Вы тут

Распавядаем, што паглядзець на сёлетнім «Славянскiм базары ў Вiцебску»


Ужо 29-ы раз прагучаць у лiпенi прывiтальныя акорды мiжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскi базар у Вiцебску» — сёлета ўпершыню выключна пад адкрытым небам. З улiкам складанай эпiдэмiялагiчнай сiтуацыi i закрытасцi многiх гранiц аргкамiтэт вымушаны быў iстотна перагледзець i скарацiць праграму, тым не менш пакiнуўшы ў шчыльным музычным графiку самыя цiкавыя, яскравыя i любiмыя гледачамi падзеi. Пра апошнiя змены ў афiшы i асаблiвасцi сёлетняга форуму напярэдаднi яго адкрыцця даведалiся карэспандэнты «Звязды».


Гатоўнасць нумар адзiн

Яшчэ задоўга да старту фестывалю многiя спрачалiся, цi варта наогул яго праводзiць. На нядаўняй прэс-канферэнцыi мiнiстр культуры Беларусi Юрый Бондар нагадаў, што за ўвесь час геаграфiя мастацкага форуму ахапiла 75 краiн на пяці кантынентах, i фактычна адказаў усiм крытыкам разам: «За гады свайго iснавання фестываль стаў вiзiтоўкай нашай краiны, жамчужынай мiжнароднага фестывальнага руху i своеасаблiвым культурным брэндам Беларусi. Ён яскрава i самабытна прапагандуе сучасную i традыцыйную культуру Беларусi на мiжнародным узроўнi, паспяхова выконваючы важную мiсiю захавання адзiнай творчай прасторы славянскiх народаў».

Так, сёлета фэст адназначна будзе не такi, як заўсёды, але — будзе. I гэта ў лiку iншага — наш адказ скептыкам, ад старажылаў да некаторых капрызных прадстаўнiкоў СМI, якiя сцвярджаюць, што «базар» штогод толькi паўтараецца i дэградуе, маўляў, нiчога новага. Але кiраўнiк дырэкцыi мiжнароднага фестывалю «Славянскi базар у Вiцебску» Глеб Лапiцкi перакананы, што падзея сёлета будзе рэкорднай па маштабнасцi. Лапiцкi падкрэслiвае: падрыхтоўка па традыцыi распачынаецца на наступны дзень пасля завяршэння папярэдняга фэсту i iдзе штодня з ранiцы да ночы. Цяпер, безумоўна, улiчваючы нюансы ў сувязi з вiруснай небяспекай, арганiзатары робяць усё, каб забяспечыць бяспеку гараджан i шматлiкiх гасцей свята.

Нераскрытых iнтрыг, акрамя таго, каму дастанецца перамога ў мiжнародным дзiцячым конкурсе i конкурсе маладых выканаўцаў, засталося няшмат. Адна з галоўных — адкрыццё новай зоркi на адмысловай Алеi зорак, закладзенай у 2009 годзе каля амфiтэатра. На ёй ужо красуюць iмёны лаўрэатаў Спецыяльнай прэмii Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь «Праз мастацтва — да мiру i ўзаемаразумення» Андрэя Пятрова, Алы Пугачовай, Сафii Ратару, Аляксандры Пахмутавай, Валерыя Лявонцьева, Уладзiмiра Мулявiна i ансамбля «Песняры», Iгара Лучанка, Льва Лешчанкi, Эдзiты П'ехi, Надзеi Бабкiнай, Палада Бюльбюль-аглы, Мiхаiла Фiнберга i Нацыянальнага акадэмiчнага канцэртнага аркестра Беларусi, Тамары Гвердцытэлi, Розы Рымбаевай, Таiсii Павалiй... У розных крынiцах ходзяць чуткi, што сёлета спiс папоўнiць Фiлiп Кiркораў, але дырэкцыя «Славянскага базару» старанна захоўвае маўчанне на гэты конт.

Сцэны без сцен

Оpen air — менавiта такi фармат аб'ядноўвае ўсе без выключэння мерапрыемствы «Славянскага базару ў Вiцебску — 2020». Тыя iмпрэзы i канцэрты, якiя немагчыма было перанесцi з закрытых памяшканняў пад адкрытае неба, на жаль, давялося выключыць з праграмы — але самыя папулярныя ў фестывальнай публiкi артысты выступяць у зборных канцэртах. У Летнiм амфiтэатры iх запланавана сем: гала-канцэрт адкрыцця «Славянскага базару ў Вiцебску» (16 лiпеня), праграма Дня Саюзнай дзяржавы «Жывая музыка кiно» (17 лiпеня), «Залаты хiт» (у ноч на 18 лiпеня), «Залаты хiт» i «Шансон ТБ — усе зоркi» (18 лiпеня), канцэрт «Беларусь вiтае сяброў» i гала-канцэрт закрыцця фестывалю (19 лiпеня). На цяперашнi момант дырэкцыя чакае артыстаў, удзельнiкаў i гасцей больш чым 20 краiн свету, а на кожную з iмпрэз засталося каля 1000 бiлетаў.

Звярнiце ўвагу: у мэтах санiтарнай бяспекi служба аховы фестывалю сёлета абмяжуе для гледачоў доступ на сцэну, таму падарыць з рук у рукi любiмаму артысту букет цi сувенiр атрымаецца, толькi калi той выйдзе ў залу. Наўзамен дырэкцыя прапануе паўдзельнiчаць у акцыi «Букет дабрынi» — пералiчыць суму, якую меркавалася патрацiць на кветкi, на спецыяльны дабрачынны рахунак, сродкi з якога накiруюць у дапамогу дзецям.

Новы мабiльны канцэртны комплекс, узведзены каля КЗ «Вiцебск», прыме не толькi дзiцячы мiжнародны конкурс (на сёння вядома, што ў iм возьмуць удзел юныя артысты з 16 краiн), але i стане пляцоўкай для iншых праектаў. Менавiта тут упершыню адкрыецца бясплатны начны кiнатэатр, у якiм дзякуючы нацыянальнай кiнастудыi «Беларусьфiльм» будуць паказаныя «Брэсцкая крэпасць», «Правiлы геймера», кiнаальманах «Вайна. Застацца чалавекам» (усяго запланавана тры «Кiнаночы»: з 16 на 17 лiпеня, з 17-га на 18-е i з 19-га на 20-е; пачатак сеансаў у 23.30). 17 лiпеня на гэтай пляцоўцы фiнiшуе II Мiжнародны танцавальны праект Dream Dance Fest — у фiнале за званне найлепшага паспаборнiчаюць 12 калектываў з 11 розных гарадоў.

Таксама ўпершыню 18 лiпеня тут адбудзецца праект Promofest Top Artist — канцэрт маладых беларускiх выканаўцаў, якiя яшчэ толькi шукаюць шлях да сваёй публiкi i патэнцыйных прадзюсараў. Сярод удзельнiкаў гэтых канцэртаў, напрыклад, заяўленыя Ян Яраш, Анжалiка Пушнова, Хелена Мерааi, Саша Захарык, Вольга Сацюк, VAL, Веранiка Цубiкава ды iншыя артысты, чые iмёны ўжо гучалi ў розных мiжнародных конкурсах i тэлепраектах.

Тут жа будуць праходзiць i «Зорныя гадзiны» — вялiкiя прэс-канферэнцыi папулярных артыстаў i калектываў, за якiмi ўпершыню не ў анлайн-трансляцыi, а непасрэдна змогуць назiраць прыхiльнiкi.

Канцэртнае «меню»

Мастацкi форум — вялiкi жывы арганiзм, у рабоце якога, натуральна, могуць здарацца збоi i форс-мажоры, але арганiзатары робяць усё магчымае, каб аператыўна скарэктаваць усе непрадбачаныя сiтуацыi. Таму, напрыклад, калi санiтарная служба Германii не дазволiла выезд з краiны Томасу Андэрсу, якi мусiў выступаць у другiм аддзяленнi конкурсу маладых выканаўцаў, творчае спаборнiцтва перафарматавалi — цяпер яно пройдзе кампактна, у адзiн дзень. 19 лiпеня ў 16 гадзiн канкурсанты (на цяперашнi момант пацвердзiлi свой удзел прадстаўнiкi 14 краiн) выканаюць «Славянскi хiт» у суправаджэннi Прэзiдэнцкага аркестра — i гэтыя выступленнi стануць часткай канцэрта «Беларусь вiтае сяброў», а ўжо ў 22 гадзiны маладыя выканаўцы прадставяць кожны свой «Сусветны хiт» на гала-канцэрце закрыцця фестывалю.

На 2021 год перанесены адзiн з самых чаканых канцэртаў — «Рок на ўсе часы». Бiлеты на яго пры неабходнасцi можна здаць цi абмяняць са знiжкай 11 %. Але ў дырэкцыi запэўнiваюць, што набытыя квiткi будуць дзейсныя i налета, таму, калi вы марыце паслухаць «Чыжа & Со», «Агату Крысцi», «Воплi Вiдаплясава», Аляксандра Iванова з гуртом «Ронда» i Дзядзьку Ваню, проста адкладзiце бiлеты ў надзейнае месца да гадзiны «iкс».

Адна з навiнак у афiшы — канцэрт майстроў мастацтваў Украiны «З Україною в серцi!», якi адбудзецца ў Летнiм амфiтэатры 18 лiпеня а 18-й гадзiне. У праграме заяўленыя топавыя артысты розных пакаленняў — Мiкалай Гнацюк, Iрына Бiлык, Таiсiя Павалiй, камедыйны дуэт «Кролики», Цiна Караль, гурты «ТИК» i KAZKA, «танцуючая скрыпка» KADI, квартэт «Гетьман» i iншыя калектывы i выканаўцы.

Упершыню ў межах «Славянскага базару» пройдзе свята сямейнага адпачынку — Color Fest, што адбудзецца 19 лiпеня ў комплексе культурна-масавага адпачынку iмя Савецкай Армii. Свежае паветра, сацыяльная дыстанцыя, фестываль фарбаў i разнастайная музычна-танцавальная праграма, а таксама роставыя лялькi, машыны мыльных бурбалак i дыму, творчыя майстар-класы, пляцоўка вiртуальнай рэальнасцi i нават зона Tik-Tok — у асартыменце.

Яшчэ адно вiдовiшчнае, маштабнае i бяспечнае для прысутных свята зладзiць МНС — паказальныя выступленнi «Утаймаванне стыхiй: паветра, агонь, вада, зямля» пройдуць 18 лiпеня на набярэжнай Заходняй Дзвiны, на пляцоўцы каля мемарыяльнага комплексу савецкiх воiнаў-вызвалiцеляў.

У Вiцебску ўсе лятаюць

Адзiн з самых яркiх i ўлюбёных гасцямi фестывалю праектаў — VI фэст вулiчнага мастацтва «На сямi вятрах» — сёлета таксама скарэктаваў фармат. Нязменная засталася галоўная iдэя: сем кiрункаў мастацтва (тэатр, музыка, перформанс, харэаграфiя, фаер-шоу, паэзiя, выяўленчае мастацтва), сем жанраў i сем пляцовак. Сквер Маякоўскага, вулiца Талстога i арт-прастора на Талстога, 7, Пушкiнскi мост i Пушкiнская плошча, дворык Цэнтра сучаснага мастацтва — сёлета да гэтых пляцовак дадасца мост над рэчышчам Вiцьбы, дворык беларускага тэатра «Лялька» i самая незвычайная пляцоўка — неба Вiцебска.

Пачалася акрэдытацыя ўдзельнiкаў i гасцей XXIX Мiжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскi базар у Вiцебску». На здымку: удзельнiца фестывалю Дзiяна Амельчанка

«У Вiцебску ўсе лятаюць», — намякаючы на палотны славутага Марка Шагала, арганiзатары фэсту запрашаюць кожнага ахвотнага ўзяць удзел у новым чэленджы. Патрэбныя толькi ваша жаданне, прысутнасць у Вiцебску, натхненне i тэлефон. 16-19 лiпеня ў любы час неабходна сфатаграфаваць вiцебскае неба i элемент горада (шпiль ратушы, амфiтэатр, дахi пазнавальных будынкаў), а пры жаданнi таксама сябе i блiзкiх, i выкласцi здымак з хэштэгам #НебаВiцебска ў сацыяльных сетках. Усе здымкi i вiдэаролiкi, зазначае кiраўнiк фэсту «На сямi вятрах» Уладзiслава Цвiкi, будуць падлiчаныя як новы фестывальны рэкорд, сабраныя i апублiкаваныя клубам «Фотакрок» у адмысловай кнiзе.

...Паралельна з цэнтральнымi мерапрыемствамi «базарнай» праграмы запланаваны i шэраг iншых цiкавых мерапрыемстваў. Напрыклад, 16 лiпеня Вiцебская абласная фiлармонiя запрашае ў дворык на канцэрт вакальнай музыкi «У танальнасцi кахання», 17-га тут выступiць славуты актэт балалаек «Вiцебскiя вiртуозы». Абласны краязнаўчы музей 17 лiпеня чакае наведвальнiкаў на выстаўках «Усё жыццё ў святле рампы» (прысвечанай народнай артыстцы Беларусi Святлане Акружной) i «Iнтрыга... Працяг...» (партрэты з манет аўтарства магiлёўскага мастака Вадзiма Красоўскага). 18 лiпеня з чыгуначнага вакзала адправiцца незвычайны цягнiк «#Беларусь. Моладзь. Натхненне», каля 100 пасажыраў якога наведаюць памятныя месцы Вялiкай Айчыннай вайны, паўдзельнiчаюць у патрыятычных, дабрачынных, творчых i спартыўных мерапрыемствах i праз тыдзень фiнiшуюць у Мiнску. 19 лiпеня на вулiцы Пушкiна збярэ ўдзельнiкаў i гледачоў Мiжнародны конкурс майстроў традыцыйнага i сучаснага мастацкага роспiсу «Фарбы нябёс». I гэта далёка не ўсе цiкавiнкi, якiя рыхтуюць для гасцей у фестывальнай сталiцы. Словам, сачыце за афiшай!

Дарэчы

Учора каля галоўнай сцэнiчнай пляцоўкi «Славянскага базару ў Вiцебску» — Летняга амфiтэатра — журналiстам паказалi мiлiцэйскiя вучэннi. Адпрацоўвалi агляд гледачоў перад уваходам у «чару» i дзеяннi ў выпадку няштатных сiтуацый, калi, напрыклад, знойдуць небяспечныя прадметы.

Прыемная навiна: праходаў да кантрольна-прапускных пастоў стане на 10 больш. Гэта гарантыя таго, што не будзе мiтуснi ў чаканнi чаргi.

Упершыню на «базары» будзе функцыянаваць iнтэлектуальная сiстэма вiдэаназiрання з iдэнтыфiкацыяй твару i транспартных сродкаў, i тых, хто знаходзiцца ў вышуку, змогуць аператыўна затрымаць.

Кiраўнiцтва УУС Вiцебскага аблвыканкама нагадала пра бязвiзавы ўезд з 6 да 25 лiпеня для iншаземцаў, якiя бяруць удзел у фестывалi i папярэдне набылi бiлеты. Гэта стала магчыма, як i летась, згодна з распараджэннем Прэзiдэнта. У 2019-м такiм чынам «базар» убачылi дзве тысячы чалавек.

Прывабныя дзяўчаты з ДАI сёлета зноў будуць кантраляваць дарожны рух у цэнтры горада.

У вулiчных кавярнях ужываць алкаголь не забараняецца, у 500-метровай зоне вакол амфiтэатра i iншых пляцовак таксама можна, але толькi прадукцыю ад арганiзацый-партнёраў фэсту з выкарыстаннем «базарнага» таварнага знака.

19 лiпеня на плошчы Перамогi арганiзуюць iнтэрактыўную пляцоўку УУС Вiцебскага аблвыканкама, на якой будуць праводзiць конкурсы з уручэннем падарункаў, можна будзе ўбачыць спецыяльную тэхнiку ды iншае.

Аляксандр ПУКШАНСКI, Вiкторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Ганны ЗАНКАВIЧ і БЕЛТА

Загаловак у газеце: Лета. Вiцебск. Фестываль

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».