Вы тут

Мiнтранс распрацоўвае Дзяржаўную праграму развiцця аўтамабiльных дарог пад назвай «Дарогi Беларусi»


Падпiсанае Прэзiдэнтам распараджэнне «Аб дадатковых мерах па вырашэннi актуальных пытанняў жыцця-
дзейнасцi насельнiцтва» ахоплiвае розныя сферы: будаўнiцтва, жыллёва-камунальную гаспадарку, транспарт, энергетыку, занятасць i сацыяльнае забеспячэнне, ахову здароўя, адукацыю i iншыя. У тым лiку распараджэнне датычыцца i развiцця дарожнай iнфраструктуры. Якая на сёння сiтуацыя ў гэтай сферы, мы даведалiся ад спецыялiстаў.


Мiнтранс распрацоўвае Дзяржаўную праграму развiцця аўтамабiльных дарог пад назвай «Дарогi Беларусi» на 2021 — 2025 гады. Пра гэта расказаў начальнiк галоўнага ўпраўлення аўтамабiльных дарог Мiнiстэрства транспарту i камунiкацый Аляксандр ГАЛАЎНЁЎ:

— Там будзе новы раздзел, прысвечаны бяспецы дарожнага руху. Назiраючы за дынамiкай ДТЗ, мы прыйшлi да высновы, што арганiзацыйныя меры сябе вычарпалi. Цяпер наша задача — паляпшэнне дарожнай iнфраструктуры для далейшага скарачэння колькасцi загiнулых i параненых. Гэта сусветная тэндэнцыя, нават ёсць мiжнародная праграма Vision Zero, мэта якой — дасягнуць праз 10-15 гадоў нулявога паказчыка загiнулых на дарозе. Мы такi вопыт пераймаем i будзем рухацца ў гэтым кiрунку.

Таксама ўжо прынята рашэнне аб падрыхтоўцы праграмы па ўстаноўцы дарожных агароджаў. «Мiнтранс» сумесна з ДАI на працягу двух-трох тыдняў яе падрыхтуе. На сёння ў нас 700 кiламетраў дарог першай катэгорыi не мае на раздзяляльнай паласе бар'ерных агароджаў. Зрабiць усё хутка, на жаль, не атрымаецца, гэта планамерная работа. Думаю, за некалькi гадоў мы яе выканаем. Да таго ж кошт такой мадэрнiзацыi дастаткова сур'ёзны — прыкладна 140 мiльёнаў рублёў».

На пасяджэннi Камiсii па бяспецы дарожнага руху Мiнтранса сумесна з МУС i iншымi зацiкаўленымi дадзены даручэннi прыняць меры па лiквiдацыi пешаходных пераходаў на адным узроўнi з аўтадарогамi першай катэгорыi i ўстанавiць бар'ерныя агароджы на раздзяляльных палосах, а таксама на iншых дарогах у аварыйна небяспечных месцах пры падзеле транспартных патокаў сустрэчных напрамкаў.

— Пры перабудове дарог на першую катэгорыю мы сутыкнулiся са значным павелiчэннем ДТЗ з жывёламi, — звярнуў увагу Аляксандр Галаўнёў. — Аказалася, што загараджальныя сеткi для вырашэння такой праблемы малаэфектыўныя. Патрабуюцца не толькi яны, але i розныя пераходы для жывёл. Дарэчы, падземныя таксама паказалi недастатковую эфектыўнасць. Як зафiксавалi фотапасткi, iх выкарыстоўваюць толькi дробныя звяры — зайцы, лiсы, а буйныя, капытныя жывёлы пад зямлю не iдуць. Таму тут патрэбныя iншыя пераходы: надземныя, бiяпераходы, як у Еўропе.

Аляксандр Галаўнёў дадаў, што галоўнае, на яго думку, — правiльна вызначыць месца, дзе iх рабiць. «Гэтае пытанне даволi вострае, таму мы вырашылi падключыць навуку. Аб'явiлi тэндар па навуковай распрацоўцы мерапрыемстваў па прадухiленнi выхаду жывёл на праезную частку дарог. Нацыянальная акадэмiя навук гатова з намi працаваць над гэтай тэмай. Спадзяюся, да канца года мы атрымаем першы вынiк, што дазволiць абгрунтавана праводзiць мерапрыемствы, якiя дадуць патрэбны эфект», — падагулiў спiкер.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Прэв’ю: ej.by

Загаловак у газеце: Дарожнай iнфраструктуры — належны ўзровень

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».