Вы тут

Дзiця — адказнасць бацькоў


«Якiя раней дэкрэты былi?» — заўважае бабуля, каля якой Цёмiк гойсае туды-сюды на самакаце. «Я свайго ў годзiк пакiну ў хаце, пахаваю нажы, яшчэ што небяспечнае прыбяру, дзверы зачыню, а сама на работу iду», — працягвае яна. Бабулi дзевяноста, i ёй, вiдаць, цяжка ўявiць, што маладыя мацi робяць у хаце з дзецьмi цэлых тры гады. А мне нават падумаць страшна, што было б, каб я пакiнула свайго няхай ужо i двухгадовага сыночка аднаго ў чатырох сценах…


Пакуль я ранiцай прыводжу сябе ў парадак, Арцёмка падцягне да акна крэсла, падлезе пад занавеску i выглядае, што ж там на двары робiцца. У пошуках цукерак цi iншых прысмакаў аблазiць на кухнi ўсе шафкi, паступiцца на табурэт i, нарэшце, усядзецца на стале (а як потым будзе злазiць — справа другарадная). Першым ляцiць выключаць чайнiк, калi той свiчша, i без праблем уключыць святло, калi цёмна. Адным словам, толькi з пункту гледжання бяспекi пакiнуць малога аднаго ў хаце рызыкоўна.

Нават уявiць складана, як бы ён сам вылез са свайго ложачка, адзеўся, памыўся, паснедаў. I гэта пры ўсiм тым, што, нягледзячы на свае два гадкi, хлопчык у мяне дастаткова самастойны. Адзявацца ён, як i многiя дзецi, не любiць, але зубной шчоткай карыстаецца па прызначэннi. I лыжку трымаць умее (ужо нават суп есць сам). Толькi цi паеў бы «правiльнай» ежы, калi б застаўся адзiн?! Хутчэй знайшоў бы якога пячэння цi ў лепшым выпадку запоўнiў бы свой страўнiк хлебам цi булкай. Ды i гуляць адзiн мой Арцёмка не прывык. Гэта калiсьцi мне, малой, мацi накiдае ў ложачак цацак i пойдзе займацца хатнiмi справамi — праз некаторы час прыйдзе, а я ўжо сплю. У нас жа, пакуль казку не пачытаеш, Цёмiк не засне. I калi прачнецца, трэба, каб нехта быў побач, а то слёз не пазбегнуць.

Адным словам, недарэмна «дэкрэт» прыдумалi. Вядома, ёсць розныя сiтуацыi, калi бацькi вымушаны працаваць, а дзiцем займаюцца бабулi ды дзядулi. Маё ж уласнае меркаванне: дзецi — адказнасць выключна бацькоў. Раз яны прынялi рашэнне завесцi дзiця, а не коцiка, то павiнны яго не толькi забяспечваць усiм матэрыяльным, а i проста быць побач. Якiя б добрыя нi былi бабулi-дзядулi ды iншыя сваякi, больш, чым мама i тата, дзецям нiхто не патрэбен.

Так склалася, что, пакуль я ў дэкрэтным, мы пераехалi да маiх бацькоў. Яны, вядома, займаюцца з Цёмiкам. Ды што хаваць, я без iх як без рук! Каб была адна (муж тыднямi ў камандзiроўках), то нiчога не паспявала б. Асаблiва цяпер, калi Цёмiк не паспее прачнуцца, як адразу бяжыць да дзвярэй, абуваецца, нацягвае кепку i кажа: «Пака!» Так бы i гулялi цэлымi днямi, з перапынкам хiба што толькi на дзённы сон. А так пакуль дзед з Цёмiкам на вулiцы, я i ў хаце прыбяру, i градку якую апалю, папрасую бялiзну. З ядой выручае мацi.

За два гады малы вельмi прывык да бабулi i дзядулi. Калi зiмой з'язджалi ў невялiкi адпачынак, то, вяртаючыся дамоў, ужо з машыны Цёмiк задаволена крычаў: «Дзед!» Не паспее адкрыць вочы — бяжыць да iх у пакой, каб бабуля ўключыла мульцiкi. Але ўсе патрэбны яму да пары. Як толькi з рэйса вяртаецца бацька, на любыя спробы бабы i дзеда пагуляць з iм Арцём кажа кароткае «не лезь!» Яны не крыўдуюць, бо разумеюць, што мацi i бацьку дзiцяцi нiхто нiколi не зможа замянiць.

У гэтым плане я вельмi шкадую малых, мацi якiх ахвяруюць дэкрэтным адпачынкам i выходзяць на работу цi займаюцца ўласнымi справамi. Ды не той узрост у бабуль ды дзядуляў (у прыватнасцi, у Цёмавых), каб бегаць за малым, якi, што метэор, ганяе на самакаце ды на сваiх дваiх, i сачыць, каб не ўпаў, калi ён, нiбы той папрыгунчык, скача на батуце. Яны самi прызнаюцца, што сваiх дзяцей гадаваць было лягчэй. З унукам жа — двайная адказнасць. Калi, не дай бог, з малым здарыцца непрыемнасць, безумоўна, яны будуць вiнаватыя.

У нас, бацькоў, адказнасць не меншая. За гэтыя тры гады мы павiнны вырасцiць больш-менш самастойнага чалавека. Каб у дзiцячым садку лыжку над iм нiхто не трымаў, памперсы (а бывае i такое!) нiхто не мяняў, каб малое магло само адзецца i раздзецца, больш-менш умела выказаць свае жаданнi. I калi, замест таго каб пачытаць з дзiцем кнiгу альбо размаляваць (няхай абы-як!) якую карцiнку, маладая матуля пры любой магчымасцi совае яму ў рукi гаджэт, а сама ў лепшым выпадку займаецца сваiмi справамi альбо завiсае ў iншым смартфоне, то наўрад цi ў яе падрасце больш-менш самастойны чалавечак. Вось тады сапраўды паўстае пытанне: што гэтая мацi рабiла тыя «доўгiя» тры гады?!

Веранiка КАНЮТА

Фота rebenok.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».