Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Без дарог Беларусі няма


Сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў Слаўгарадскі раён Магілёўскай вобласці. Ён афіцыйна адкрыў рух па новым мосце, які злучыў правы і левы берагі Сожа. На гэты мост мясцовыя жыхары і ўлады ўскладаюць вялікія надзеі па развіцці паўднёвага ўсходу Магілёўшчыны  і слаўгарадскага Засожжа ў прыватнасці: 15 працэнтаў тэрыторыі аддзеленыя ад астатняга раёна ракой, праз якую ніколі не было зручнай пераправы (у цёплы час года 8 вёсак з райцэнтрам злучаў пантонны мост, а ў халодны трэба было рабіць крук у сто кіламетраў).


У праграме візіту кіраўніка дзяржавы таксама наведванне знакамітай Блакітнай крыніцы, да якой, дзякуючы новаму мосту, дабірацца стала значна прасцей.

Развіццю паўднёва-усходніх рэгіёнаў Магілёўскай вобласці Аляксандр Лукашэнка надае вялікую ўвагу. Менш за год таму ён наведваў Касцюковіцкі раён, каб на свае вочы пабачыць, як  рэалізуецца Указ № 235 ад 8 чэрвеня 2015 года і адпаведная праграма, згодна з якімі шэраг преферэнцый і льгот атрымалі прадпрымальнікі і жыхары Крычаўскага, Клімавіцкага, Краснапольскага, Касцюковіцкага, Слаўгарадскага, Чэрыкаўскага і Хоцімскага раёнаў. Тады Прэзідэнт правёў нараду, на якой дэталёва разгледзеў стан спраў у рэгіёне і запатрабаваў ад мясцовых ўладаў забяспечыць штогадовую дынаміку росту пацярпелых ад Чарнобыльскай катастрофы раёнаў. Каб людзі, якія тут жывуць і працуюць, адчувалі сябе ўпэўнена, жылі годна і ганарыліся сваёй малой радзімай.

У канцы мая сёлета дзеянне 235-га указа было працягнута да 2025 года.

Старшыня Магілёўскай вобласці Леанід Заяц далажыў кіраўніку дзяржавы аб развіцці рэгіёна. Аб'ём валавога рэгіянальнага прадукту за пяць месяцаў года склаў 98,3 працэнта да леташняга ўзроўню пры заданні на паўгоддзе 102,5 працэнта. На Магілёўшчыне са студзеня да сакавіка былі працаўладкаваныя 1133 чалавекі на новаўтвораныя працоўныя месцы на новых вытворчасцях і прадпрыемствах.

Міністр транспарту і камунікацый Аляксей Аўраменка расказаў аб будаўніцтве маставога пераходу праз раку Сож у горадзе Слаўгарадзе. Асаблівасць гэтага праекта — у выкарыстанні металічнага пралётнага збудавання (ферм), якія былі раней дэмантаваныя з мосту праз раку Сож у горадзе Крычаў, дастаўлены водным шляхам да Слаўгарада і зманціраваныя на новым мосце.

Гэта дазволіць звязаць паміж сабой раёны паўднёвага ўсходу Магілёўскай вобласці ўстойлівай сувяззю з самымі сучаснымі нагрузкамі. Акрамя таго, мост дазволіць забяспечыць лепшы доступ да мясцовай славутасці — Блакітнай крыніцы, якую наведваюць дзесяткі тысяч людзей не толькі з Беларусі, але і іншых краін.

Міністр таксама далажыў аб рэалізацыі праграмы рэканструкцыі і мадэрнізацыі маставых збудаванняў за кошт крэдытаў Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця. У выніку чаго будуць абноўленыя два пуцеправоды праз чыгунку на трасе М-10, пуцеправод праз аўтамабільную дарогу на трасе М-8, 14 мостаў праз рэкі і адзін праз Днепра-Бугскі канал.

ЕБРР вылучае на рэканструкцыю і мадэрнізацыю 18 мастоў 126 мільёнаў еўра. Тэрмін рэалізацыі праграмы — тры гады.

Прэзідэнт пацікавіўся перспектывай развіцця дарожнай сеткі ў паўднёвым і паўночным напрамках. 

Добрая дарога на Полацк павінна з'явіцца да канца наступнай пяцігодкі, выказаў ён спадзяванне.

«Мне хацелася б, вядома, злучыць Мінск з Полацкам добрай дарогай», — сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся і станам мясцовых дарог. 

Перш за ўсё трэба злучыць абласныя цэнтры з раённымі, наступны этап — райцэнтры звязаць добрымі дарогамі з аграгарадкамі. Пасля гэтага настане час аднавіць дарогі да малых вёсак. 

«Без дарог Беларусі няма, — заявіў лідар. — Гэта і настрой людзей, і эканоміка, і на транзіт, на якім можна зарабіць».

«Добра, што мы своечасова падхапілі свае дарогі, прывялі ў парадак»

Меліярацыя — найважнейшае пытанне, каб вярнуць да жыцця землі, у якія былі ўкладзеныя вялізныя грошы яшчэ ў савецкія часы, лічыць Прэзідэнт. 

«Далей цягнуць нельга. Я ўжо бачу з верталёта, — сказаў ён дзяржаўным служачым, якія яго сустрэлі на Слаўгарадшчыне. — ...Меліяратыўная работа ў нас прыпынілася. А палі нядрэнныя».

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што шмат палёў зарастае хмызняком. Размова не толькі пра Слаўгарадскі раён.

«Пакуль хмызняк, а заўтра ўжо будуць такія пні, якія прыйдзецца карчаваць, — папярэдзіў ён. — Таму трэба кінуць усё, палічыць, бо закапаць у балота можна любыя грошы... Таму асабіста палічыць і пад адказнасць губернатараў».

Пасля размовы з кіраўніцтвам вобласці і міністрам транспарта і камунікацый Прэзідэнт падышоў да людзей, якія, нягледзячы на халодны дождж, чакалі яго на новым мосце: мостабудаўнікі, дарожнікі і мясцовыя жыхары. 

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што не заўсёды быў упэўнены ў мэтазгоднасці будаўніцтва моста менавіта ў гэтым месцы. Так, нязручна без яго, але падобных мясцін у Беларусі шмат. Тым не менш, мост пабудаваны, і кіраўнік дзяржавы не мог схаваць радасці.

Ён прызнаўся таксама ў тым, што не збіраўся прыязджаць на яго адкрыццё, але калі пабачыў фатаграфіі гэтых мясцін, якія яму паказаў кіраўнік рэгіёна, то пагадзіўся і з неабходнасцю будаўніцтва моста, і сам захацеў сюды абавязкова прыехаць. 

Ён пахваліў гаспадарлівасць мостабудаўнікоў, якія не сталі выкідваць дэмантаваныя клічаўскія моставыя канструкцыі і выкарысталі іх тут. 

«Мы дамовіліся з еўрапейцамі пра тое, што ў найбліжэйшыя тры гады вось такіх мастоў і больш складаных пабудуем і мадэрнізуем 18, — паведаміў Прэзідэнт. — Гэта ж транзіт з усходу на захад, яны (ЕС. — «Зв.») у гэтым зацікаўленыя. ...Добра, што мы своечасова падхапілі свае дарогі, прывялі ў парадак, сёння яны (транзітныя грузы. — «Зв.») перамяшчаюцца праз Беларусь, а гэта добрыя для нас грошы». 

Аляксандр Лукашэнка выказаў пажаданне, каб конкурс на будаўніцтва гэтых мастоў выйгралі беларускія арганізацыі.

Раней падобныя конкурсы беларусам удавалася выйграваць, дзякуючы, па словах Прэзідэнта, у тым ліку і дзяржаўнаму кіраванню.

«Гэта дазваляла нам выйграваць гэтыя тэндары, бо ніхто нікому не даваў адкаты, ніхто не завышаў каштарыс, усё было сумленна, — аргументаваў ён. — І мы будавалі дарогу на Гродна (у еўрапейцаў пазычалі грошы), гэта вялізная работа была».

«Трэба аддаць гэтыя кавалкі зямлі людзям пад дачы»

Яшчэ адно важнае распараджэнне кіраўніка дзяржавы — будаваць дарогі з бетону, што дазволіла не толькі выкарыстаць лішкі беларускага цэменту, але і зэканоміць на вырабе асфальту.

Да таго ж, беларусы навучыліся будаваць вельмі якасныя дарогі з бетону. І менавіта такія павінны быць ад раённых цэнтраў да ўсіх аграгарадкоў — так званыя унутрыгаспадаркавыя.

«Дарогі — гэта жыццё. Няма дарогі, няма жыцця», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Працягваючы абмалёўваць людзям планы на бліжэйшую будучыню, Аляксандр Лукашэнка закрануў і тэму пустых землящ у былых цэнтральных гаспадарках, якія страцілі свой статус, а таксама ў так званых неперспектыўных вёсках.

«Вёскі кідаць нельга, — упэўнены беларускі лідар. — Вёскі трэба выратоўваць. А як?.. Трэба аддаць гэтыя кавалкі зямлі людзям пад дачы».

У гэтым залог здароўя нацыі і стабільнасці ў грамадстве, дадаў ён. Менавіта на гэта будзе накіраваная вялікая сацыяльная праграма. І, дарэчы, каб яна была рэалізаваная, таксама патрэбны дарогі.

Аляксандр Лукашэнка пералічыў перавагі, якія атрымалі жыхары не толькі Слаўгарадскага раёна ад будаўніцтва гэтага мосту праз Сож: палепшаныя зносіны з іншымі раёнамі і Расіяй, дадатковыя заліўныя лугі.

Ён сказаў, што ганарыцца беларускімі спецыялістамі, якія ўзводзяць падобныя збудаванні.

«Я вас усіх віншую, гэта вялікае свята. Гэта дарога жыцця. Асабліва ў час мабільнасці».

«Калі замацуецеся тут, то і дзеці вашы будуць жыць».

Мясцовыя жыхары шчыра падзякавалі кіраўніку дзяржавы за ўвагу і клопат пра раёны, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС.

«Гэты мост — знак таго, што мы патрэбныя тут, дома, на роднай зямлі, дзе ствараюцца ўсе неабходныя ўмовы для нармальнага жыцця», — прагучала ў кароткай прамове ў адказ Прэзідэнту.

«Мы прынялі Праграму развіцця паўднёвага усходу Магілёўскай вобласці…. У будучай пяцігодцы праграма павінна быць рэалізаваная, — пракаментаваў гэты зварот Прэзідэнт. — Калі мы рэалізуем яе, Магілёўшчына будзе жыць. Гэта будзе цудоўнае дапаўненне да караваю нашай Магілёшчыны».

Ён пагадзіўся, што чалавек больш за ўсё патрэбны на сваёй зямлі, якую ведае і любіць.

«Глядзіце на сваю зямлю, бо калі замацуецеся тут, то і дзеці вашы будуць жыць. Яны атрымаюць фундамент для развіцця. А калі будзеце «гастраляваць» па Беларусі альбо па свеце, то калі вернецеся — тут нічога не будзе, і дзе будуць вашы дзеці? Таму будуйце свой дом тут», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт паабяцаў, што зробіць усё, каб праграма развіцця паўднёвага ўсходу Магілёўскай вобласці была рэалізаваная.

Ён папрасіў старшыню аблвыканкама падумаць, якія тут можна вырошчваць культуры.

Падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця маставога пераходу праз раку Сож аўтатрасы Р-140 Слаўгарад — Краснаполле сімвалічны ключ кіраўніку дзяржавы перадаў генеральны дырэктар РУП «Магілёўаўтадар» Анатоль Лапацін.

Прэзідэнт у сваю чаргу перадаў потым сімвалічны ключ Леаніду Зайцу і заўважыў, што людзі задаволеныя новым кіраўніком рэгіёна.

Праехаўшы па новым мосце Аляксандр Лукашэнка накіраваўся да мясцовай славутасці — Блакітнай крыніцы, дзе пакаштаваў слаўгарадскія дамашнія сыры, мёд, пагутарыў з рамеснікамі і пчалярамі. На самой крыніцы зайшоў у каплічку, паразмаўляў са святаром і паломнікамі.

«Вось куды трэба прыязджаць ад пандэміі лячыцца, — падзяліўся сваімі ўражаннямі напрыканцы візіту Прэзідэнт. — Мёд пакаштаваў, акунуўся… Вось тут трэба і лячыцца».

Па словах старшыні райвыканкама Сяргея Міхалюты, у выхадныя дні сюды прыязджае да трох тысяч чалавек. Мясцовыя ўлады клапоцяцца пра тое, каб захаваць гэтае ўнікальнае месца.

Дарэчы некаторыя журналісты і члены дэлегацыі, якія суправаджалі Прэзідэнта, таксама з задавальненнем прайшліся па рэчышчы гэтага празрыстага цуда з крыштальнай ледзяной вады басанож. Па асабістым ўражанні скажу — гэта сапраўднае захапленне!

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».