Вы тут

Васіль Ткачоў. Жыццёвінкі


Кветкі

Вера Пятроўна жыве на другiм паверсе. Дзевяцiпавярховы дом, у якiм знаходзiцца яе кватэра з трох пакояў, стаiць так, што пад вокнамi, асаблiва ўранку i блiжэй да вечара, нясецца людская плынь — людзi спяшаюцца на прыпынак, той адзiн у дзвюх «асобах»: тралейбусны i аўтобусны. Там — своеасаблiвы мурашнiк. Жанчына бачыць яго з акна, iншы раз назiрае, як таўкуцца людзi на прыпынку, i, прызнаецца, крыху шкадуе, што ўжо колькi гадоў як на пенсii i не мае дачынення да таго мурашнiка. Сваё ад'ездзiла. Сваё адпрацавала. А рабiла яна на будоўлi тынкоўшчыцай, мулярам — ды кiм толькi не рабiла! Як толькi вырвалася з вёскi — адразу на будоўлю. А куды ёй яшчэ было падацца? На «Сельмаш»? Можна было, там аднавяскоўцы рабiлi, але сусед, ён на заводзе даслужыўся на той час да старшага майстра, адгаварыў: табе, маўляў, ахвота слухаць, як тут вухаюць молаты, стракочуць станкi ды з вечна выпацканымi мазутам рукамi хадзiць? Адгаварыў, адным словам. I сам жа параiў падацца на будоўлю. «Там хоць паветра чыстае». Якое яна там чыстае, Верка даведаецца пазней сама. Даводзiлася глытаць пыл, нюхаць уедлiвы, не заўсёды прыемны пах фарбы. На будоўлi яна сустрэла i сваё сямейнае шчасце. У адной брыгадзе з ёй працаваў крыху сарамлiвы хлапчына Вiцька, гэта пазней ён стане Вiктарам Iванавiчам, бацькам трох сыноў i адной дачкi. Калi маладыя пабралiся шлюбам, iм выдзелiлi амаль адразу ж пакой у iнтэрнаце, а неўзабаве i кватэру на два пакойчыкi ў «хрушчоўцы». Радасцi не было канца! Мацi, якая прыехала з вёскi, каб павiншаваць навасёлаў, пляснула рукамi: «Божухны, дык вам ужо большая кватэра i не трэба! Я так рада за цябе, Верка! Жывiце дружна».

Можна было б жыць i ў гэтай кватэры, аднак з цягам часу ў ёй зрабiлася цесна: пайшлi дзецi. Спярша нарадзiлася дачка, а потым амаль адзiн за адным пабагацела сям'я на трох сыноў. Бацькi i не заўважылi, як гняздо апусцела. Дачка пабралася шлюбам i пераехала ў сталiцу — муж забраў да сябе, сыны атрымалi свае кватэры, жывуць асобна непадалёку. А потым здарылася бяда: памёр Вiктар. З таго часу Вера Пятроўна жыве адна. Што цiкава, каб размяняць цi прадаць трохпакаёўку, нiхто з дзяцей нават не заiкнуўся. Жыве мацi ў ёй i няхай жыве. Яны прынясуць, прывязуць i цёплае слова скажуць.

Аб адным шкадуе жанчына — не адважылася ў свой час на дачу. А жаданне такое мелася. Цяпер позна. Марыла, як упрыгожыць дворык кветкамi. Мо таму, што не збылася даўняя мара, Вера Пятроўна ўсур'ёз занялася кветкамi ў гарадскiм жыллi. Дзе толькi можна, прыткнуты вазончыкi i чарапкi. Герань, камелiя, амарылiс, бягонiя, фiялкi, кала, кiтайская ружа...

Прыехаў неяк да яе старэйшы сын Iван, а мацi якраз пераносiла кветкi з балкона на падаконнiк. Спытаў:

— Што гэта ты, мама, калi нi завiтаю, з кветкамi туды-сюды ходзiш?

А Вера Пятроўна спынiлася, павярнулася да сына, шчыра прызналася:

— А таму так часта кветкi месцамi мяняю, каб людзi бачылi, якiя яны ў мяне прыгожыя! Няхай i на гэтыя паглядзяць! Бо хто iх там, на балконе, убачыць?..

Сын паглядзеў з акна на тратуар. Людзi сапраўды сноўдалi туды-сюды. Толькi нiхто з iх нават не зiрнуў на кветкi.

Пра гэта Iван мацi нiчога не сказаў…

Фота: yellowhome.ru

Эх, Пятро...

У старэйшых класах мы вучылiся ў адной школе — Iльiчоўскай Рагачоўскага раёна. А жылi ў вёсцы Гута, якая была прыкладна за два кiламетры ад школы. Пятро сталы жыхар вёскi, а я тут толькi нарадзiўся, а потым з бацькамi жыў на Быхаўшчыне, дзе тыя працавалi настаўнiкамi. Паколькi там была васьмiгодка, то я вярнуўся да дзеда Якава i бабы Пелагеi ў Гуту, каб далей працягваць вучобу, бо Iльiч быў недалёка i школа там лiчылася лепшай у наваколлi. У чым я неўзабаве пераканаўся i сам.

Пятро цi не мацней за усiх выглядаў у матэматыцы. Яна давалася яму даволi лёгка, i я не здзiвiўся, калi пасля заканчэння школы ён адразу ж паступiў у магiлёўскi машынабудаўнiчы iнстытут. Потым на нейкi час сувязь памiж намi перарвалася, бо я вучыўся ў Львове, служыў ваенным карэспандэнтам у Ашхабадзе, а калi вярнуўся ў Беларусь назусiм, сустрэўся выпадкова з Пятром у Гуце. Ён разам з бацькам рамантаваў паркан, а я вяртаўся з вудай з ракi. Павiталiся. Пагаварылi пра жыццё-быццё. Пятро не адобрыў маё звальненне з армii, я, у сваю чаргу, даводзiў пра планы на будучае. На тым i развiталiся. Не ведаю, пераканаў яго цi не.

Жыццё звяло нас гадоў праз дзесяць. Я ўжо быў прыняты ў Саюз пiсьменнiкаў, у мяне выходзiлi кнiгi, ставiлiся спектаклi па маiх п'есах у тэатрах. Меў намер сустрэцца калi-небудзь з Пятром, падараваць яму кнiгу з аўтографам, бо ў Магiлёве, дзе асталяваўся аднакласнiк, бываў даволi часта ў тэатры, выступаў у працоўных калектывах i школах па пуцёўках бюро прапаганды мастацкай лiтаратуры.

I такая сустрэча адбылася. Аднак не так, як мне бачылася, як мне хацелася б...

Жыў у Магiлёве i другi мой аднакласнiк i зямляк — Васiль. Ад яго я i даведаўся пра трагедыю, якая здарылася з Пятром. На той час ён займаў пасаду галоўнага iнжынера аўтапрадпрыемства, рыхтаваўся заняць пасаду дырэктара... А неяк вяртаўся дадому з работы ўзiмку, паслiзнуўся, ударыўся спiнай... Ну, ударыўся i ўдарыўся сабе. Бывае. У палiклiнiку не звярнуўся: пройдзе. Тым больш што няма калi лячыцца, неўзабаве трэба прымаць дырэктарскiя справы. А потым пачаў заўважаць, што робiцца няроўнай хада, не слухаюцца ногi... Калi звярнуўся да ўрачоў, было занадта позна: хвароба пачала iмклiва прагрэсiраваць, яе ўжо было цяжка спынiць... Лячыўся i ў сваiм горадзе, i да лекараў на Украiну ездзiў. Нiчога не дапамагло. Скончылася ўсё iнвалiднай каляскай. I не толькi ёй... Забрала дзiця i пайшла да бацькоў жонка. «Мне такi мужчына не патрэбны!» Цяжка, вельмi цяжка было Пятру. Не здзейснiлiся ўсе мары, здрадзiла жонка. «Чаго-чаго, але гэтага ад яе не чакаў», — пазней пачую я ад Пятра.

Я прыйшоў тады да яго з Васiлём. Пятро доўга адчыняў, мы перагаворвалiся праз дзверы, ён прасiў пачакаць. Калi ўвайшлi, адразу ж пацiкавiўся, цi не пахне ад каго з нас адэкалонам, бо ў яго тады адразу ж з'яўляецца алергiя. Звярнуў увагу, што ў пакоi былi пабудаваны металiчныя канструкцыi, якiя дапамагалi Пятру рухацца па кватэры. «Хлопцы з аўтакамбiната зрабiлi», — сказаў нам. А глянуўшы на мяне i радыёкропку, пастараўся ўсмiхнуцца: слухаю цябе часта па радыё...

Не забавiлiся мы тады ў аднакласнiка. Хоць i радаваўся ён нам, але бачылi, што яму трэба рабiць такiя-сякiя працэдуры. «Неяк мяне ў вёску да бацькоў адвезлi. Але не змог там. Бабулькi прыходзяць, глядзяць на мяне i ахаюць, ойкаюць... Шкадуюць... Не пераношу я гэтага... Не люблю... Бачу, мама пакутуе... Як-небудзь ужо тут... Сястра прыходзiць, памагае...»

Развiталiся.

Вось так склаўся лёс майго аднакласнiка. Калi бываю на вясковых могiлках, падыходжу i да яго. Дзiўлюся на выяву, што на гранiтным помнiку, i ўздыхаю: эх, Пятро... табе б яшчэ жыць i жыць...

I не ведаю, у каго папрасiць прабачэння, што мы так рана яго страцiлi...

Васiль ТКАЧОЎ

Загаловак у газеце: МЕСЦЫ НАШЫХ СУСТРЭЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.