Вы тут

Лета. Беражыце дзяцей


Прыходзiць цяпло, i зводкi пра здарэннi i няшчасныя выпадкi нязменна папаўняюцца паведамленнямi аб падзеннi дзяцей з розных паверхаў. У чэрвенi было такое, што за палову тыдня ў краiне пацярпела пяцёра дзяцей. Гэта многа, недаравальна многа. Тым больш цяпер, калi iнфармацыя пра здарэннi распаўсюджваецца iмгненна i нiбыта павiнна насцярожваць: папярэджаны — значыць узброены...


kuzdrav.ru. Фота носіць ілюстрацыйны характар.

Забарона — дазвол для душы

Выпадак у Кобрыне наогул заслугоўвае называцца ўнiкальным. Здаецца, бацькi прынялi ўсе меры бяспекi: са шклопакета загадзя знялi ручку, схавалi яе. Але 6-гадовы «выпрабавальнiк» падгледзеў, куды гэтую ручку паклалi, скарыстаўся тым, што бацькi адлучылiся з дому, а ён застаўся з 12-гадовай сястрой, ды і дастаў тую ручку са схованкi. Вядома, што забарона падштурхоўвае цiкаўнасць. Хлопчык залез на стол, адтуль перабраўся на падаконнiк, адчынiў акно, абапёрся на маскiтную сетку... i паляцеў унiз з пятага паверха. На шчасце, дзiця ўдалося выратаваць, а праз два днi медыкi ўжо паведамлялi, што яго жыццю нiчога не пагражае.

Гэта сапраўды рэдкi выпадак: дзiцячая цiкаўнасць падштурхнула да такiх рашучых дзеянняў, нiбы шасцiгадовы гарэза ўжо чытаў аб падобных прыгодах Тома Соера. А вось бацькам — урок. Не ведаю, цi цяперашнiя маладыя бацькi бачылi творы Марка Твэна, але пачытаць пра памянёнага героя iм варта хоць для таго, каб не лiчыць сваiх малых наiўнымi i нецiкаўнымi. Тады, можа, хавалi б забароненыя рэчы больш
старанна.

У апiсаным вышэй выпадку ўсё ж такi бацькi прынялi неабходныя меры бяспекi — хто ведаў, што нашчадак пастараецца iх перахiтрыць?! А вось у дамах з меншымi дзецьмi, якiя ляцелi ўнiз ледзь не ў адзiн дзень з кобрынскiм таварышам па няшчасцi, вокны былi адчыненыя. Кажу пра здарэннi ў Брэсце, Вiцебску, Вiцебскiм раёне. На вокнах стаялi маскiтныя сеткi, бацькi палiчылi гэта дастатковым. Але, як паказвае практыка, сетка не вытрымлiвае вагi нават двухгадовага дзiцяцi. Усiм названым «героям свабодных палётаў», як i iх бацькам, пашанцавала. Яны выжылi, папраўляюцца. Але так бывае, на жаль, не заўсёды. Амаль кожны год мы маем i трагiчныя выпадкi. Вось i некалькi дзён таму ў сталiцы з акна выпала трохгадовае дзiця, якое загiнула.

Адзiн дома

Фактычна штогод з такiмi пацыентамi працуе загадчык траўматолага-артапедычнага аддзялення Брэсцкай абласной дзiцячай бальнiцы Андрэй БРАЗОЎСКI. «Кожны спадзяецца, што з яго дзiцем гэта не здарыцца, — кажа Андрэй Мiкалаевiч. — Але ж дзецi, асаблiва ў тры-чатыры гады, не ўсведамляюць небяспеку. Яны становяцца на падаконнiк, смела глядзяць унiз. Адна секунда — i маленькi чалавек ужо там. I тады — альбо яго больш няма, альбо цяжкае працяглае лячэнне, рэабiлiтацыя i ўсе наступствы».

Дарэчы, у Андрэя Бразоўскага некалькi гадоў таму лячыўся хлопчык, якi выпаў з балкона на сёмым паверсе. Забягаючы наперад, скажу, што сямiгадовае дзiця пайшло з бальнiцы сваiмi нагамi. Здавалася б, амаль радавы выпадак. Яго асаблiвасць у тым, што хлопчык сумаваў адзiн дома, ён чакаў маму з работы, выглядваў у акно, а потым залез на шафку, пацягнуўся па цацку i выпаў. Потым, калi сталi высвятляць абставiны здарэння, даведалiся, што мацi хлопчыка была разведзеная з яго бацькам, выхоўвала дзiця адна. Графiк яе работы прадугледжваў занятасць у асобныя выхадныя днi. Тады малы заставаўся адзiн, бо яго не было з кiм пакiнуць. Названая акалiчнасць i давяла да бяды — хлопчык выпаў 9 мая. Але ж гэта зноў выключэнне. Часцей за ўсё дзецi выпадаюць, калi бацькi не на рабоце, не ў магазiне, а ў суседнiм пакоi.

Фатальная выпадковасць цi недагляд?

Скажаце, так бывала i раней? Бывала, не буду спрачацца. Нядаўна чытала пра генерала авiяцыi, двойчы Героя Савецкага Саюза Якава Смушкевiча, якi на пачатку 1940-х не пазбегнуў сталiнскiх рэпрэсiй. Звярнула на сябе ўвагу такая акалiчнасць. Якаў Уладзiмiравiч пэўны час служыў у Вiцебску, у тую пару сям'я перажыла гора: з балкона выпала i загiнула малая дачка. Генеральскiя жонкi тады, як правiла, не працавалi, часта мелi памочнiц па гаспадарцы (хоць пра гэта ў бiяграфiчным артыкуле не сказана). У любым выпадку, дзiця недагледзелi.

Дык вось гэты выпадак я прывяла ў якасцi прыкладу нядаўна ў прыватнай гутарцы з адным нашым парламентарыем. Ён выказаўся за тое, каб адказнасць бацькоў за выпадкi траўмiравання дзяцей замацоўваць у заканадаўчым парадку. Не пагадзiлася з суразмоўцам, бо апошняе вельмi цяжка будзе зрабiць. На мой погляд, памiж няшчасным выпадкам, фатальнай выпадковасцю i прамой вiной, гэта значыць недаглядам, вельмi тонкая мяжа. Цяперашнi дэпутат, дарэчы, згадаў, што i сам у дзяцiнстве два цi тры разы быў на краёчку гiбелi, бо бацькi, вясковыя настаўнiкi, днямi прападалi на рабоце, а ён, малодшы школьнiк, гадзiнамi гойсаў па двары ў кампанii равеснiкаў.

Канкурэнты матчынай увагi

Кожны з бацькоў павiнен сам адчуваць гэтую мяжу i не даводзiць да краю. А вось што перашкаджае адчуць цяпер, дык гэта гаджэты. Не раз даводзiлася бачыць, як юная матуля, ледзьве пагойдваючы каляску нагой, не вылазiць са смартфона. А ўчора на адным з расiйскiх каналаў ўбачыла частку сюжэта пра вядомага спартсмена, якi судзiцца з былой жонкай за дзяцей. Суд чарговай iнстанцыi нарэшце прыняў рашэнне на карысць мацi. I вось гэтая маладзiца ў атачэннi адвакатаў i сябровак паехала да дома бацькоў свайго былога ў спадзяваннi хоць убачыцца з дочкамi, якiх даўно ў яе забралi. Адначасова каментавала свой вiзiт: маўляў, каб былыя родзiчы не паспелi зрабiць непажаданых захадаў, яна (увага!) нават у сацыяльных сетках не паведамляла, куды едзе. Значыць, кожны свой крок, кожную паездку нават у межах кiламетра гэтая асоба, мацi дваiх дзяцей, анансуе ў сацсетках. На жаль, гэтак жа робяць шмат яе равеснiц, калi не большасць. На падобныя пасты i iншую пiсанiну ды на прагляд рэакцыi патрэбны час. А нашыя маладыя мамкi часта ўжо залежныя ад сваiх электронных двайнiкоў. Ад усяго пералiчанага надзвычай часта церпяць дзецi i ў прамым, i ў пераносным сэнсе.  I калi школьнiкам нярэдка забараняюць тэлефоны на ўроках, а некаторыя бацькi, бабулi з дзядулямi абмяжоўваюць карыстанне iмi нават на канiкулах, то ў чалавека, якi стаў дарослы, яго нiхто не адбярэ. Гэтым i карыстаюцца юныя мацi. Як каторая з iх увесь час сядзiць утаропiўшыся ў экран, то дзiця пачынае сумаваць i само прыдумляе забаўлянкi, часам вельмi небяспечныя. Iншымi словамi, калi з малым недастаткова гавораць, не дапамагаюць пазнаваць свет, ён сам пачынае гэта рабiць. Ну а пасля няшчасных выпадкаў, калi ў дом прыходзяць прадстаўнiкi адпаведных службаў, пачынаюць разбiрацца, нiводная ж не прызнаецца, што сядзела ў тэлефоне. Скажа — на хвiлiнку выйшла на кухню, каб выключыць суп. Але ж сама яна будзе ведаць праўду, i ёй з гэтым жыць. Можа, якiя адмысловыя праграмы распрацоўваць i ставiць iх на смартфоны маладых матуль, каб кожныя пяць хвiлiн напамiналi iм пра iх малых?

Святлана ЯСКЕВIЧ

Выбар рэдакцыі

Памяць

Незвычайны лёс чэрыкаўскага падпольшчыка Івана Дзенісенкі

Незвычайны лёс чэрыкаўскага падпольшчыка Івана Дзенісенкі

Яго шлях — сведчанне таго, што подзвіг, ахвяраванне, Айчына — не пустыя словы.

Рэгіёны

Селішчынскі ФАП цяпер аказвае дапамогу па новым адрасе

Селішчынскі ФАП цяпер аказвае дапамогу па новым адрасе

У зоне абслугоўвання — дзесяць вёсак.