Вы тут

Нататкі шматдзетнага таткі


Сын:

— Тата, расказаць прыкол?

— Раскажы.

— У нас дзяўчынка на днях згубіла тэлефон. Мы «прабілі» па інтэрнэце, дзе тэлефон апошні раз залагініўся, і прыкінь: GРS паказаў, што тэлефон знаходзіцца ў ламбардзе!

— І што?

— Ну, мы пасля ўрокаў пабеглі ў той ламбард — вырашылі, што тэлефон хтосьці скраў і здаў яго туды.

— А прыкол у чым?

— Пачакай, я не дарасказаў. Калі мы падбеглі да ламбарда, дзяўчынка сказала: «Вой, а гэта ж мой дом...» Аказваецца, яна тэлефон дома забылася, а ў доме быў ламбард. Прыкінь, такое супадзенне.

— Так, дзіўна!

А па адрасе дзяўчынка, можна падумаць, не зразумела, што гэта яе дом... Ну, мне дык ужо, дзякуй Богу, не шаснаццаць гадоў, каб верыць у падобныя «супадзенні», але такі вытанчаны спосаб пераканаць хлопчыкаў праводзіць цябе да дому ацаніў нават я.

Р. S. І самае крыўднае, што мужчыны ў такіх выпадках абсалютна бездапаможныя. Прычым ад узросту гэта ніяк не залежыць. Упэўнены, нават калі б яны першапачаткова ведалі, што і ламбард, і тэлефон знаходзяцца ў яе доме, яны ўсё роўна б туды паперліся.


Прыехалі наведаць сына ў летнік. Сын дзеліцца ўражаннямі:

— Уяўляеш, гэтай ноччу ў нас пажарная сігналізацыя спрацавала — усіх разбудзіла, і толькі я адзін спаў як забіты. Мае сябры мне раніцай расказалі, вельмі смяяліся.

(Ну, гэта якраз нядзіўна: калі ў чалавека чатыры малодшыя сястры, то яго нават гарматным стрэлам не разбудзіш, не тое што нейкай сігналізацыяй.)

Пытаю:

— Дык я не зразумеў: у вас што, пажар быў?

— Не, яна выпадкова спрацавала.

— А потым сама адключылася?

— Ну як сама... важатыя пажарны апавяшчальнік падушкай заткнулі.

P. S. Галоўнае ва ўсёй гэтай гісторыі тое, што пажару не было. А чым затыкаць пажарны апавяшчальнік, кожны вырашае сам.


Жонка заказала на дзень нараджэння робат-пыласос. А я, цемната, нават і не ведаў, што такія бываюць.

Пытаю ў яе:

— І ў чым адрозненне гэтага робата-пыласоса ад звычайнага пыласоса?

— У тым, што ён сам, без тваёй дапамогі, пыласосіць і мые ўсю кватэру.

Вось, аказваецца, да чаго дайшла навука!

Кажу жонцы:

— А тое, што ў нас па ўсёй кватэры цацкі раскіданыя, не страшна?

— Страшна. Падлога павінна быць ідэальна прыбраная, каб робат мог пыласосіць.

Я не разумею: а які тады сэнс у гэтым «робаце», калі спачатку трэба самім прыбрацца? Лепш бы гэты робат цацкі з падлогі збіраў і раскладваў па паліцах, а прапыласосіць я і без робата магу.

P. S. Усё ж навука развіваецца не такімі тэмпамі, як хочацца. Здавалася б, ХХІ стагоддзе на дварэ, а цацкі з падлогі прыбраць няма каму.


У нашай сям'і ёсць такое павер'е (нават не ведаю, адкуль яно ўзялося, але я тут сапраўды ні пры чым): калі ў дзіцяці выпадае малочны зуб, уначы да яго прыходзіць зубная фея і кладзе пад падушку грошы. Прычым калі яна раптам забудзе гэта зрабіць, то ў наступную ноч павінна будзе пакласці ў два разы больш (таму ў феі, як правіла, з памяццю ўсё добра).

І вось сёння ў Полі выпаў чарговы зуб (неяк зашмат у іх зубоў: усё выпадаюць і выпадаюць і ніяк не выпадуць). Поля прыносіць зуб, што выпаў, і кажа: «Зубная фея павінна мне сёння прынесці пяць рублёў!»

Вы спытаеце: чаму пяць? А я адкуль ведаю. Мабыць, такая сёння такса. (Не зусім толькі зразумела, чаму яна гэта кажа мне — я быццам на фею не падобны).

Праз нейкі час гляджу, Поля пальцамі хістае іншы зуб. Пытаюся ў яе:

— Ты навошта гэта зуб хістаеш?

— Проста так.

Вера:

— Проста нам трэба заўтра дзесяць рублёў, а ў Полі яшчэ адзін зуб хістаецца.

Які, аднак, жорсткі спосаб зарабляння грошай! Па-мойму, прасцей падняць таксу за адзін зуб.

P. S. І як гэта мы ў дзяцінстве не дадумаліся да такога, як казаў Астап Бэндэр, «адносна сумленнага спосабу адабрання грошай»? Нават неяк няёмка перад вялікім камбінатарам.

Павел ХОЛАД

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.