Вы тут

Тут табе ўсё ж такі не рэклама


Тут табе ўсё ж такі не рэклама

Калі ласка, адключыце на час спектакля мабільныя тэлефоны.

Гэта звычайна ноччу бывае. Дзесьці на мяжы рэальнасці, паміж сном і явай, калі мінулы дзень згінуў, а новы яшчэ не прыйшоў, і ты, нейкі прыгнечаны ды аголены, раптам уздрыгваеш і, гледзячы за цёмнае, пакрытае павуціннем ценяў акно, чамусьці пытаешся ў сябе: «А што далей?» Аднак, здаецца, далей нічога.

Заслона падае. Мінулае выкочваецца ў залу, сядае побач, паказвае свае скарбы. Вось яны — далікатныя мары ды нерэалізаваныя жаданні... Вось яны — страчаныя моманты, шэрыя блікі, абрыўкі слоў, спрытны выраз у далёкай спрэчцы — усё ў яго далонях. Трымай-ка. Сафіты згаслі.

А можа, нічога з гэтага і не было: п’еса — выдумка, гульня — фальшыўка. Нас вучылі, што сумаваць — грэх, аднак ты ўсё роўна працягваеш моршчыцца, варта толькі згадаць скамечаны квіток у кішэні. Якое там месца? Які твой шэраг? Дзве лічбы, выпадковыя кубікі на стале: адзінка-шасцёрка, двойка-пяцёрка. Ці бачна будзе наогул сцэну?

А калі раптам не, то як з гэтым жыць? Выцягваць шыю? Уставаць у праход? Доўга пакутаваць у перапынку. Глядзець з балкона ў вабны партэр, думаць: «Чаму там не я?» Прасіцца: «Жанчынка, капялюш зніміце». Ці проста змірыцца і прамаўчаць. Працягваць нерухома сядзець: без розніцы, дзе там вісела ружжо ў першым акце.

Вядома, ёсць яшчэ козыр: горда падняцца і ціха сысці ў буфет. У канцы, безумоўна, усе сустрэнемся ў гардэробе.

Куліса прасціной спадае з ложка, аркестр у яме — шоргаты вуліцы за змрочным шклом. Інтрыга глядзіць на цябе водбліскам фары на столі ды хіхікае ў кулачок: «Развязка яшчэ няхутка». Таму круціся не круціся, а заўтра сваё ўсё роўна возьме, выскачыць дзесьці нечакана ў дыялогу. Але цяпер спі, у рэшце рэшт, да відна ты яе ніяк не пазнаеш.

І вось гэты сон, цяжкая коўдра. Доўгая паўза, падораная да званка трэцяга бязлітаснага будзільніка. Не трэба кудысьці спяшацца, рухацца бессэнсоўна. Ранейшае, як самы таленавіты акцёр, цябе ўсё ж такі падманула, прыкідваючыся, што знаходзіцца тут назаўжды. А цяпер ляжыць сярод зваленых дэкарацый (дурных кардонных дрэў ды бутафорскіх аблокаў з ваты), не выглядвае. Выкінь зранку ўсё тое, што яно табе абяцала.

І, калі ласка, не шкадуй пасля авацый рэжысёру.

Страшныя навіны, эфектныя загалоўкі, латэнтная паніка сярод гледачоў у левым і правым бельэтажах — гэта нармальна перад світаннем. Будучыня, вядома, ужо не будзе ранейшай, але і такой, якой яе прадракаюць, таксама не стане. Здаецца, далей нічога? Дарэмна. Нябачны драматург занадта спрытны, каб будаваць прадказальную кампазіцыю (спойлер: тут табе усё ж такі не рэклама). Варта проста трошачкі пачакаць, а калі хочаш баяцца, то бойся. Галоўнае, не адчайвайся.

Антракт прайшоў. Наперадзе — другі акт, таму не спазняйся ў залу ды «калі ласка, адключыце на час спектакля мабільныя тэлефоны».

Сяргей ШАМАТУЛЬСКІ

 

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як арганізаваць правільны догляд за валасамі гарачай парой

Як арганізаваць правільны догляд за валасамі гарачай парой

У 90 % выпадкаў людзі не ведаюць, як правільна мыць галаву.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У Блізнятаў ёсць шанц кардынальна змяніць жыццё.

Грамадства

Выбіраем аптымальную пару года для пахудзення. Спойлер: і гэта не лета!

Выбіраем аптымальную пару года для пахудзення. Спойлер: і гэта не лета!

Жыццё ў «эпоху спажывання» — сур’ёзнае выпрабаванне для чалавека.