Вы тут

Чаму трэба праводзiць цеплавую мадэрнiзацыю?


У распараджэннi, падпiсаным на мiнулым тыднi кiраўнiком дзяржавы, ёсць пункт, якi датычыцца капрамонту жыллёвага фонду. У iм сказана: «Праводзiць капiтальны рамонт ва ўстаноўлены тэрмiн». Адным з важных момантаў, якiя вызначаюць якасць i аператыўнасць рамонту, з'яўляецца цеплавая мадэрнiзацыя, не абавязковая пакуль для ўсiх дамоў, якiя рамантуюцца, але асаблiва актуальная для «немаладога» жыллёвага фонду.

Летась у Беларусi прынялi яшчэ адзiн дакумент — Указ Прэзiдэнта № 327 «Аб павышэннi энергаэфектыўнасцi». Згодна з iм, бела-русам прапаноўваюць растэрмiноўкi на правядзенне цеплавой мадэрнiзацыi шматкватэрных дамоў. Выканаўчы дырэктар Мiжнароднай асацыяцыi менеджменту нерухомасцi (МАМН) Генадзь КАЛЁНАЎ расказвае, чаму трэба скарыстацца такой магчымасцю i як гэты працэс арганiзаваны ў iншых краiнах свету.


Тры ў адным

Па iнфармацыi МАМН, жыллёвы фонд Беларусi, якi быў пабудаваны да 1995 года, пераважна складаецца са шматкватэрных дамоў — амаль 52 %. А больш чым у 56 % усiх жылых дамоў краiны спажыванне энергii вышэйшае за ўстаноўленую норму ў 90 кВт*г/кв. м.

— I гэта вельмi многа, нават нягледзячы на тое, што лiчба значна нiжэйшая, чым у iншых краiнах СНД. Яе ўдалося дасягнуць за кошт таго, што з 2013 года ў нашай краiне будуюцца дамы не нiжэй класа В па энергаэфектыўнасцi, — адзначае Генадзь Калёнаў. — Таму ў цеплавой мадэрнiзацыi сёння зацiкаўлены не толькi ўласнiкi жылля, якiя могуць атрымаць больш камфортныя ўмовы за меншыя грошы, але i дзяржава, якая субсiдзiруе кошт цеплавой энергii для жыллёвага фонду.

На погляд спецыялiста, iнжынерныя сеткi, якiя былi пабудаваны ў мiнулым стагоддзi, i тэхналогii ЖКГ у цеплавой энергетыцы маральна ўстарэлi, а пераход да «зялёнай» эканомiкi i лiчбавiзацыя ЖКГ патрабуюць новых падыходаў, якiя значна адрознiваюцца ад прынятых у першыя дзесяць гадоў незалежнасцi Беларусi.

— Цеплавую мадэрнiзацыю зусiм не абавязкова праводзiць падчас капiтальнага рамонту, але з эканамiчнага пункту гледжання гэта мэтазгодна. Фактычна iснуе тры вiды будаўнiчых работ, якiя фiнансуюцца з розных крынiц. Гэта капiтальны рамонт агульнай маёмасцi шматкватэрнага жылога дома за кошт адлiчэнняў грамадзян i мясцовага бюджэту, капiтальны рамонт дваровай тэрыторыi за кошт мясцовага бюджэту i мадэрнiзацыя дома за кошт незваротных сродкаў з розных крынiц i растэрмiноўкi 50 % кошту працэдуры для грамадзян на 10–15 гадоў, — тлумачыць Генадзь Генадзевiч. — I калi сумясцiць названыя вiды работ, пры гэтым праводзiць iх для групы дамоў, якiя знаходзяцца на адной тэрыторыi, то можна атрымаць эканомiю сродкаў, выйграць час i спраектаваць зручнае для жыцця гарадское асяроддзе. Менавiта так робяць у краiнах Еўрасаюза, i называецца гэта квартальнай рэканструкцыяй тэрыторыi i груп дамоў. Лепш жа перажыць будаўнiчыя работы аднойчы, чым тройчы, праўда?

А як у iх?

Што ж датычыцца гарадскога асяроддзя большасцi краiн ЕС, то яно значна адрознiваецца ад беларускай мадэлi. Аснову складаюць шматкватэрныя жылыя дамы, у якiх толькi адзiн уласнiк — мунiцыпальная цi прыватная жыллёвая кампанiя, спажывецкi кааператыў, асацыяцыя, банк цi хтосьцi iншы.

— Гэта арэндныя i кааператыўныя дамы, у якiх асобныя кватэры не маюць асобных уласнiкаў. Напрыклад, у тым жа Берлiне такiя дамы складаюць 85 % жыллёвага фонду, таму ўласнiкi такiх дамоў праводзяць цеплавую мадэрнiзацыю за свой кошт, калi гэта неабходна. I робяць гэта дзеля таго, каб дамы не страчвалi спажывецкiх якасцяў, а арандатары i пайшчыкi менш плацiлi за энергiю — iнакш рэзка панiзяцца кошт арэнды i даход. Прыкладна такую ж схему выкарыстоўваюць i ў Беларусi, дзе ўласнiкам з'яўляецца мясцовая ўлада, — кажа Генадзь Калёнаў. — Што ж датычыцца сумесных домаўладанняў, дзе ўласнiк калектыўны, то для правядзення iх цеплавой мадэрнiзацыi неабходна рашэнне агульнага сходу ўласнiкаў. У розных краiнах яго прымаюць па-рознаму — дзесьцi патрабуецца большасць галасоў, дзесьцi больш за 2/3. Пры гэтым тыя ўласнiкi, якiя галасавалi супраць мадэрнiзацыi, усё роўна павiнны плацiць, iнакш яны могуць страцiць свае кватэры з-за нявыплаты.

У сваю чаргу, дзяржава таксама ўдзельнiчае ў гэтым працэсе ў Еўропе — на заканадаўчым узроўнi яна стымулюе грамадзян праводзiць мадэрнiзацыю i нiяк не ўмешваецца ў прыняцце рашэнняў. Дзяржава не фiнансуе рамонт прыватнага жыллёвага фонду, але садзейнiчае стварэнню праграм i дзейнасцi розных крынiц i банкаў для энергаэфектыўнай санацыi жылля.

— Прынцып праграм мадэрнiзацыi ва ўсiх краiнах аднолькавы — чым вышэйшы клас энергаэфектыўнасцi дома пасля мадэрнiзацыi, тым больш уласнiкам кампенсуюць сродкаў з праграмы мадэрнiзацыi. Аднак асноўную частку расходаў уласнiкi павiнны несцi самастойна, i трацiць зберажэннi цi браць крэдыт, вырашаюць таксама яны, — адзначае эксперт.

Толькi прыйсцi на сход

Своеасаблiвым прарывам у сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркi Беларусi сталi Указ Прэзiдэнта № 327 i пастанова Саўмiна № 839 ад 5 снежня 2019 года «Аб рэалiзацыi Указа Прэзiдэнта № 327 ад 4 верасня 2019 года».

— Iх унiкальнасць у тым, што ўласнiкам амаль нiчога не патрэбна рабiць — iм толькi трэба прыйсцi на сход, прыняць рашэнне за правядзенне мадэрнiзацыi i выбраць адзiн з двух варыянтаў мадэрнiзацыi, якiя прапаноўваюць. Далей жа за iх усё зробiць заказчык, якога вызначае мясцовая ўлада. Больш за тое, iм не трэба думаць, дзе ўзяць 50 % кошту мадэрнiзацыi, — для гэтага прадугледжана растэрмiноўка ў беларусiкх рублях на 10 альбо 15 гадоў, а ў залежнасцi ад даходаў суму роўнымi часткамi будуць уключаць у паведамленнi за жыллёва-камунальныя паслугi. Што ж датычыцца астатнiх 50 %, то iх пагасяць з iншых крынiц, пра што ўласнiкам таксама не трэба думаць, — тлумачыць Генадзь Калёнаў. — I галоўнае адрозненне ад практык тых жа Украiны, Латвii, Эстонii i iншых — для правядзення мадэрнiзацыi ўласнiкам не трэба ствараць юрыдычную асобу накшталт таварыства ўласнiкаў, падпiсваць грантавыя пагадненнi i iншыя фiнансавыя дакументы. Аднак гэта не значыць, што ўсе жыхары, якiя маюць патрэбу ў мадэрнiзацыi будынка i пажадаюць паўдзельнiчаць у гэтай праграме па 327-м указе, такую магчымасць атрымаюць. На жаль, не. Такiх значных сродкаў зараз няма. I прынцып просты — хто ў першых радах, хто самы актыўны, той i выйграе.

Дарэчы, як адзначае эксперт, такiх практык, як у Беларусi, нiдзе больш не iснуе. У развiтых краiнах свету, у тым лiку i ў ЕС, дзейнiчае прынцып «уласнасць абавязвае»:

— Калi там чалавек набывае ўласнасць, ён загадзя павiнен планаваць свае магчымасцi па яе ўтрыманнi. Дзяржава павiнна дапамагаць, але толькi ў асобых выпадках, звязаных з грамадскай бяспекай. Яна не павiнна гэта рабiць, таму што канстытуцыйнае права на жыллё не азначае набыццё ва ўласнасць. Ёсць iншыя магчымасцi, у тым лiку i арэнда.

Валерыя КIСЛАЯ

Фота gkx.by

Загаловак у газеце: Хто першы, той i выйграе

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.