся ўладальнiкi, 10 % згубiлiся i ўсяго 10 % — гэта патомства безнаглядных жывёл, — прывёў звесткi Павел Шанталiнскi.

Дырэктар установы «Цэнтр па абароне жывёл «Анiмалекс» Настасся ЖАЎРЫД не згодная з такiм становiшчам:

— Наш цэнтр зыходзiць з прынцыпаў адказнага валодання — гэта значыць, уладальнiк павiнен цалкам адказваць за сваю жывёлу, каб яна абслугоўвалася ў ветэрынара, выхоўвалася. Я не лiчу гуманным выпускаць апрыёры хатнюю жывёлу на вулiцу, аддаючы яе на самастойнае жыццё без нагляду ўладальнiка.

Кiраўнiк ГА «Анiма» Аксана КIРЫЛЮК падкрэслiла, што горад вельмi агрэсiўны ў адносiнах да жывёл — гэта i аўтамабiлi, i адсутнасць нармальнага харчавання, i маразы зiмой. Таму пакiдаць iх у такiм асяроддзi няправiльна.

Так прапануюць рабiць прыхiльнiкi праграмы «Адлоў—стэрылiзацыя—вакцынацыя—вяртанне» (АСВВ) для кантролю колькасцi безнаглядных жывёл. Яна прадугледжвае, што злоўленую жывёлу пасля медыцынскiх працэдур адпускаюць зноў на вулiцу.

Па словах Аксаны Кiрылюк, многiя краiны, якiя прымянялi АСВВ для сабак, а гэта Расiя, Румынiя, Балгарыя, Грэцыя, вымушаны былi адмовiцца ад такой практыкi, таму што не змаглi стрымлiваць рост колькасцi жывёл. Гэта таксама выклiкала напады жывёл на людзей, перанос захворванняў, а таксама актывiзацыю кэтхантарскага i догхантарскага руху, калi катоў i сабак пачынаюць знiшчаць незадаволеныя грамадзяне.

Начальнiк упраўлення жыллёвай гаспадаркi Мiнiстэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркi Андрэй РАМАШКА запэўнiў прысутных, што ў праекце пастановы Саўмiна ўкаранення метаду АСВВ няма, хоць у пачатку работы пытанне актыўна прапагандавалася для прыняцця як нарматыўнае прававое рашэнне.

— Мы вернемся да гэтага абмеркавання, калi будзе разглядацца праект закона, якi павiнен будзе вызначыць асноўныя падыходы ў гэтай сферы, — адзначыў прадстаўнiк Мiнжылкамгаса.

Ад агрэсii да хвароб

Закранулi падчас круглага стала i праблемы, якiя могуць выклiкаць вакцынацыя i стэрылiзацыя па праграме АСВВ.

Па словах дырэктара ўстановы «Цэнтр аматараў жывёл Lavbril», кандыдата бiялагiчных навук Святланы БРЫЛЕЎСКАЙ, шмат работ, назiраннi i кiналагiчная практыка не пацвярджаюць таго, што пасля стэрылiзацыi сабака становiцца менш агрэсiўны.

Так, згодна з вынiкамi двух даследаванняў у ЗША, дзе назiралася агульнай колькасцю амаль 16 000 сабак, стэрылiзаваныя цi кастрыраваныя сабакi больш агрэсiўныя ў сярэднiм на 20 % i да ўзроўню агрэсii, большага ў два разы), баязлiвыя (на 31 %), узбуджальныя i горш навучаюцца, чым нестэрылiзаваныя.

Шмат жывёл, якiя жывуць на вулiцах, гiне ад розных захворванняў. I каб вакцынацыя дапамагла вырашыць гэтую праблему, яе трэба праводзiць правiльна.

Як расказаў ветэрынарны ўрач клiнiкi «САС энiмал» Аляксей САС, для выпрацоўкi iмунiтэту неабходны нармальны стан здароўя, каб у арганiзма для гэтага была энергiя. Акрамя таго, каб кошка цi сабака (i хатнiя, i безнаглядныя) змаглi выжыць падчас цi пасля стэрылiзацыi i вакцынацыi, яны павiнны прайсцi даволi доўгi шлях падрыхтоўкi i рэабiлiтацыi. Так, перад аперацыяй трэба правесцi даследаванне сэрца, аналiз крывi, а пасля сачыць за цiскам у жывёлы, як яна выходзiць з-пад наркозу, цi ўзнiкаюць у яе ўскладненнi. Праз 10-14 дзён пасля стэрылiзацыi можна праводзiць вакцынацыю. Атрымлiваецца, што каля месяца за сабакам цi кошкай павiнен быць догляд з боку чалавека.

Хатнiя драпежнiкi

— У Беларусi ўжо не водзiцца дзiкi лясны кот, i ў пэўнай меры хатнiя каты з пункту гледжання небяспекi для птушак i iншай невялiкай жыўнасцi — яго замена, — расказаў дырэктар грамадскай арганiзацыi «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Аляксандр ВIНЧЭЎСКI. — Але калi дзiкiя драпежнiкi, як толькi колькасць iх патэнцыйных ахвяр знiжаецца, гiнуць ад голаду цi па iншых прычынах, то хатнiя жывёлы будуць знiшчаць столькi, колькi iм дазволена, — яны заўсёды могуць быць падкормлены сваiмi гаспадарамi.

Так, паводле даследаванняў, якiя прайшлi ў Бельгii, Францыi, Нiдэрландах i Польшчы, колькасць дзiкiх жывёл, якiх забiваюць каты (дробных млекакормячых i птушак), налiчвае дзясяткi, калi не сотнi мiльёнаў асобiн у год. У Францыi птушкi, забiтыя катамi, — на другiм месцы па колькасцi пасля смерцi ад палявання i браканьерства.

— У Польшчы хатнiя кошкi — галоўная антрапагенная прычына смяротнасцi дзiкiх звяроў ды птушак дробных i сярэднiх памераў, — адзначыў Аляксандр Вiнчэўскi. — I гэта ў асноўным кошкi, якiх гаспадары выпускаюць пагуляць. Штогод гiне каля 135 мiльёнаў дзiкiх птушак i 580 мiльёнаў дробных звяроў. Гэта вельмi моцны ўплыў на натуральныя экасiстэмы з боку драпежнiкаў, якiх мы штучна падтрымлiваем i не даём iх колькасцi знiзiцца. Таму пазiцыя нашай арганiзацыi — бадзяжных свойскiх жывёл быць не павiнна. Яны павiны цi гуляць з гаспадаром, цi сядзець дома.

Адстрэл забараняецца!

Дзякуючы зменам, што былi ўнесены ў праект пастановы па пытаннях аб абыходжаннi з жывёламi, плануецца зняць абмежаванне колькасцi жывёл, што могуць утрымлiвацца ў кватэры. Адной з галоўных змен Андрэй Рамашка лiчыць таксама забарону на адстрэл безнаглядных жывёл. З прыняццем дакумента iх можна будзе толькi адлоўлiваць. Сабак потым павiнны перадаць новым уладальнiкам цi праз месяц пасля ўтрымання ўсыпiць.

Але што рабiць з кошкамi, пакуль дакладна не вызначылiся. Мiнжылкамгас лiчыць, што выдаткоўваць на iх адлоў бюджэтныя сродкi не варта. Намеснiк дырэктара Дэпартамента ветэрынарнага i харчовага нагляду Мiнiстэрства сельскай гаспадаркi i харчавання Iгар ДАРАФЕЙЧЫК выказаў пазiцыю свайго ведамства: паколькi кошкi з'яўляюцца пераносчыкамi агульных захворванняў для чалавека, iх адлоў павiнен застацца ў пастанове. Канчатковае рашэнне адносна спрэчнага пытання будзе прымаць Савет Мiнiстраў.

Веранiка КОЛАСАВА

Фота Юрыя ГОРЫДА

Загаловак у газеце: Чатыры лапы i сумленне

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».