Вы тут

Аса атакуе раптоўна. Як засцерагчыся ад крылатых агрэсараў?


Пры ўсiх выгодах лета ёсць у iм адзiн мiнус — рэзка актывiзуюцца небяспечныя насякомыя. Восы, пчолы, чмялi i шэршнi асаблiва заўважны ў цёплае надвор'е i ў другой палове лета, калi спее садавiна. Няпрошаныя госцi могуць да вас прычапiцца, калi вы варыце варэнне, праветрываеце пакой без маскiтнай сеткi альбо проста выйшлi пагуляць у яркiм адзеннi. Вынiк уджалення можа быць вельмi сумны.


Шырока вядомы выпадак у Слуцку, якi адбыўся ў вераснi 2018 года. Тады восы атакавалi мужа i жонку — яны вылецелi з саломы на прысядзiбным участку i напалi на сужэнцаў. Мужчына атрымаў чатыры ўкусы, але пагаршэння стану не адчуў. А вось жанчыне не пашанцавала — раз'юшаныя насякомыя пачалi яе кусаць у вобласцi грудзей i жывата. Пры дапамозе дыхлафосу муж разагнаў рой. Жанчына зайшла ў дом i пачала задыхацца. Медыкi выратаваць яе не здолелi...

Тады ж, у 2018-м, восы сумна адзначылiся i ў Гродне, дзе напалi на дзяцей у садку. Тады ў бальнiцу трапiла пяцёра малых. Хэпi-эндам скончылася гiсторыя ў Мсцiслаўскiм раёне, дзе мясцовую жыхарку атакавалi шэршнi, — яе, на шчасце, удалося выратаваць супрацоўнiкам МНС.

— Як нi дзiўна, згодна са статыстыкай, колькасць смяротных вынiкаў ад укусаў джаланосных насякомых у тры разы большая за колькасць смерцяў ад ядавiтых змей, — расказвае афiцыйны прадстаўнiк Мiнскага гарадскога ўпраўлення па надзвычайных сiтуацыях Марына Зямчонак. — Адрознiць iх памiж сабой неспецыялiсту даволi складана, таму трэба арыентавацца на памер: аса большая за пчалу i мае крыху iншую расфарбоўку. Шэршань, у сваю чаргу, падобны на асу, але большы за яе прыкладна ўдвая. Адпаведна, i доза яду ў яго будзе куды вышэйшая. Прычым у паводзiнах пчол ёсць адзiн цiкавы момант — яны не любяць цёплае надвор'е з высокай вiльготнасцю. Менавiта яно i назiралася ў нас не раз у чэрвенi, калi пасля дажджу слупок тэрмометра зноў сягаў пад трыццацiградусную адзнаку. Пчолы пачынаюць раiцца i асядаюць на вялiкiм па памерах прадмеце. У сельскай мясцовасцi гэта не так вiдаць, бо там яны выбiраюць адно са шматлiкiх дрэў. Iншая рэч — у горадзе. Неаднойчы нам тэлефанавалi людзi, якiя бачылi рой насякомых на дзiцячых пляцоўках, на прыпынках грамадскага транспарту. Мы ў такiх выпадках стараемся дзейнiчаць рацыянальным спосабам. У нас ёсць кантакты пчаляроў. Калi яны згодны аператыўна пад'ехаць i забраць рой, то мы гэтаму нiякiм чынам перашкаджаць не будзем. Усё-такi, пчолы — насякомыя не толькi пагрозлiвыя, але i вельмi карысныя, i навошта iх знiшчаць, калi можна зрабiць iнакш? Галоўнае, каб насякомыя не нашкодзiлi iншым людзям.

Як жа засцерагчыся ад атак? Стапрацэнтнай гарантыi, на жаль, не iснуе, але некаторыя захады зрабiць можна i самому.

— Мы рэкамендуем не выкарыстоўваць духi, таму што насякомыя здалёк чуюць моцныя пахi i таму праяўляюць да чалавека большую ўвагу, — раiць Марына Зямчонак. — Яркасць адзення таксама правакуе iх на цікавасць, таму калi, напрыклад, вы iдзяце на прагулку ў лес, то не надзявайце рэчы з крыклiвай афарбоўкай. Выбiрайце месцы для адпачынку як мага далей ад смеццевых кантэйнераў. Гэта ўлюбёнае месца для вос, таму што яны любяць шукаць лёгкую здабычу. Таксама не трэба есцi на вулiцы садавiну цi пiць салодкiя напоi. Восы настолькi любяць салодкае, што нават крадуць мёд у пчол. Натуральна, што яны зацiкавяцца яблыкам цi грушай у вашай руцэ…

Таксама непажадана хадзiць па зямлi басанож. Справа ў тым, што на «нулявым узроўнi» восы i шэршнi любяць уладкоўваць свае гнёзды. Калi вы незнарок наступiце на iх гняздо цi на iх самiх — яны расцэняць гэта як напад i пачнуць атакаваць. Гэта можа адбыцца i тады, калi вы пачняце адмахвацца ад залiшне надакучлiвай асы. У памяшканнях не будзе лiшнiм павесiць маскiтныя сеткi. Калi насякомае трапляе ў замкнутае памяшканне — яно ўспрымае гэта як пастку i становiцца больш агрэсiўным.

Але што ж зрабiць, калi атакi пчалы цi асы пазбегнуць усё ж не ўдалося? Смяротныя выпадкi звязаны з трыма фактарамi. Гэта колькасць укусаў, якая ўплывае на дозу атруты, месца, куды прыйшлася атака, i адчувальнасць арганiзма да яду.

— Вельмi небяспечныя месцы — твар i шыя, — акцэнтуе ўвагу Марына Зямчонак. — Незалежна ад таго, ёсць у вас алергiя цi не, трэба тут жа выкарыстаць антыгiстамiнны сродак. Калi ў iншых месцах цела чырвань i ацёчнасць праходзяць праз два-пяць дзён, то тут трэба амаль паўтара тыдня. Тым больш калi ўкусы былi шматлiкiя. Доза яду, уведзенага ў арганiзм, у гэтым выпадку вельмi высокая. Павышаецца тэмпература цела, узнiкаюць задышка, ванiты, галаўны боль, можна страцiць прытомнасць. Але самымi горшымi лiчацца ўкусы ў паднябенне. Гэта здараецца, калi чалавек еў нейкi фрукт i не заўважыў асу, якая на яго села. Ацёк можа прывесцi нават да асфiксii.

Трэба ведаць, што падчас атакi аса джала не пакiдае, у адрозненне ад пчалы. Таму трэба асцярожна паглядзець, цi засталося штосьцi ў ране, i толькi пасля гэтага вымаць джала. Для гэтага лепш за ўсё падыдзе пiнцэт. Пры любым пагаршэннi стану трэба тут жа тэлефанаваць у хуткую дапамогу, каб не паспеў развiцца анафiлактычны шок, якi канчаецца лятальным вынiкам.

Калi ж небяспечныя госцi пасялiлiся ў вас дома, то пазбавiцца ад iх нескладана. Аперацыю трэба пачынаць у начны час, калi восы спяць i не праяўляюць актыўнасцi. На ўсялякi выпадак трэба апрануцца ў касцюм, якi не пакiдае адкрытых участкаў цела. Падстаўляеце мяшок, вострым нажом зразаеце гняздо — i далей можна яго або закапаць, або ўтапiць, або спалiць (вядома ж, з захаваннем усiх процiпажарных нормаў!) Але калi вы не ўпэўнены ў сваiх сiлах, то лепш звярнуцца па дапамогу да спецыялiстаў.

Начальнiк каравула пажарнай аварыйна-выратавальнай часцi № 28 Ленiнскага раёна Мiнска Вiктар Бунiч мае ў сваiм актыве ўжо не адзiн дзясятак абясшкоджаных небяспечных гнёздаў. Ён раiць гаспадарам дамоў уважлiва сачыць за станам сваiх балконаў або гаспадарчых пабудоў — у залежнасцi ад таго, у якiм доме, шматпавярховым цi прыватным, вы жывяце.

— З асабiстага досведу: прыкладна чатыры з кожных пяцi лiквiдацый гнёздаў небяспечных насякомых звязаны з тым, што даводзiцца разбiраць ледзьве не палову балкона, каб да iх дабрацца. Мы не раз здымалi навясную столь або ўздзiралi падлогу, бо iнакш падлезцi туды проста немагчыма. Бывалi нават выпадкi, калi восы сялiлiся памiж цаглiнамi ў глухiх тарцах дамоў або ў стыках памiж панэлямi ў шматпавярховiках цi на гарышчах, калi там ёсць вольны доступ на вулiцу. Тут з iмi ваяваць складаней. Мiж iншым, мы прыкмецiлi, што больш ахвотна восы ў шматпавярховай забудове селяцца там, дзе ёсць двухсхiльныя шыферныя дахi. Гэта датычыцца старога жылога фонду — двухпавярховiкаў або так званых «хрушчовак». А ў прыватных дамах насякомыя ўладкоўваюцца пад дахам гаспадарчых пабудоў. Пiк выездаў надыходзiць у жнiўнi-вераснi. Меншы ўсплёск актыўнасцi прыпадае на перыяд канца мая — пачатку чэрвеня.

— У якой жа экiпiроўцы выязджаюць ратавальнiкi?

— У нас ёсць спецыяльныя касцюмы, якiх не могуць пракусiць джаланосныя насякомыя. Таксама выкарыстоўваем ахоўныя пальчаткi i вялiкiя капелюшы з сеткамi. Аналагiчнымi карыстаюцца пчаляры. На выезд абавязкова бяром з сабой спецыяльныя пыласосы. Яны ўцягваюць у сябе рой насякомых i здрабняюць iх. Пасля ў мяшок збiраецца тое, што ад iх засталося...

Вiктар Бунiч згадвае паказальны выпадак, якi адбыўся летась. Ратавальнiкам паступiла просьба лiквiдаваць на балконе гняздо вос. Спярша ў разведку адправiўся iнспектар раённага аддзела па надзвычайных сiтуацыях, каб ацанiць абстаноўку на месцы. Ён пацвердзiў iнфармацыю пра тое, што насякомыя сапраўды ёсць, а вось гнязда не вiдаць. Увечары прыехалi ратавальнiкi i пачалi аперацыю па лiквiдацыi. Яны прыўзнялi нацяжную столь i ўбачылi... велiзарнае гняздо шэршняў. Яно было прылеплена да бетоннай плiты. Давялося апрацоўваць яго ядахiмiкатамi некалькi разоў, перш чым зняць i выграбцi шэршняў. Гэта заняло прыблiзна паўтары гадзiны.

Валяр'ян ШКЛЕННIК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?