Вы тут

Адкрытасць. Прастора. Мастацтва


Асаблівасцю 29-га Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» стане яго маштабнасць. З улiкам умоў, якiя складваюцца ў свеце, закрытыя залы заменяць на адкрытыя пляцоўкі. Дзякуючы гэтаму «Славянскі базар» справядліва можна будзе назваць open-air фестывалем. Падчас прымеркаванай да падрыхтоўкі свята прэс-канферэнцыі ў прэс-цэнтры Дома прэсы арганізатары распавялі пра іншыя змены і цікавосткі мастацкага форуму.


Фота з сайта fest.sbv.by

XXIX Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» сёлета пройдзе з 16 па 20 ліпеня. На галоўнай адкрытай пляцоўцы фэсту — у Летнiм амфiтэатры — адбудзецца сем маштабных праграм: канцэрты адкрыцця i закрыцця «Славянскага базару», конкурс маладых выканаўцаў «Вiцебск-2020», канцэрт «Саюзная дзяржава запрашае...», а таксама праграмы «Залаты хiт», «Шансон ТБ — усе зоркi», складзены з кiнашлягераў, i зборны канцэрт «Рок на ўсе часы». Дзiцячы мiжнародны конкурс «Вiцебск-2020», у якiм заяўлены юныя выканаўцы з 21 краiны, пройдзе на новай пляцоўцы — адкрытай сцэне. Яе спецыяльна ўзводзяць каля КЗ «Вiцебск». Гэта будзе сучасная сцэна са святлодыёднымі экранамі, сцэнаграфічнымі канструкцыямі, партэрам для гледачоў.

Сёлета журы конкурсу маладых выканаўцаў узначаліць народны артыст Расіі Алег Газманаў. Членам журы ад Беларусі будзе заслужаная артыстка Іна Афанасьева. У склад камісіі таксама ўвойдуць Кейт Раян (Бельгія), Аляксандр Рыбак (Нарвегія), Вахтанг Кікабідзэ (Грузія) і Ладзіслаў Бубнар (Славакія). Старшынёй журы дзіцячага музычнага конкурсу стане заслужаны артыст Беларусі Аляксандр Саладуха.

Як адзначыў галоўны рэжысёр урачыстага адкрыцця фестывалю Аляксандр Вавілаў, возьмуць удзел усе анансаваныя артысты. Паводле яго слоў, адкрыццё фестывалю, як заўсёды, здзівіць і запомніцца. «У канцэрце-адкрыцці мы хацелі б данесці галоўную і простую думку, сфармуляваную такім чынам: “Я  люблю цябе, жыццё, і спадзяюся, што гэта ўзаемна”. Пра жыццё, якое павінна працягвацца і перамагчы, і будзе гэты музычны аповед з найлепшых песень, найлепшых артыстаў, найлепшага афармлення, найлепшага відэакантэнту, найлепшых знаходак пастановачнай групы», — расказаў Аляксандр Вавілаў.

Дзеля новага фармату давялося ахвяраваць некаторымi мерапрыемствамi. Напрыклад, адменены сольныя канцэрты артыстаў, але арганiзатары запрасiлi іх у зборныя. Абноўленая праграма ўжо размешчана на афiцыйным сайце фестывалю. Што да замежных удзельнiкаў «Славянскага базару», то пакуль ніякіх праблем не ўзнікла. «Ужо месяц у  рэспублiканскiм аргкамiтэце мы працуем над гэтым пытаннем у шчыльным кантакце з усiмi дзяржаўнымi структурамi: ад Мiнздароўя i Мiнкультуры да МЗС, — запэўнiў дырэктар фестывалю Глеб Лапiцкi. — Двойчы на тыдзень адсочваем эпiдсiтуацыю. Але пакуль няма звестак, што нехта з артыстаў прыехаць не зможа».

Арганiзатары абяцаюць выконваць усе рэкамендаваныя Мiнiстэрствам аховы здароўя меры бяспекi для артыстаў i гледачоў. Пры гэтым міністр культуры Юрый Бондар адзначыў, што з рэалiзаваных раней амаль 15 тысяч бiлетаў (больш чым 1000 набылi замежнiкi) за час продажу ў касы было здадзена не больш чым 70. «Гэта сведчыць пра тое, што i  жыхары Вiцебска, i замежнiкi чакаюць гэтага свята, i падвесцi чаканнi гледачоў было б няправiльна, — перакананы мiнiстр. — Фестываль ярка і самабытна прапагандуе сучасную і традыцыйную культуру Беларусі на міжнародным узроўні, паспяхова выконваючы важную місію захавання адзінай творчай прасторы славянскіх народаў». Дарэчы, бюджэт сёлетняга форуму склаў 3,8 млн рублёў. З іх больш чым 80 % — сродкі, якія зарабляе сам фестываль, астатняе выдзяляе Міністэрства культуры на правядзенне конкурсу маладых выканаўцаў.

Падчас размовы ў Доме прэсы былі анансаваны мерапрыемствы і на малых пляцоўках. Так, на плошчы Перамогі будуць рэалізоўвацца мерапрыемствы для моладзі, у прыватнасці фестываль кавер-бэндаў. Сёлета дабавіцца пляцоўка загараднага парку «Мазурына» — тут пройдзе вялікі фестываль аўтагуку і каларфэст. Што тычыцца фэсту вулічнага мастацтва «На сямі вятрах», то ён адшукаў новых удзельнікаў. Гэта калектывы, якія раней выступалі ў камернай атмасферы тэатраў. Для вулічнага мастацтва падрыхтавана, у ліку іншых, невялікая пляцоўка на Пушкінскай плошчы. Па традыцыі будзе задзейнічаны філарманічны дворык для класічных відаў мастацтва. Там жа прадставяць праграму спектакляў тэатра «Лялька».

 Між тым падчас свята, з 16 па 19 ліпеня, у Віцебску пройдзе пленэр майстроў народных мастацкіх рамёстваў па дэкаратыўным жывапісе «Райскі сад», прысвечаны 100-годдзю віцебскай мастачкі Марыі Ларынай. Таксама чакаецца штогадовы кірмаш рамёстваў «Горад майстроў», конкурс майстроў традыцыйнага і сучаснага мастацкага роспісу «Фарбы нябёс».

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.