Вы тут

На якія раскопкі чакаюць валанцёраў?


Хто не капаў, той не зразумее, чаму ў свой адпачынак людзi кiдаюць камфортнае жытло i з'язджаюць з палаткай куды-небудзь у лес цi поле, каб бясплатна займацца бруднай работай. Напрыклад, многiм валанцёрам з Полацкага археалагiчнага легiёна ўжо каля 30-40 гадоў. Удзельнiчаць у раскопках яны пачыналi яшчэ студэнтамi, а сёння ўжо едуць са сваiмi дзецьмi. I нават тыя з iх, хто жыве i працуе за мяжой, летам вяртаюцца валанцёрамi на Беларусь. Прычым не трэба думаць, што справа археолага такая ўжо азартная, — хлопцы капаюць i выносяць зямлю, а дзяўчаты перацiраюць яе памiж пальцамi ў пошуку паржавелых цвiкоў, чарапкоў ды костак цi чаго больш важкага — каму як пашанцуе. Самае цiкавае пачынаецца, калi знаходкi назапашваюцца, i па iх кiраўнiк экспедыцыi пачынае ўжо «чытаць гiсторыю», якая на гэтай зямлi адбывалася стагоддзi таму. I гэта рэальны цуд, калi аказваецца, што людзi розных прафесiй — а зусiм не абавязкова студэнты цi выпускнiкi гiстарычных факультэтаў — прычыняюцца да гэтых адкрыццяў.


Сёлета «пальцы» — так сябе называюць валанцёры, якiя ўдзельнiчаюць у раскопках разам з археолагам Маратам Клiмавым — будуць працаваць на Чарсвядах. Валанцёрскi летнiк «Шляхамi полацкiх князёў» — гэта не толькi раскопкi паселiшчаў ХI—ХVIII стагоддзяў, але i цiкавая забаўляльная праграма з «Паляваннем на маманта», «Плаваннем Эрыка Рудога», «Баварскiм вечарам», спевамi пад гiтару i iншымi цiкавiнкамi. Усё гэта будзе адбывацца ў маляўнiчых мясцiнах Паўночнай Беларусi (побач азёры ды лес). Усе, хто хоча далучыцца, могуць напiсаць на palatyda@tut.by.

Увесь лiпень працуе археалагiчны летнiк «Наўры-2020». Раскопкi праводзiць Нацыянальны гiстарычны музей Рэспублiкi Беларусь сумесна з Мiжнародным дзяржаўным экалагiчным iнстытутам iмя А. Д. Сахарава БДУ i Беларускiм дзяржаўным музеем народнай архiтэктуры i побыту. Тут вядуцца даследаваннi некропаля крывiчоў Наўры II (Х — першай паловы ХI стагоддзяў), якi знаходзiцца каля аднайменнай вёскi Мядзельскага раёна Мiнскай вобласцi. Кантакты арганiзатараў можна знайсцi на сайце музея ў раздзеле навiн.

Валанцёраў чакаюць у Крэве. Работы будуць праводзiцца на аб'екце «Крэўскае гарадзiшча» ХI—XIV стагоддзяў. Кожны год тут збiраюцца не проста неабыякавыя добраахвотнiкi, а вельмi цiкавыя i творчыя людзi. На вечар забяспечана цiкавая культурная праграма. Запоўнiць анкету валанцёра можна на сайце.

З 27 лiпеня да 9 жнiўня працуе экспедыцыя «Асавец», якая даследуе тарфянiкавае паселiшча першай паловы II тысячагоддзя да нашай эры. Крывiнскi тарфянiк размешчаны ў паўднёвай частцы Беларускага Паазер'я, на мяжы Бешанковiцкага i Сенненскага раёнаў Вiцебскай вобласцi. Археалагiчныя даследаваннi праводзяцца экспедыцыяй Iнстытута гiсторыi НАН Беларусi ўжо не першае дзесяцiгоддзе. Тут зроблены шэраг сенсацыйных знаходак, што паказваюць, якiм было на нашай зямлi жыццё першабытных людзей. У свой час тут быў з экспедыцыяй Уладзiмiр Караткевiч. Падрабязнасцi шукайце на старонцы www.asaviec.by.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Цуд на рыдлёўцы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?