Вы тут

Судовы эксперт пра рэзанансныя справы i даследаваннi на генным узроўнi


Некалькi гадоў таму Магiлёў ускалыхнула навiна пра жорсткае забойства прадпрымальнiка. Знiклага мужчыну шукалi родныя, мiлiцыя i нават экстрасэнсы. Пры першасным аглядзе дома, дзе ён жыў, нiчога падазронага не знайшлi, але калi на месца здарэння выехалi спецыялiсты ўпраўлення Дзяржкамiтэта судовых экспертыз па Магiлёўскай вобласцi, карцiна праяснiлася. Было знойдзена некалькi кропель крывi, якiя, па сутнасцi, указалi на крымiнальны след здарэння. Падазраваныя ў рэшце рэшт прызналiся, што забiлi прадпрымальнiка i зацэментавалi яго ў падлогу гаража.


Забойцу выдала... шкарпэтка

Марыя Дранiца, намеснiк начальнiка ўпраўлення лабараторных даследаванняў рэчавых доказаў бiялагiчнага характару УДКСЭ па Магiлёўскай вобласцi, можа расказаць шмат гiсторый пра тое, як раскрывалiся гучныя крымiнальныя справы. Якi б хiтры i асцярожны нi быў злачынец, усё роўна знойдзецца дробязь, якая яго абавязкова выдасць, — валасы, сляды поту або слiны, любы iншы клетачны матэрыял, на аснове якога можна будзе iдэнтыфiкаваць яго i прыцягнуць да адказнасцi.

Не менш рэзананснае было злачынства ў Глуску, калi знiклi 30-гадовая жанчына i яе трохмесячная дачка. Пра гэта мiлiцыi паведамiў сужыцель пацярпелай, якi асабiста ўдзельнiчаў у пошуках, а потым высветлiлася, што менавiта ён i быў забойцам.

— Наш эксперт знайшоў па месцы жыхарства мужчыны шкарпэтку са слядамi крывi, па якой было ўстаноўлена, што кроў належыць менавiта знiклай жанчыне, — расказвае Марыя Андрэеўна. — Потым абвiнавачаны сам паказаў, дзе закапаў сваiх ахвяр.

Цяжэй даводзiцца, калi клетачны матэрыял, сабраны на месцы злачынства, няма з чым iдэнтыфiкаваць. Але гэта не значыць, што правапарушальнiк можа спаць спакойна.

— Генетычныя характарыстыкi знойдзенага матэрыялу мы змяшчаем у базу АIС «ДНК», i рана цi позна злачынец абавязкова там «засвецiцца», — кажа суразмоўнiца. — Напрыклад, нядаўна раскрыты крадзеж, якi быў здзейснены некалькi гадоў таму ў Асiповiцкiм раёне. Мужчыну затрымалi, i высветлiлася яго дачыненне да нераскрытай справы.

На экспертызу проста з раддома

Платныя экспертызы па заявах ад насельнiцтва або па судовых пастановах — яшчэ адзiн кiрунак работы дзяржаўных судовых экспертаў УДКСЭ па Магiлёўскай вобласцi. Асноўнае пытанне — высвятленне бацькоўства. У сярэднiм да экспертаў паступае прыкладна пяць-шэсць такiх матэрыялаў на тыдзень. Бывае, што да экспертаў звяртаюцца адразу ж з раддома, калi на дзiця нават яшчэ няма пасведчання аб нараджэннi. Мужчына гатовы прызнаць сваё бацькоўства, але крыху сумняваецца. Тады спецыялiсты праводзяць экспертызу. У гэтым выпадку ўсё абыходзiцца без судовых цяжбаў. Цяжэй бывае зразумець тых бацькоў, якiя ўстанаўлiваюць сваё дачыненне да нараджэння ўжо дастаткова дарослых дзяцей: незразумела, што рухае чалавекам, якога дзiця гадоў восем або дзесяць называла бацькам.

Пра ўсё раскажуць гены

Калi ў выпадку з устанаўленнем бацькоўства праблем з клетачным матэрыялам не бывае, то ў крымiнальных справах ён здабываецца вельмi складана. Спецыялiст ДКСЭ павiнен знайсцi яго на месцы здарэння, а потым зняць шляхам саскрэбу, выразання, змыву. У лабараторных умовах «узломваюцца» клетачныя абалонкi, каб атрымаць доступ да ДНК. Пры дапамозе ПЛР колькасць копiй ДНК, неабходных спецыялiсту для даследавання, штучна павялiчваецца, затым усё гэта змяшчаецца ў спецыяльны аналiзатар. Праграмнае забеспячэнне дазваляе прааналiзаваць iнфармацыю i расшыфраваць генатып.

 

Дарэчы, што датычыцца ўстанаўлення бацькоўства, то там аналiз праводзiцца крыху iнакш. Генатып дзiцяцi, як вядома, фармiруецца з храмасом мацi i бацькi. Калi спецыялiсты не знаходзяць там храмасом бацькi, бацькоўства выключаецца.

Галоўнае — абстрагавацца

У галаве ўсплываюць гiсторыi адна за другую страшнейшыя, жорсткасць лiхадзеяў не паддаецца нiякаму разуменню. Можна сабе ўявiць, што даводзiцца перажываць тым людзям, якiм гэта ўсё неабходна даследаваць. Судовыя эксперты ДКСЭ якраз i знаходзяцца на той самай «перадавой», дапамагаюць следчым фармiраваць доказную базу.

— Заўсёды страшна, калi ўнiкаеш у абставiны якога-небудзь злачынства, — кажа Марыя Дранiца. — Мы стараемся абстрагавацца i не думаць, што стаiць за тымi аб'ектамi, якiя мы даследуем, каб захаваць сябе яшчэ i для сям'i, i для сяброў.

Нэлi ЗIГУЛЯ

Фота з архiва УДКСЭ па Магiлёўскай вобласцi

Загаловак у газеце: Прачытаць па кроплi крывi

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».