Вы тут

Прэзідэнт: Маё сэрца канчаткова і беспаваротна аддадзена гэтай зямлі і гэтым людзям


Такую думку Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выказаў падчас гала-канцэрта «Мая Александрыя».  Канцэрт стаў галоўнай падзеяй рэспубліканскага свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў»), што праходзіць у аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна 11-12 ліпеня.


Прэзідэнт падзяліўся: пад'язджаючы на свята, ён задумаўся, што самае важнае ў жыцці. «Самае галоўнае, што час няўмольна рухаецца наперад. Зусім нядаўна мы праводзілі тут першае свята, а сёння ўжо больш за дзясятак іх адбылося тут, на гэтай дабратворнай зямлі, на беразе гэтай выдатнай  ракі (Дняпра -  «Зв.»), якая аб'ядноўвае лёсы трох славянскіх народаў — расіян, украінцаў і беларусаў», — падкрэсліў кіраўнік краіны.

Ён адзначыў, што ўсім сэрцам шчаслівы вітаць усіх на гасціннай александрыйскай зямлі. Па яго словах, гэта свята - нагода паглядзець адзін аднаму ў вочы, пагаварыць са старымі таварышамі, займець новых сяброў, удыхнуць напоўніцу летняе, напоўненае водарам мёду і спеючых каласоў паветра беларускіх палёў, пачуць спевы птушак, убачыць зорнае неба без гарадскіх агнёў.

«Мы маем магчымасць зноў пагрузіцца ў тое, што было самым звычайным у нашым басаногім дзяцінстве, але стала для многіх у сучасным свеце сапраўднай раскошай. Такую выдатную магчымасць вось ужо больш за 10 гадоў дае нам гэты народны фестываль з на дзіва цёплай, добрай і светлай атмасферай, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Сотні тысяч гледачоў, гаспадары рамесных і фермерскіх падворкаў, беларускія і замежныя артысты, якія імкнуцца прыехаць да нас (і гэты складаны год не выключэнне), не проста сталі сябрамі, а амаль парадніліся».

Шчырае сяброўства і жаданне сустрэцца заўсёды былі мацнейшыя за любыя перашкоды і адлегласці.

На думку кіраўніка краіны, «такіх свят, якія б аб'ядноўвалі асноўныя славянскія народы, няшмат»: «Гэта, можна сказаць, рэпетыцыя асноўнага свята, якое адбудзецца праз некалькі дзён – «Славянскага базару ў Віцебску».

Нездарма кажуць, што рай для кожнага чалавека там, дзе знаходзіцца яго сэрца. «Не толькі маё, але і ўсіх, хто сабраўся тут, сэрца тут. Маё сэрца канчаткова і беспаваротна аддадзена гэтай зямлі і гэтым людзям. Усім беларусам, нашаму мудраму і моцнаму народу. Народу, які за многія стагоддзі сваёй гісторыі перажыў нямала бед і няшчасцяў, але ніколі і ні перад кім не станавіўся на калені. Народ, які выдатна ведае кошт слоў і спраў, які выпакутаваў права жыць у сваёй дзяржаве і самастойна выбіраць і вызначаць сваю будучыню», — дадаў Прэзідэнт.

2020-ы завяршае трылогію «Малой радзімы». Кіраўнік краіны папрасіў прысутных азірнуцца вакол, паглядзець, колькі добрага зроблена намі для роднай зямлі, узгадайць, якой яна была некалькі гадоў таму і пяць, дзесяць, чвэрць стагоддзя таму.

«Ваша вялікая заслуга ў тым, што ўжо не адно пакаленне беларусаў расце ў шчаслівайай, чыстай, мірнай і прыгожай краіне. Краіне, якую стварылі мы з вамі практычна з нуля, на абломках вялікай імперыі, імя якой Савецкі Саюз. Так, было нялёгка. Вядома, нешта атрымалася на «выдатна», нават лепш, чым мы сабе калісьці ўяўлялі. Штосьці на «добра». А над чымсьці трэба будзе яшчэ нямала працаваць. Бо мы ж з вамі дакладна ведаем: бохан свежага духмянага натуральнага хлеба - гэта вынік доўгай, упартай і карпатлівай працы. І ніяк інакш», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Па яго словах, адзіны спосаб стварыць найлепшую будучыню для сваёй краіны і для свайго народа — працаваць на вынік, аб'ядноўвацца перад любымі выпрабаваннямі, пераадольваць усе цяжкасці.

«Нездарма ў савецкія часы гаварылі: перш чым спытаць, што Радзіма зрабіла для цябе, спытай, а што я зрабіў для Радзімы для сваёй краіны для свайго народа? І адкажы на гэтае пытанне сумленна, — нагадаў Прэзідэнт. —  Сапраўдная любоў да Айчыны - стваральная. Таму давайце і далей разам будаваць нашу Беларусь справядлівай, бяспечнай і моцнай краінай. Зараз  гэта вельмі актуальна. Калі мацнейшыя імкнуцца перадзяліць свет, зламаць устоі, навязаць больш слабым краінам сваё мысленне», — дадаў Аляксандр Лукашэнка і выказаў думку, што ў такія часы галоўнае —  слухаць сваё сэрца, якое заўсёды пакажа самы верны і правільны шлях у будучыню.

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.