Вы тут

Таямніцы і адкрыцці. Цікавыя навіны з вобласці навукі


Ад пачатку свету

Дыназаўр з «крыламi» для бегу

Новы вiд дыназаўра з пярэднiмi канечнасцямi, падобнымi на крылы, але прызначанымi для бегу, апiсалi аргенцiнскiя палеантолагi. Пра гэта паведамiў партал навiн Infobae.

Новы вiд дыназаўра атрымаў назву аверараптар, яго парэшткi былi знойдзеныя яшчэ ў 2013 годзе ў заходняй частцы правiнцыi Рыа-Негра, але тады навукоўцы не змаглi класiфiкаваць яго. У 2018 годзе новая экспедыцыя пад кiраўнiцтвам палеантолага Мацiяса Мота змагла раскапаць новыя акамянеласцi, якiя дапоўнiлi раней выяўленыя. На падставе аналiзу гэтых дзвюх знаходак навукоўцы зразумелi, што перад iмi раней невядомы вiд дыназаўра.

У аверараптара былi доўгiя i вострыя кiпцюры, як i ў раней вядомых велацiраптараў (двухногiх дыназаўраў), але адметнай рысай новага вiду з'яўляюцца падоўжаныя верхнiя лапы з трывалымi элементамi, вельмi падобныя на крылы сучасных птушак, адзначыў Мота. Пры гэтым даследчык заўважыў, што прадстаўнiкi гэтага вiду не ўмелi лётаць, а падобныя на крылы канечнасцi выкарыстоўвалiся пры бегу.

Аверараптар быў драпежнiкам i дасягаў паўтара метра ў даўжыню, мог хутка бегаць, каб злавiць сваiх ахвяр, а таксама выкарыстоўваў лапы з крыламi для ўтрымання раўнавагi i хуткай змены напрамку руху.

Устаноўлена, што аверараптары насялялi тэрыторыю сучаснай Аргенцiны каля 90 мiльёнаў гадоў таму. На думку навукоўцаў, адкрыццё новага вiду дапаможа лепш зразумець, як адбывалася эвалюцыя дыназаўраў.


Да чаго дайшоў прагрэс

Не жадаеце сябра — робата-сабаку?

Робат Spot, якога часта называюць робатам-сабакам, ад амерыканскай кампанii Boston Dynamics паступiў у прамы продаж. Пра гэта паведамляецца на сайце вытворцы. Яго можа набыць любая кампанiя ў ЗША, аднак клiентам з iншых краiн прапануецца толькi даведацца пра кошт i ўмовы арэнды.

Кошт чацвераногай прылады складае 74,5 тысячы долараў. Вытворцы адзначаюць, што Spot створаны для кампанiй, якiя хацелi б даведацца, якiм чынам мабiльныя робаты могуць быць прыстасаваныя да вырашэння розных задач, пачынаючы ад прамысловага кантролю i заканчваючы iндустрыяй забаў.

Таксама кампанiя выклала на сваiм Youtube-канале рэкламны ролiк, у якiм паказаны ўменнi робата. На кадрах вiдаць, як Spot ходзiць, падымаецца па лесвiцы, адцiскаецца нароўнi з чалавекам, узбiраецца на ўзвышшы, куляецца i спрабуе адкрыць дзверы. Таксама паказана, як некалькi робасабак гуляюць у футбол, перамяшчаюць чалавека на драўлянай дошцы i цягнуць вялiкагрузны аўтамабiль за прывязаны трос. Акрамя гэтага, робаты могуць запiсваць вiдэа i рабiць агляд мясцовасцi. Spot прапануюць выкарыстоўваць у тым лiку для аўтаматычнага збору даных, перавозкi грузаў i iншых задач. Дадаткова Boston Dynamics прапануе купiць запасны акумулятар, а таксама падпiску на гадавое прэмiум-абслугоўванне за 15 тысяч долараў.


Гаючая сiла прыроды

Шклянка за здароўе да донца

Навукоўцы ў Германii даказалi карысць ужывання адной шклянкi вады нашча для метабалiзму, стану скуры i валасоў. Пра гэта паведамляе партал Planet Today.

У ходзе даследавання на базе аднаго з унiверсiтэтаў спецыялiсты назiралi за добраахвотнiкамi, якiя павiнны былi штодня выпiваць шклянку чыстай бутыляванай вады на пусты страўнiк. Такiм чынам навукоўцы мелi намер даказаць тэорыю пра тое, што ўжыванне вады нашча аказвае спрыяльнае ўздзеянне на арганiзм чалавека.

Удзельнiкi эксперыменту заўважылi паляпшэннi ў абмене рэчываў. Акрамя таго, у добраахвотнiкаў знiклi скурныя пачырваненнi i разнастайныя высыпаннi. У прыватнасцi, у паддоследных скура стала больш гладкая, палепшыўся тон твару, а валасы сталi жывейшыя.

Навукоўцы ўстанавiлi, што ў добраахвотнiкаў на 20 працэнтаў паскорыўся метабалiзм. Гэта кажа пра тое, што халодная вада нашча можа стаць добрай прафiлактыкай атлусцення. Праведзеныя даследаваннi дазваляюць спецыялiстам сцвярджаць, што ўжыванне шклянкi вады па ранiцах нашча — гэта просты i дзейсны спосаб палепшыць стан свайго арганiзма.


Тэхналогii пад вадой

Дайверам — замест мовы жэстаў

Падводны Wi-Fi прайшоў першыя паспяховыя выпрабаваннi. Эксперты лiчаць, што новая сiстэма бесправаднога iнтэрнэту, якая адсылае сiгналы праз прамянi святла, можа справакаваць рэвалюцыю ў сферы камунiкацыi. Новую тэхналогiю назвалi Aqua-Fi. Яна была распрацавана для таго, каб дайверы маглi перадаваць вiдэа i даныя на паверхню або стасункавацца пад вадой не толькi жэстамi рук. Пра гэта пiша Newsweek.

Падчас выпрабаванняў прататып падводнай сеткi паказаў здольнасць адпраўляць паведамленнi з дапамогай LED i лазераў. Тэхналогiю распрацавалi навукоўцы з Унiверсiтэта навук i тэхналогiй караля Абдулы ў Саудаўскай Аравii. У вынiках сваiх даследаванняў, апублiкаваных у IEEE Communications, яны апiсалi, як аптычная сетка можа забяспечваць iнтэрнэт-злучэнне пад вадой.

«Гэта першы выпадак, калi нехта выкарыстаў iнтэрнэт пад вадой з дапамогай цалкам бесправаднога злучэння», — сказаў аўтар даследавання прафесар Басем Шыхара. «Людзi з навуковых колаў i прамысловасцi хочуць манiторыць i даследаваць падводнае асяроддзе падрабязна», — растлумачыў ён. Aqua-Fi выкарыстоўвае радыёхвалi, каб адпраўляць даныя са смартфона дайвера на камп'ютар Raspberry Pi, прымацаваны да абсталявання на яго спiне. У сваю чаргу, камп'ютар адпраўляе фота, вiдэа i даныя з дапамогай праменя святла ў камп'ютар на паверхнi, злучаны з iнтэрнэтам праз спадарожнiк. Гэта падобна на тое, як Wi-Fi-бустар пашырае пакрыццё дамашняга роўтара.

Акрамя святла, падводнае злучэнне магчыма з дапамогай радыёхваляў i акустычных сiгналаў. Але ў кожнага спосабу ёсць абмежаваннi. Напрыклад, радыёхваля можа перасылаць даныя на кароткiя адлегласцi. Акустычныя ж сiгналы здольныя забяспечыць сувязь на большай глыбiнi, але з вельмi нiзкай хуткасцю. У сваю чаргу, бачнае святло здольнае дастаўляць вялiкую колькасць даных з вялiкай глыбiнi, аднак патрабуе захавання прамой бачнасцi памiж перадатчыкам i прыёмнiкам. Навукоўцы кажуць, што новы метад Aqua-Fi спалучае ў сабе радыё i светлавыя сiгналы. Падчас выпрабаванняў яны загружалi на прыладу пад вадой i на паверхнi мультымедыйныя файлы. Перадача ажыццяўлялася памiж двума камп'ютарамi, размешчанымi за некалькi метраў адзiн ад аднаго ў спакойнай вадзе. Максiмальная хуткасць перадачы падчас выпрабаванняў дасягнула 2,11 мегабiта за секунду.


Далёкiя сусветы

Дзе вы, дзецi iншых галактык?

Навукоўцы падлiчылi, што ў нашай галактыцы можа быць 36 пазаземных цывiлiзацый. Разлiкi навукоўцаў улiчвалi характар хiмiчнай эвалюцыi Сусвету i тыповую хуткасць развiцця ўсё больш складаных формаў жыцця. На жаль, пры цяперашнiм развiццi тэхналогiй засекчы iх практычна немагчыма. Пра гэта гаворыцца ў рабоце навукоўцаў, апублiкаванай Astrophysical Journal.

«Наша iдэя заключалася ў тым, каб выкарыстоўваць прынцыпы тэорыi эвалюцыi ў касмiчных маштабах. Мы назвалi вынiкi нашых разлiкаў «астрабiялагiчнай мяжой Капернiка». У адпаведнасцi з iмi ў нашай галактыцы павiнна iснаваць як мiнiмум некалькi тузiнаў цывiлiзацый, калi развiццё кожнай з iх займае каля пяцi мiльярдаў гадоў», — расказаў адзiн з аўтараў работы, прафесар Нотынгемскага ўнiверсiтэта (Вялiкабрытанiя) Крыстафер Канселiс.

Раней навукоўцы меркавалi, што адсутнасць пазаземных цывiлiзацый можа тлумачыцца ўнiкальнымi ўмовамi для фармiравання разумнага жыцця, якiя склалiся на Зямлi. Гэтая гiпотэза здаецца навукоўцам малаверагоднай пасля адкрыцця мноства землепадобных планет каля найблiжэйшых да нас зорак. Згодна з новым даследаваннем, усяго ў Млечным Шляху магло iснаваць ад 475 да 928 цывiлiзацый, аднак цяпер, як мяркуюць астраномы, iх колькасць не перавышае трох тузiнаў. Самыя блiзкiя з iх, на думку навукоўцаў, знаходзяцца на адлегласцi некалькiх тысяч светлавых гадоў ад Зямлi.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Фота з адкрытых крынiц

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.