Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


zabavnik.club

Класiкаў трэба ведаць...

Многiя вясёлыя i праўдзiвыя гiсторыi можна пачынаць са слова «аднойчы».

Дык вось: аднойчы, у канцы мiнулага стагоддзя, у наш слаўны калектыў прыйшло запрашэнне прыехаць на творчы семiнар. Праводзiўся ён у адной са сталiчных ВНУ. Камандзiроўка выпiсвалася на тыдзень. Здавалася, ну чаму б не махнуць, аднак ахвотных, як нi дзiўна, не было.

Такiм чынам на вучобу «выпхнулi» мяне. А я, дарэчы, потым нi разу не пашкадаваў, што з'ездзiў: цiкавыя былi сустрэчы, знаёмствы, практычныя заняткi, выступленнi... А галоўнае — на цэлых пяць дзён я з правiнцыi выехаў у Мiнск, жыў тут, што называецца, на ўсiм гатовым...

Але ж, як той казаў, да пары сiцечка сее — вось ён заключны акорд: апошняя лекцыя, якую чытае нам спецыяльна запрошаны спецыялiст з выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя», а пасля яе — i апошняе, так бы мовiць, «слова на дарогу», з якiм перад намi павiнен выступiць адзiн з прарэктараў ВНУ.

Так планавалася цi меркавалася, а вось адбылося крыху iнакш. Падчас той апошняй лекцыi ў аўдыторыю забегла метадыстка — сказала, што нам, слухачам, трэба «перамясцiцца» ў прыёмную...

Трэба дык трэба: мы паўставалi з месцаў i пайшлi (той лектар — таксама з намi). Але ж дзе тая прыёмная, толкам нiхто не ведаў: мы, пакуль знайшлi яе, трохi паблукалi па доўгiх калiдорах, а заадно, «па дарозе», «пагублялi» сваiх людзей, бо многiя скарысталiся момантам i проста пазбягалi — хто на вакзал, каб паехаць дамоў, хто па справах...

Карацей, да дзвярэй прарэктара дайшлi хiба самыя-самыя — адказныя, дысцыплiнаваныя, гатовыя ўважлiва слухаць...

Прычым дайшлi i... спынiлiся: сакратарка аб'явiла, што трэба пачакаць: у прарэктара, маўляў, неадкладныя справы.

Неадкладныя дык неадкладныя: на тое ён i прарэктар — начальнiк.

А тады, здаецца, якраз мода пайшла — чым вышэйшая ў чалавека пасада i чым больш салiдны ўзрост, тым маладзейшая i прыгажэйшая ў яго сакратарка-памочнiца...

Нам, маладым, яна, вядома ж, таксама цiкавай была: хлопцы сталi жартаваць, заляцацца да яе. Дзяўчына адказвала тым жа — адным вочкам касiла ў манiтор камп'ютара, другiм — з цiкавасцю страляла на нас...

Карацей — мы хораша сядзелi, бавiлi час, нас нiхто нiкуды не клiкаў...

Адзiнае, што лектар чамусьцi нерваваўся: усё часцей пазiраў на гадзiннiк, хадзiў з кута ў кут. А ўрэшце не вытрымаў, спынiўся каля сакратаркi, упёрся рукамi ў стол i сказаў, што не можа так бяздарна трацiць свой час у гэтай прыёмнай, што чалавек ён таксама заняты, што яго чакаюць у выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя» iмя Петруся Броўкi...

— Мiж iншым — акадэмiка! — чамусьцi дадаў лектар. I тут жа папрасiў дзяўчыну, каб яна спытала ў шэфа, колькi яшчэ нам чакаць?

У адказ на гэты гнеўны маналог сакратарка мiла ўсмiхнулася, па селектарнай сувязi набрала прарэктара i без нiякага сумневу залапатала:

— Iван Iванавiч (iмя зменена. — Аўт.), тут у прыёмнай акадэмiк Пятрусь Броўка. Цiкавiцца, калi вы прымеце?

Мы спачатку знямелi — акадэмiк гадоў 20 як памёр...

Аднак дзверы прарэктар усё ж «расчынiў»:

— Якi такi акадэмiк? — з парога спытаў збянтэжаны шэф.

Мы, вядома ж, у рогат! Сакратарка не разумее, з чаго, лектар нешта няўцямнае мармыча...

Але як бы там нi было, сустрэча з прарэктарам амаль адразу ж пачалася, i выступаў ён досыць цiкава. Ва ўсякiм разе, лектар яго як быццам таксама слухаў.

Не ведаю, праўда, наколькi ўважлiва? Можа, як мы, час ад часу ўспамiнаў «акадэмiка» i таксама ў душы заходзiўся ад смеху.

Вiталь Жураўскi, г. Жодзiна


Быў бы араты, будзе й прыганяты

Гэтую гiсторыю даўным-даўно мне расказваў нябожчык бацька.

Ён успамiнаў, што ў час вайны многiя салдаты, праявiўшы сябе не толькi сапраўднымi героямi, але i добрымi камандзiрамi, заслужылi афiцэрскiя званнi. Але ж пры гэтым многiя не мелi нiякай, нават сярэдняй, адукацыi. Таму ў мiрны час большасць з iх звольнiлi з армii — адправiлi ў новае, цывiльнае жыццё, дзе iм яшчэ трэ было неяк зачапiцца — знайсцi сабе пасаду цi хоць бы нейкую, пажадана не пыльную, работу, бо што-што, а камандаваць яны хацелi...

Дык вось адзiн з такiх вайскоўцаў (у чыне капiтана) трапiў у вёску, дзе настаўнiчаў мой бацька. Рэйсавых аўтобусаў тады яшчэ не было. Для паездак у райцэнтр калгас прыстасоўваў звычайны грузавiк (у кузаве мацавалiся лаўкi, на выпадак дажджу цi якой завеi над iмi ставiлася будка i, як быццам, шчаслiвай дарогi, бо адказным за гэтыя паездкi прызначылi якраз таго капiтана).

I вось — першы рэйс. Пасажыры — у асноўным жанчыны самых розных узростаў — прыйшлi загадзя, як маглi, ускараскалiся ў той кузаў, занялi месцы — i давай сабе гаманiць.

Падышоў «начальнiк», убачыў гэта i аж пазелянеў: як гэта так? Залезлi! Без яго дазволу? Паселi...

— Ану злазь! — скамандаваў грозна.

Жанчыны спачатку давай жартаваць, давай аднеквацца ды ўпрошваць, каб пакiнулi iх на месцах, бо нялёгка ж было залезцi (асаблiва пажылым). Нялёгка злезцi... Ды i сэнс якi?

Але ж «начальнiк» быў, што называецца, няўмольны:

— Злазьце i ўсё тут! Iнакш машына нiкуды не паедзе.

Вось гэта, апошняе, ужо спрацавала: пасажыры — хто моўчкi, хто з праклёнам — але ж сталi злазiць з машыны.

«Камандзiр» — глядзеў на гэты «працэс», цярплiва чакаў, пакуль уся грамада апынецца на зямлi, потым... пастроiў яе ў дзве шарэнгi i гучна загадаў:

— Справа па адным на борт машыны — марш!

Жанчыны замiтусiлiся i палезлi ў кузаў.

— Вось так, — задаволена хмыкнуў «начальнiк» i сеў у кабiну.

...Цiкава, што наступныя разы («дурному ж нiчога не дакажаш»?) пасажыры ўжо самi строiлiся ў тыя шарэнгi i чакалi каманды.

Вось як было.

Яўген Шастакоў, г. Гомель


Па малiну...

Гэта гiсторыя адбылася не так i даўно: тады, калi ў моладзi ўжо сталi з'яўляцца мабiльнiкi, а ў людзей пажылых iх яшчэ не было.

Жыла, значыць, адна кабета замужам. I муж — як па сённяшнiм часе, ды ў сельскай мясцовасцi — дык нават дэфiцытны быў, бо працаваў i нейкiя грошы ў сям'ю прыносiў, выпiваў, але не кожны дзень, па гаспадарцы, у полi, у садзе жонцы з цешчай дапамагаў, любiў у грыбы хадзiць. Нават у малiну яго можна было адправiць, бо досыць ласы быў да розных варэнняў ды кампотаў...

Аднак жыццё ў гэтай сям'i (i яшчэ напачатку... Можа, ад таго, што жонка болей цанiла сябе, а не свайго чалавека?) неяк не клеiлася. У хаце ўвесь час успыхвалi сваркi i нават скандалы. Кожны з iх лiчыў, што толькi ён мае рацыю, кожны затойваў крыўду i першы мiрыцца не хацеў.

Такiм чынам абодва «надзiмалiся», маўчалi i з цягам часу ўсё больш аддалялiся. Дайшло да таго, што нават па iменi адно аднаго называць перасталi: калi побач, казалi «ты», калi дзе далей — на полi цi ў садзе — то крычалi: «Эй!», «Э-э!»

Так i жылi, дзяцей гадавалi — як бы разам, але кожны сам па сабе.

I вось аднойчы, калi ў хаце ўсё, як быццам, добра было, кабета ўгаварыла гаспадара схадзiць у малiны.

Сама ўзяла вядзерца лiтраў на сем, мужу лiтровы слоiк дала. Лес недалёка ў iх.

Пахадзiлi разам спярша — пазбiралi. Але ж малавата малiн было. I дробненькiя. «Пайду, — кажа гаспадар, — недзе далей прайдуся, як назбiраю — табе прынясу».

Пайшоў.

Кабета крыху пазбiрала. Мужыка няма — малiн ёй не нясе. «Мабыць, не знайшоў нiдзе лепшых», — думае так i збiрае далей. Раптам з глыбiнi лесу: «Э-э-э!»

«Хто ж гэта каго клiча? — насцярожваецца кабета. — У лесе ж, як быццам, нiкога не было?.. Адгукнуцца? Але каму? А раптам гэта нейкi бандыт? Возьме i прыпрэцца на голас? Не, лепей буду маўчаць».

Думае так кабета i збiрае ягады далей — i пяць хвiлiн, i дзесяць...

Раптам зноў з кустоў тое ж: «Э-э-э!»

I тыя ж амаль развагi: «Можа, мой? Адгукнуцца? А раптам чужы? Вакол жа — нiводнай душы жывой... З кустоўя хiба неба вiдаць. Трэба, значыць, маўчаць».

«Э-э-э!» — раздаўся голас трэцi раз i замоўк.

«Ну вось i добра», — думае жанчына, буду сабе далей збiраць. Але ж дзе гаспадар? Чаму не iдзе, чаму той слоiк не высыпае? Няўжо не назбiраў — пайшоў дамоў... Ага... Нябось сядзiць там, адпачывае. Ну я ж яму выдам...»

Паабяцала, па лесе пахадзiла, лiтры са два назбiрала ды таксама рушыла дамоў.

Дайшла да хаты. Бачыць — замка на дзвярах няма. Так i ёсць, дома гаспадар! «Сядзiць, падлюка, у крэсле, «Звязду» чытае.

А на стале слоiк малiн стаiць — з коптурам. I ў шапцы ягады яшчэ — ну як намаляваныя: буйныя, чыстыя, прыгожыя!

«Ой, дзе ж ты такiх малiн набраў? — здзiвiлася жонка. — Чаму ж мяне не паклiкаў? Мы ж удваiх поўнае вядро назбiралi б!»

«Ды я ж клiкаў, крычаў... Ты — не адгукнулася...»

...Цяпер бы яна ад слова, адразу!

I сама яго паклiкала б — па iменi.

Толькi ён ужо не пачуе.

Т. Новiк, г. Клецк

Рубрыку вядзе Валянцiна ДОЎНАР

Ад яе ж чарговы шчыры дзякуй за ўсе дасланыя гiсторыi (асобны — за апошнюю) i чарговая просьба: калi ласка, не забывайцеся паведамляць свой адрас i нумар тэлефона для аператыўнай зваротнай сувязi.

Выбар рэдакцыі

Спорт

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі зладзіла свае гульні.

Грамадства

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус

З мінулага тыдня экспрэс-тэсціраванне на COVІD-19 даступнае ў многіх паліклініках краіны, у тым ліку і ў невялікіх гарадках і пасёлках гарадскога тыпу.