Вы тут

Прысуд апалогіі


Прысуд апалогіі

Revenge is a dish best served cold.

Англійская прыказка

В начале июля, в чрезвычайно жаркое время, под вечер, один молодой человек вышел из своей каморки…

Ф. М. Д.

У гэтым тэксце я не збіраюся апраўдваць Гітлера. У гэтым тэксце я не збіраюся расказваць, якім добрым быў Карабас Барабас, калі ўручыў незнаёмаму драўлянаму хлопчыку пяць залатых манет. Я не збіраюся знаёміць вас з дзяцінствам серыйных забойцаў і даказваць, што ў нармальных абставінах з імі ўсё атрымалася б інакш. Наадварот.

Літаральна на днях я не спаў усю ноч. Не буду дзяліцца прычынамі — гэта нікому не цікава. Ды і сутнасць не ў прычынах, а ў птушках. Вось цяпер за акном заліваюцца, быццам заўсёды там былі, толькі нашы рэальнасці не перасякаліся. Я ніколі іх не чуў да той ночы. Вось тут скажу пра прычыну. Смеццявоз. Я прачынаюся і пакуль зраблю тое і сёе, ён узнікае ў двары, марудна і вельмі гучна сунецца ад аднаго смеццевага кантэйнера да другога. Неверагодна марудна і гучна. Для мяне на Уруччы менавіта гэта и ёсць прыродныя ранішнія гукі. Таму і закрываеш уяўнымі далонямі вушы, каб адфільтроўваць усё за межамі кватэры, заставацца толькі ўнутры.

Апалогія. Неяк у Школе маладога пісьменніка давалі заданьку скласці апалогію якога-небудзь вядомага літаратурнага антаганіста. Вы ж ведаеце, што такое апалогія? Ці лепш пажаваць і выплюнуць? Гэта тэкст у абарону таго, каго абвінавачваюць. Часам абарона даходзіць да ўсхвалення. Я не ўсхваляў. Я паказаў праз маленькі маналог крата з «Дзюймовачкі» гэтага самага крата. Паказаў, наколькі ён быў сляпым. То-бок увесь негатыў, які ён выклікаў, — гэта наша нецярпімасць, няздольнасць зразумець, як гэта — жыць у цемры, у адзіноце, калі побач ёсць наваколле, пра якое ты ніколі не даведаешся, ты абкрадзены, ты маеш права атрымаць больш, вырваць свой кавалак з чужых глотак. Ці не.

Як і ў многіх людзей, у мяне ёсць бацькі. З імі я пражыў пакуль большую частку жыцця. Усю гэтую частку яны былі вакол. Іх погляды, іх каштоўнасці, іх жаданні былі вакол. Я прачынаўся і трапляў у іх свет, прыходзіў са школы і трапляў у іх свет. Глядзеў з захапленнем фільмы, якія ім падабаюцца. Там героі, якія ім падабаюцца. Слухаў музыку, якую прыходзілася. Як у маршрутцы, калі ты без слухавак. Яны любілі тое, што вядома пад словам «шансон». Прыгожае слова. А з’ява? Давайце я не буду ціснуць сваім меркаваннем, сваім густам і яго наяўнасцю, а закрану гэтую з’яву толькі праз нашу тэму.

Апалогія. Ведаеце, калі працуеш у школе, то гэтыя тэмы, правілы, тэксты, параграфы пралятаюць хутка. Бо ты праходзіш і пераходзіш, праходзіш і пераходзіш і… Так і з часопісам. Мне патрэбна доўга і засяроджана думаць, каб згадаць, наколькі даўно друкаваўся той ці іншы матэрыял, бо яны ўсе былі так даўно, як учора. Паміж творамі паўгода, а здаецца, што вось толькі-толькі. Вось толькі-толькі ў адной з «маладосцеўскіх» рубрык была агучана праблема рамантызацыі злодзея. Але акцэнт на ёй не ставіўся, яна ціхенька праслізнула ў агульную тэму сучасных каштоўнасцей і сучаснай культуры. А праблема вельмі несучасная. Наколькі я ведаю, папулярнасць апалогіі набыла шырату і гучнасць ужо даўнавата, напрыклад падчас рамантызму. Сам па сабе рамантычны герой — сімвал вечнай адзіноты, асоба, непрынятая ўсімі, дэман, д’ябал, вампір, Машэка, Каін, Гітлер. Гэта чалавек у панцыры. Уяўным панцыры. Які не прабіць. Але рамантыкі, вераць, што пад цвёрдай бранёй хаваецца сапраўднае сэрца. У гэтым і заключаецца прыгажосць такога героя. У тым, што сэрца яго надзвычай гарачае і яркае, бо нікому да яго не дабрацца. Бо яно захоўваецца ў цёмнай пячоры вечнага чалавечага гора. Цяпер можаце ўявіць жудасны зладзейскі смех. Уявілі? Вернемся да «музыкі».

Як добра ў школьным і дашкольным узросце працуе памяць. Падаецца, дарослы чалавек нават свядома, намагаючыся, ніколі не запомніць столькі, колькі на той час запаміналася міжволі. Напрыклад, тэксты песень. Процьма іх незразумела з якой мэтай засела ў галаве і не збіраецца сыходзіць. Тры ноты — і ўся песня праносіцца ў табе, у тваёй памяці, слова за словам... І добра, калі праносіцца. Цалкам верагодна, што яна застанецца і будзе назаляць пасля цэлы дзень. Шмат песень з вышэйназванага жанру такія. Пры гэтым я змяняюся, а яны не. З цягам часу маё ўспрыманне робіцца іншым, і раптам я бачу гэтыя тэксты, якія чамусьці ведаю на памяць. Песні, якія ўсхваляюць злачынства. Быццам пачуў смеццявоз за акном толькі таму, што дазнаўся, як там без яго.

Апалогія. Сваю першую апалогію я напісаў дзесьці ў чатырнаццаць год. Я не ведаў, што гэта менавіта яна. Але я быў рамантыкам, як і многія ў такім узросце. Дарослы незразумелы і несправядлівы свет ціснуў, і мне хацелася знайсці падтрымку. Ведаеце, якая найлепшая падтрымка, калі на цябе ціснуць? Знайсці на каго націснулі больш і падтрымаць. Я падтрымліваў Іуду. Чэсна. У мяне няма прычыны хлусіць. Не я першы, не я апошні. Іуда, здаецца, самы папулярны для тых, каму не церпіцца апраўдаць. Ён жа дапамог. Без яго нічога б не атрымалася. Яго ж сумленне загрызла. Ён жа…

Песні пра нялёгкае жыццё зняволеных былі вакол мяне. Тэксты лезлі ў вушы, як кот на стол за смачнай ежай. Паспрабуй адвярнуцца — і ўжо напяваеш: «Я начал жить, на малолетку я попал», «Предо мной стоит стена,  за стеной стоит она — воля несравненная моя», «По этапу, по этапу, тук-тук-тук, не забуду папу с мамой, тук-тук-тук», «Ай не грузи ты нас, начальник, стукачей здесь не сыскать, и на все твои талмуды малолеткам наплевать». Навошта я гэта памятаю?

Апалогія. Народныя мсціўцы. Адзінокі мсцівец. Першы мсцівец. Героі. Антоніа Бандэрас з гітарным футлярам у руках, а ў футляры — зброя, каб адпомсціць. Брэндан Лі з размаляваным тварам нішчыць сваіх забойцаў. Вампіры — яны ж проста такія, як ёсць. Чаму абарыгены з’елі Кука? Нічога асабістага. Вунь чалавек толькі буханку ўкраў — і адразу пасадзілі. Ай-яй-яй. Ну, мы ж таксама не святыя, але яны пачалі. Я, здаецца, ужо пісаў пра «яны пачалі».

Понцій Пілат схіляецца над кожным з нас і мые нам рукі. Перадай наступнаму. Понцій Пілат схіляецца над кожным з нас і мые нам рукі. Перадай наступнаму. Поцій Пілат схіляецца над кожным з нас і мые нам рукі. Крывёй мые. І кроў разліваецца па небу ранкам. Я гляджу ў акно. Сёння я не спаў. Смеццявоз яшчэ не прыехаў. Птушкі спяваюць.

Апалогія. На шахматнай дошцы расстаўлены фігуры. Чорнаму каралю хутка будзе кепска. Чаму? Так склаліся абставіны. Да гэтага былі іншыя хады. Ферзь ніколі не паставіў бы гэты шах, калі б конь не сышоў у невядомым напрамку. Цяпер у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы па прыродных запаведніках шчыруюць браканьеры. Звычайна ім складана, бо ўсё забіта турыстамі і вольна жывёлак не пастраляеш. Цяпер турыстам нельга. А ніякія мясцовыя супрацоўнікі, вартаўнікі такія прасторы пакрыць сваёй аховай не змогуць. Шах і мат. Можаце памыць рукі. З мылам. Бо браканьерам не патрэбны самі жывёлы. Ім патрэбны грошы, якія за іх  дадуць (за мяса, косткі, скуры) іншыя людзі, у якіх чыстыя рукі, якія нікога не забівалі. А яшчэ ў іх ёсць сем’і: і ў браканьераў, і ў Берыі, і ў Каіна. І наогул, чужы конь адышоў, ставім мат, яны самі выбралі Гітлера, яны самі крычалі: «Распні!», у іх рукі нямытыя.

Неба сіняе. Птушкі спяваюць. Я не чую. Смеццявоз прыехаў.

Дзмітрый ШУЛЮК

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».