Вы тут

Адна спроба ЭКА — бясплатна. Больш бяздзетных сем'яў атрымаюць шанц стаць бацькамi


Прымяненне метадаў дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогiй дазваляе шлюбным парам стаць бацькамi. Летась з дапамогай ЭКА наступіла цяжарнасць у 1805 жанчын, што складае 1,24 працэнта ад агульнай колькасцi родаў у краiне. Пра гэта расказала галоўны спецыялiст аддзела дапамогi мацi i дзецям Мiнiстэрства аховы здароўя Людмiла КЕДА.


Шчасце мець дзiця

— Са студзеня 2021 года ў сiлу ўступiць Указ Прэзiдэнта № 171 «Аб сацыяльнай падтрымцы асобных катэгорый грамадзян», якi дазволiць шматлiкiм сямейным парам мець права на адну бясплатную спробу экстракарпаральнага апладнення. Скарыстацца гэтым змогуць тыя пары, якiя з'яўляюцца грамадзянамi Беларусi, пры наяўнасцi медыцынскiх паказанняў i адсутнасцi супрацьпаказанняў. Акрамя таго, узрост мужа i жонкi не павiнен перавышаць 40 гадоў. На сённяшнi дзень вызначаны тры арганiзацыi, у якiх будуць ажыццяўляцца бясплатныя ЭКА: гэта Рэспублiканскi навукова-практычны цэнтр «Мацi i дзiця», сталічны Гарадскi клiнiчны радзiльны дом № 2, а таксама Гомельскi абласны дыягнастычны медыка-генетычны цэнтр з кансультацыяй «Шлюб i сям'я».

Фiнансаванне расходаў на адну спробу ЭКА прадугледжваецца за кошт сродкаў рэспублiканскага бюджэту. Пры гэтым такiм правам змогуць скарыстацца таксама пары, якiя спрабавалi здзейснiць ЭКА на платнай аснове. Адзiнае выключэнне складаюць пары, у якiх ЭКА праводзiцца з выкарыстаннем донарскiх палавых клетак.

У краiне прыблiзна 14 працэнтаў пар бясплодныя. Людмiла Кеда адзначае, што часцей за ўсё гэта звязана з гiнекалагiчным анамнезам жанчын, а таксама станам рэпрадуктыўнага здароўя як жанчын, так i мужчын.

— У 2005 годзе колькасць жанчын, якiя пакутуюць на бясплоддзе, знаходзiлася на ўзроўнi 372,1 на 100 тысяч жаночага насельнiцтва ва ўзросце ад 18 да 49 гадоў, у мiнулым жа годзе гэты паказчык склаў 752,4. Назiраецца стабiльна высокая дынамiка тых, каму ўпершыню ставяць дыягназ «бясплоддзе». «Летась гэты паказчык склаў 202,5 на 100 тысяч жаночага насельнiцтва. Усяго ў 2019 годзе зарэгiстравана 15 496 выпадкаў жаночага бясплоддзя, з iх выяўленых упершыню — больш за 4 тысячы. Расце распаўсюджанасць i мужчынскага бясплоддзя: летась зарэгiстраваны 3181 выпадак, што складае 92,2 на 100 тысяч мужчынскага насельнiцтва ва ўзросце ад 18 гадоў i старэй.

Шлюбы i першыя роды «старэюць»

На пачатку года жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту (ад 15 да 49 гадоў) у нашай краiне налiчвалася 23 працэнты ад агульнай колькасцi насельнiцтва. Летась у параўнаннi з 2015 годам колькасць такiх жанчын паменшылася на 119 635 чалавек, або на 5,2 працэнта. Адпаведна назiраецца i знiжэнне нараджальнасцi. Пра гэта расказала начальнiк упраўлення народанасельнiцтва, гендарнай i сямейнай палiтыкi Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Марына АРЦЁМЕНКА.

— Такая сiтуацыя сёння назiраецца ў большасцi еўрапейскiх краiн. Гэта абумоўлена рознымi прычынамi. Адна з iх — павелiчэнне ўзросту ўступлення ў шлюб. Калi ў 2009 годзе ў Беларусi для жанчын гэты паказчык быў 24,2 года, для мужчын — 26,4 года, то летась сярэднi ўзрост тых, хто ўступiў у першы шлюб, павялiчыўся прыблiзна на два гады i склаў для жанчын 26,1 года, для мужчын — 28,3 года. Адпаведна павышаецца ўзрост мацярынства. Сярэднi ўзрост мам пры нараджэннi дзiцяцi летась склаў 29,6 года. Пры нараджэннi першынца ён нiжэйшы — 26,8 года, але гэта на 2,5 года больш, чым дзесяць гадоў таму. Дарэчы, у сярэднiм узрост мацярынства штогод павялiчваецца на тры месяцы. Таксама да прычын можна аднесцi знiжэнне колькасцi заключаных шлюбаў i высокi ўзровень разводаў, ураўноўванне мужчынскага i жаночага ўнёску ў агульны даход сям'i.

Апошнiя гады адзначаецца стабiлiзацыя колькасцi родаў, якiя праходзяць без ускладненняў. «Скрынiнгавае ультрагукавое абследаванне праходзяць 97 працэнтаў будучых мам, што кожны год дазваляе выяўляць каля 1400 выпадкаў прыроджаных парокаў развiцця. Летась удзельная вага нармальных родаў склала 43,1 працэнта, частата кесарава сячэння — 31,3 працэнта, заўчасных родаў — 4,1 працэнта. Шматплодныя роды ў агульнай структуры складаюць 1,2 працэнта. Усяго за мiнулы год у краiне нарадзiлiся 87 602 дзiцяцi, з iх больш за тысячу двайнят i 15 трайнят. На канец першага квартала бягучага года на ўлiку ў жаночых кансультацыях стаяла 51 582 цяжарныя жанчыны», — звярнула ўвагу спецыяліст.

— У нашай краiне нiзкi паказчык дзiцячай смяротнасцi. Летась ён склаў 2,4 на 1000 чалавек, у тым лiку тры смерцi на 1000 дзяцей да пяцi гадоў. Мацярынская смяротнасць ад акушэрскiх прычын таксама адна з самых нiзкiх у свеце, яе паказчык быў роўны 1,1 на 100 000 чалавек. У краiне больш за 20 гадоў паспяхова функцыянуе рознаўзроўневая сiстэма аховы здароўя мацi i дзiцяцi, што дазваляе кантраляваць розныя паказчыкi. У нас дзейнiчаюць Рэспублiканскi навукова-практычны цэнтр «Мацi i дзiця» чацвёртага тэхналагiчнага ўзроўню, 17 перынатальных цэнтраў трэцяга ўзроўню, 27 перынатальных цэнтраў другога ўзроўню. 64 арганiзацыi аховы здароўя належаць да першага, раённага, узроўню.

«Дывiдэнды» ад сямейнага капiталу

У краiне павялiчваецца колькасць шматдзетных сем'яў. Гэта сведчыць пра тое, што палiтыка дзяржавы, накiраваная на iх падтрымку, дае станоўчы вынiк, лiчыць Марына Арцёменка. «Больш за 353 тысячы дзяцей у Беларусi выхоўваецца ў шматдзетных сем'ях, гэта фактычна 19 працэнтаў ад агульнай колькасцi дзяцей. Пры гэтым павышаецца доля другiх i наступных дзяцей. Калi па вынiках перапiсу 2009 года ў нас было 62,5 тысячы шматдзетных сем'яў, то сёння iх ужо больш за 108 тысяч. Гэта вельмi пазiтыўны трэнд. Дарэчы, самая шматдзетная вобласць — Брэсцкая», — адзначыла яна.

На сённяшні дзень сямейны капiтал прызначаны ў краiне больш чым 85,5 тысячы шматдзетных сем'яў. Прынята больш за 16 тысяч рашэнняў аб датэрмiновым распараджэннi сродкамi сямейнага капiталу. З iх 94 працэнты — на паляпшэнне жыллёвых умоў.

— Вынiкi пяцiгадовай праграмы сямейнага капiталу паказалi яе эфектыўнасць, — адзначыла Марына Арцёменка. — За пяць гадоў колькасць дзяцей, якiя нарадзiлiся трэцiмi i наступнымi, павялiчылася на 40 працэнтаў. Цяпер праграма прадоўжана да 2024 года ўключна. Пашырылiся кiрункi яе датэрмiновага выкарыстання. Адзiн з iх — паляпшэнне жыллёвых умоў для тых, хто знаходзiцца на ўлiку маючых патрэбу. Прычым варыянты розныя: набыццё жылля, пагашэнне запазычанасцi па выдадзеных крэдытах. Другi кiрунак — атрыманне любым членам сям'i платных медыцынскiх паслуг. Гэта прадугледжвалася i раней, але цяпер пашырана за кошт стаматалагiчных паслуг. Трэцi — атрыманне вышэйшай адукацыi першай ступенi (таксама любым членам сям'i).

Дарэчы, наша краiна знаходзiцца ў лiдарах сярод iншых па працягласцi водпуску па доглядзе дзiцяцi — у нас ён прадугледжаны да трох гадоў. Выплата пры нараджэннi першынца складае 35 працэнтаў заработнай платы, пры нараджэннi другога дзiцяцi i наступных — 40 працэнтаў. Значнымi з'яўляюцца i памеры аднаразовых дапамог — 10 бюджэтаў пражытачнага мiнiмуму пры нараджэннi першага дзiцяцi i 14 бюджэтаў пры нараджэннi другога i наступных дзяцей.

Дарэчы

На сёння ў краiне зарэгiстравана каля 500 цяжарных i парадзiх з каранавiруснай iнфекцыяй. Аднак выпадкаў, якiя прывялi б да крытычных сiтуацый, або цяжкiх пацыентак пакуль не было, адзначаюць спецыялiсты. «У краiне прыняты ўсе меры, каб мiнiмiзаваць рызыку iнфiцыравання COVID-19 цяжарных i нованароджаных. З самага пачатку развiцця сiтуацыi ў нас былi вызначаны радзiльныя дамы i аддзяленнi, у якiх праводзiлiся роды такiх пацыентак. У Мiнску, напрыклад, — шостае радзiльнае аддзяленне гарадской клiнiчнай бальнiцы № 6. Быў размежаваны паток наведвання жаночых кансультацый. На сёння забаронены наведваннi ў радзiльных дамах, таксама ўведзена абмежаванне на партнёрскiя роды».

Дар'я ШЛАПАКОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».