18 верасня, пятніца

Вы тут

Спецыяльная экспедыцыя будзе зладжана беларускiм i польскiм бакамі


Мэта вандроўкi — вызначыць аб'екты, што маюць дачыненне да плана «Кунштат». Гаворка iдзе аб мануфактурах, якiя ў XVIII стагоддзi будавалiся на беразе рэчкi Ласасянкi пад патранажам гродзенскага старасты Антонiя Тызенгаўза. Менавiта ён прынёс Гродну славу прамысловага еўрапейскага горада. Захавалася нямала будынкаў тагачаснага перыяду, у тым лiку знакамiты архiтэктурны комплекс Гараднiцы ў Гродне — квартал майстроў i мануфактур. Па такiм жа прынцыпе быў падрыхтаваны i план забудовы Кунштата за межамi горада.


Ад шляху Тызенгаўза да Кунштата

Iдэя пошуку знiклага горада майстроў невыпадковая. Цяпер у Гродне вядзецца рэканструкцыя былой рэзiдэнцыi Антонiя Тызенгаўза, якi, дарэчы нарадзiўся пад Навагрудкам i стаў сапраўдным рэфарматарам свайго часу. Вядома, будынак за 250 гадоў страцiў былую велiчнасць. Пасля рэканструкцыi, магчыма, элементы мiнулай эпохi будуць вернуты. У планах — надаць аб'екту рысы гарадской ратушы, будынак якой не дайшоў да нашых часоў. Магчыма, тут будуць прымаць замежных гасцей i розныя прадстаўнiчыя дэлегацыi. Ва ўсялякiм выпадку, былая рэзiдэнцыя павiнна адпавядаць эпосе Тызенгаўза.

Акрамя гэтага з'явiцца магчымасць здзейснiць вандроўку па шляху Тызенгаўза. Будынак стане адпраўным пунктам унiкальнага i даволi працяглага веламаршруту. А завершыцца гэты маршрут ажно ў польскiм горадзе Сакулка, дзе знаходзiцца падобны будынак гарадзенскага старасты. У абодвух пунктах будзе арганiзаваны i пракат ровараў. Такiм чынам, можна здзейснiць сапраўднае падарожжа шляхам Тызенгаўза як з беларускага, так i з польскага боку. Работы вядуцца ў рамках трансгранiчнага праекта, якi так i завецца — «Шляхам Тызенгаўза». Праект пакуль на стадыi актыўных работ, мяркуецца, што ў наступным годзе ён будзе завершаны, i турысты з абодвух бакоў змогуць гэтым шляхам праехаць. Дарэчы, уладкавана i значная частка веламаршруту на беларускай тэрыторыi. Сцяжына праходзiць уздоўж папулярнага месца адпачынку гараджан — возера Юбiлейнага.

— Калi пракладвалi гэту дарожку, звярнулi ўвагу на рэчку Ласасянку, якая, уласна кажучы, i напаўняе возера. Па гiстарычных звестках, на беразе Ласасянкi Антонiй Тызенгаўз планаваў размясцiць больш магутныя мануфактуры. План меў назву Кунштат. Некаторыя пабудовы дайшлi i да нашага часу. Так з'явiлася iдэя новага праекта, якi мы будзем рэалiзоўваць з польскiм бокам, — расказаў каардынатар беларускай часткi праекта Сяргей Каляда.

Тут ткалi «гродзенскiя» залатыя паясы...

Цяпер былая вёска Ласосна знаходзiцца ў межах абласнога цэнтра, а ў часы Тызенгаўза тут была толькi карчма i некалькi дамоў. Пабудаваць прамысловы комплекс гродзенскi стараста вырашыў менавiта з-за паўнаводнай рэчкi. Праект распрацаваў вядомы на той час архiтэктар Джузэпэ Сака. Як кажа гiсторык Андрэй Вашкевiч, да другой паловы XVIII стагоддзя пабудавалi 15 розных мануфактур. З Гродна была перанесена палатняная мануфактура, якая працавала на швейцарскiм абсталяваннi. Яе работу высока ацанiў кароль Станiслаў Аўгуст пасля наведвання Ласосна ў 1777 годзе. Тады ж сюды перанеслi i частку шоўкавай мануфактуры. Гэта вытворчасць пашыралася, бо мела добры попыт. Тут ткалi знакамiтыя «гродзенскiя» паясы, непаўторныя дываны, камiзэлькi, шалiкi з залатымi шоўкавымi нiткамi. Была тут i «залатая» фабрыка, дзе выраблялiся галуны i парча. Дарэчы, многiя мануфактуры мелi ваенны кiрунак. Гэта фабрыка зброi, вытворчасць па выпуску ваенных галаўных убораў, суконная мануфактура для ваенных мундзiраў. Мабыць, ад гэтай вытворчасцi ўзнiкла i назва сучаснага гарадскога мiкрараёна — Фолюш (фальцаваць — раўняць сукно).

— У часы Тызенгаўза Гродна становiцца прамысловым горадам. Аснова закладзена ў забудове Гараднiцы. Тут знаходзiлiся асноўныя мануфактуры горада — ад шпiлек да карэт. Але магутнасцяў гарадской рэчкi Гараднiчанкi не хапала, каб круцiць усе механiзмы. Таму было вырашана размясцiць мануфактуры на больш паўнаводнай Ласасянцы. Так узнiк праект Кунштата — яшчэ аднаго горада майстроў, — Сяргей Каляда дакладна ведае гiсторыю гэтых мясцiн.

Зараз можна ўбачыць хiба толькi рэшткi былога Кунштата. Чаму прыйшоў у заняпад прамысловы комплекс па выпуску, здавалася б, патрэбнай прадукцыi? Як мяркуе гiсторык Андрэй Вашкевiч, гэта звязана з пазбаўленнем пасады Антонiя Тызенгаўза. Да таго ж па Ласасянцы ў канцы XVIII стагоддзя прайшла мяжа Расii з Прусiяй. Пасля адыходу немцаў засталося некалькi сукнавальных мануфактур. Цяпер на гэтых землях яшчэ ёсць рэшткi тых пабудоў, некаторыя пазней пераабсталяваны ў вадзяныя млыны.

Менавiта адну з такiх старажытных пабудоў зараз узнаўляе фермер Яўген Дарагуш. Мураваны будынак быў пазначаны ў дакументах гродзенскай эканомii часоў Тызенгаўза. З таго перыяду тут месцiлася i вытворчасць гонты, i скураных вырабаў, была лесапiлка i нават панчошная фабрыка. Тое, што дайшло да нашых часоў, кажа фермер, ужо прыстасавана пад млын. Захаваліся грузавы лiфт, элеватар для зерня, драўляныя прылады. Яўген выношвае iдэю зрабiць тут музей i адкрыць аб'ект для турыстаў.

Экспедыцыя першапраходцаў

Больш поўную iнфармацыю аб тым, што захавалася на месцы былога Кунштата, мяркуецца атрымаць падчас сумеснай экспедыцыi па Ласасянцы. Яна будзе ладзiцца ў рамках трансгранiчнага праекта «Зялёны погляд» сумесна з польскiмi партнёрамi. Праект атрымаў адабрэнне i будзе фiнансавацца еўрапейскiм фондам. Прадугледжана выдзяленне 60 тысяч еўра на абодва бакi. Стаiць задача павысiць канкурэнтнасць трансгранiчнага рэгiёна праз прыродную, культурную i гiстарычную спадчыну.

— Па-першае, зладзiм водную экспедыцыю на байдарках. Будзем плыць з польскага боку, адкуль бярэ пачатак Ласасянка. Гэта не так далёка ад нашай мяжы. Потым працягнем вандроўку на беларускай тэрыторыi. Падчас сплаву будзем фiксаваць усе забудовы i нават iх рэшткi. Але не толькi. Таксама звернем увагу на экалагiчны стан рачулкi. Цi ёсць нейкiя шкодныя выкiды цi яшчэ што, у якiм стане прыбярэжная тэрыторыя. Будзем ацэньваць прыродныя i турыстычныя асаблiвасцi гэтых мясцiн. Усё гэта будзе адлюстравана ў фота i вiдэаматэрыялах, — запэўнiў кiраўнiк праекта.

Праект пачаўся сёлета ў лiпенi i завершыцца роўна праз год. Для ўдзелу ў экспедыцыi будуць запрошвацца фотамайстры, якiя правядуць майстар-класы. У далейшым па вынiках экспедыцыi будзе выдадзены фотаальбом i зладжана выстаўка работ. Дарэчы, экспазiцыю, якая будзе называцца «У пошуках Кунштата», плануецца размясцiць у адрамантаванай рэзiдэнцыi Антонiя Тызенгаўза. Той самай, дзе зараз вядуцца работы. Таксама будуць закуплены сучасны фотаапарат i квадракоптар. На думку каардынатара праекта, «пашпарт» Ласасянкi i наваколля можа стаць падставай для новых турыстычных маршрутаў, у тым лiку па тэрыторыi былога Кунштата.

Цi ёсць будучыня ў Кунштата?

Там, дзе раней будавалiся мануфактуры, цяпер ствараецца паркавая зона. Гэта тэрыторыя перададзена гораду пасля таго, як тут былi знесены стыхiйныя дачы. Крыху далей, за драўляным мосцiкам, знаходзiцца вёска Ласосна. У канцы XVIII стагоддзя тут была тэрыторыя Прусii. З гэтых часоў Кунштат ужо амаль не iснаваў, але рэшткi былых мануфактур можна ўбачыць на фундаментах некаторых жылых дамоў. Тут нават захавалася сцяна адной з фабрык, аб чым сведчыць каменная кладка тых часоў.

Многае не ўдалося здзейснiць. На верхнiх тэрасах Ласасянкi павiнны былi размясцiцца храмы i адмiнiстрацыйныя будынкi, у далiне ракi — фабрыкi i млыны, а на спусках — жылая забудова. I хоць гiстарычная спадчына старога Кунштата невялiкая, але ёсць iдэя захаваць гэту прастору. Магчыма, задумку можна будзе ўвасобiць праз чарговы трансгранiчны праект. Работа па ўзнаўленнi старажытнай эпохi пачалася рэканструкцыяй будынкаў Тызенгаўза i стварэннем веламаршруту памiж яго рэзiдэнцыямi. Па новым праекце мяркуецца заняцца пошукам i фотафiксацыяй былога Кунштата. Але цi атрымаецца вызначыць старажытны горад майстроў на мясцовасцi? Па словах Сяргея Каляды, гэту iдэю трэба прасоўваць праз трансгранiчны праект:

— Наўрад цi зараз у мясцовым бюджэце знойдуцца сродкi для такога праекта. Па-першае, трэба чысцiць Ласасянку, добраўпарадкаваць берагi, а галоўнае — дарогi. Па-другое, ствараць адпаведную турыстычную iнфраструктуру, магчыма, пракладваць веламаршрут. На гэта спатрэбяцца значныя сродкi. А вось праз трансгранiчныя праекты ўзнавiць Кунштат як гiстарычную прастору больш верагодна.

Па сутнасцi, такi план iснуе. У iм прапануецца ўзнавiць на тэрыторыi ваеннага гарадка Фолюш, былой тэрыторыi Кунштата, сiмвалiчную круглую плошчу. Абсталяваць аглядальную пляцоўку з вiдам на Ласасянку. Саму рэчку перакрыць дамбай, на якой пабудаваць рэстаран у стылi млына Тызенгаўза. Былыя ваенныя казармы пачатку ХХ стагоддзя ператварыць у гасцiнiцы цi хостэлы. Такiм чынам, вярнуць да жыцця яшчэ адзiн унiкальны гiстарычны аб'ект.

Ва ўсялякiм выпадку, гэта тэма ў полi зроку гродзенскiх заяўнiкаў. Па словах Сяргея Каляды, ёсць у iх i партнёры з польскага боку. Спрыяе гэтай тэме i новы экалагiчна-гiстарычны кiрунак чарговага этапу праграмы «Польшча — Беларусь — Украіна», якi будзе пачынацца з будучага года.

— Вядома, для рэалiзацыi задумкi патрэбна «прыгожая» iдэя. Мяркую, што вызначэнне гiстарычнай прасторы Кунштата — адна з такiх iдэй. I хоць сёння мала хто ведае аб гэтай унiкальнай забудове гродзенскага рэфарматара, яна ўсё ж такi iснуе. I гэта самае дзiўнае...

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: У пошуках Кунштата — горада майстроў

Выбар рэдакцыі

Спорт

Чым жыве баранавіцкі хакей на траве і чаго яму не хапае для поўнага шчасця

Чым жыве баранавіцкі хакей на траве і чаго яму не хапае для поўнага шчасця

Баранавічы славяцца не толькі чыгункай, авіязаводам і шматлікімі прадпрыемствамі, але і хакеем на траве.

Грамадства

Чаму ў гэтым эпідсезоне варта абавязкова прышчапіцца?

Чаму ў гэтым эпідсезоне варта абавязкова прышчапіцца?

Масавая кампанія па вакцынацыі ад грыпу распачата сёлета ў краіне з сярэдзіны верасня.