Пераважная большасць беларусаў мае доступ да цэнтралiзаванага водазабеспячэння. Аднак толькi прадпрыемствы ЖКГ абслугоўваюць больш за 20 тысяч шахтавых калодзежаў па ўсёй краiне. I гэта калi не ўлiчваць крынiцы, якiя знаходзяцца на прыватных падворках.
Перш за ўсё трэба адзначыць, што ў Беларусi дзейнiчаюць гiгiенiчныя патрабаваннi да крынiц нецэнтралiзаванага пiтнога водазабеспячэння насельнiцтва, якiя зацверджаны пастановай Мiнiстэрства аховы здароўя № 105 ад 2 жнiўня 2010 года. Менавiта гэтым дакументам карыстаюцца камунальнiкi, калi займаюцца абслугоўваннем грамадскiх калодзежаў. Аднак вельмi важна звярнуць увагу на пастанову i ўласнiкам, якiя самастойна абслугоўваюць свае калодзежы.
— У выпадку з прыватнымi калодзежамi адказнасць за iх стан, якасць вады цалкам ляжыць на самiх уласнiках, — адзначае выканаўца абавязкаў начальнiка аддзела водаправодна-каналiзацыйнай гаспадаркi ДА «ЖКГ Мiнскай вобласцi» Юлiя ЧУБРЫК. — I вельмi важна прытрымлiвацца пэўных правiл, бо менавiта ад гэтага залежыць здароўе i нават жыццё.
Дзе капаць i з чаго рабiць
Перад тым як выбраць месца для калодзежа ў сваiм двары, трэба даведацца пра глыбiню грунтавых вод i напрамак iх цячэння, высветліць, як ваш калодзеж будзе ўзаемадзейнiчаць з iншымi крынiцамi на суседнiх участках i з паверхневымi водамi з вадаёма, што можа быць паблiзу. Акрамя таго, трэба абавязкова правесцi абследаванне тэрыторыi, каб выявiць магчымыя крынiцы мiкробнага цi хiмiчнага заражэння вады. Напрыклад, вельмi часта тыя ж камунальнiкi сутыкаюцца з такой праблемай, як вялiкая колькасць нiтратаў у грамадскiх калодзежах, а спрыяюць гэтаму сельскагаспадарчыя ўгоддзi, якiя знаходзяцца побач.
— Акрамя таго, што крынiца не павiнна быць забруджаная, яна павiнна знаходзiцца вышэй чым 50 метраў па цячэннi грунтавых вод ад магчымых фактараў забруджвання вады, — тлумачыць спецыялiст. — Калодзеж не трэба размяшчаць у месцах, дзе прысутнiчае глебавая дэфармацыя, iснуе магчымасць затаплення паводкавымi водамi, у забалочаных месцах цi блiжэй чым за 30 метраў ад магiстраляў з iнтэнсiўным рухам аўтамабiляў.
Вельмi важна ўдзяляць увагу не толькi месцу размяшчэння крынiцы, але i канструктыўным элементам, з якiх складаецца
калодзеж, — зрубу, шахце i водапрыёмнай частцы. Напрыклад, той жа зруб павiнен быць не нiжэйшы за 70 сантыметраў ад зямлi i абавязкова зачыняцца вечкам цi люкам. Шахту калодзежа лепш за ўсё рабiць з бетонных цi жалезабетонных кругоў. Нiхто не забараняе выкарыстоўваць камень, цэглу цi дрэва, аднак вельмi важна, каб гэтыя матэрыялы не мелi трэшчын, не афарбоўвалi ваду i выкладалiся на цэментных растворах, якiя не маюць нiякiх прымесяў. Сцены самой шахты павiнны быць вельмi шчыльныя, каб туды не трапiлi паверхневыя воды, а на дне калодзежа трэба абавязкова абсталяваць адваротны гравiйны фiльтр.
Як пачысцiць?
Што ж датычыцца якасцi вады, то вельмi важна побач з крынiцай не мыць аўтамабiль, не размяшчаць кампост, адходы цi любыя ўгнаеннi — усё гэта трэба рабiць не блiжэй чым за 20 метраў ад вашага калодзежа. Каб якасць вады не пагаршалася, чыстку калодзежа разам з бягучым рамонтам трэба рабiць штогод. Пасля кожнай чысткi цi рамонту неабходна праводзiць абавязковую дэзынфекцыю i прамыўку i толькi пасля аналiзу вады выкарыстоўваць яе для пiцця.
— Самастойна чысцiць калодзеж не варта, бо небяспечна. Гэтым займаюцца спецыялiзаваныя арганiзацыi. Што ж датычыцца прадпрыемстваў ЖКГ, то звычайна яны такiя паслугi не аказваюць i пры абслугоўваннi грамадскiх калодзежаў самi наймаюць падрадныя арганiзацыi для выканання гэтых работ. А вось каб зрабiць аналiз вады, можна выклiкаць спецыялiстаў мясцовай санiтарнай службы цi самастойна прывезцi пробы да iх у лабараторыю, — расказвае спецыялiст. — Для прафiлактыкi калодзеж трэба чысцiць раз на год, напрыклад, тое ж раставанне снегу вельмi псуе ваду. Праводзiць чыстку неабходна i тады, калi вы заўважылi пагаршэнне яе якасцi — убачылi глей, мутнасць цi адчулi непрыемны пах. Здараецца i такое, што ў калодзеж трапляе жывёла. У такiх выпадках таксама вельмi важна праводзiць чыстку. Пры гэтым у час яе правядзення i дэзынфекцыі крынiцы карыстацца калодзежам нельга нi ў якiм разе.
Звычайна для дэзынфекцыi шахтавых калодзежаў спецыялiсты выкарыстоўваюць хлорную вапну i дзвюхтрацiнаасноўную соль гiпахларыту кальцыю (ДТСГК). Пры гэтым яе праводзяць двойчы — да ачысткi калодзежа i пасля. У сваю чаргу, падчас ачысткi калодзеж цалкам вызваляюць ад вады, прыбiраюць пабочныя рэчы i глей, ачышчаюць сценкi ад забруджванняў. Усю гразь i глей, якiя былi ў калодзежы, вывозяць на палiгон цi размяшчаюць у яме, якая знаходзiцца не менш чым за 20 метраў i мае глыбiню як мiнiмум 50 сантыметраў. Пры гэтым вельмi важна залiць змесцiва гэтай ямы 10-працэнтным растворам хлорнай вапны цi 5-працэнтным растворам ДТСГК i толькi потым закрываць зямлёй.
— Калi ж у вадзе застаецца хлор, то яго трэба адпампоўваць да таго часу, пакуль не знiкне рэзкi пах. Калi чыстка праводзiцца для прафiлактыкi, то папярэднюю дэзынфекцыю можна ўвогуле не рабiць, — тлумачыць Юлiя Чубрык. — Калi крынiца была забруджана па мiкрабiялагiчных паказчыках i праблему пасля ачысткi i дэзынфекцыi вырашыць не ўдалося, то ўласнiк павiнен перавесцi калодзеж у рэжым пастаяннага абеззаражвання да паляпшэння якасцi вады, а вось што датычыцца хiмiчнага забруджвання, то тут уласнiк мусiць ужо лiквiдаваць крынiцу.
Валерыя КIСЛАЯ
Кібермахляроў адлоўліваюць цэлымі «пачкамі».
Леанід Дзмітрыевіч стаў сапраўдным класікам беларускага жывапісу.
Вам можа падацца, што тыдзень пачынаецца лёгка і ўдала...
Інтэрв’ю з капітанам каманды «Доктар Хаусс» Паўлам Малахавым.