Вы тут

Дзень ведаў у школе травы. Пяць абліччаў Андрэя Хадановіча


Сучасны беларускі літпрацэс, калі звяртаць увагу не на яго фармальна-моўныя бакі, а хутчэй на нейкія сацыяльныя, часам нагадвае катлаван, у якім клякоча першасны булён, — настолькі статусы некаторых аўтараў уяўляюць сабой першапачаткова-сінкрэтычную сумесь пэўных архетыпаў. На агульных імпрэзах поплеч з прынцэсамірыцаркамі выступаюць рыцары-цмокі, розніца паміж «багамі» і богачалавечымі героямі ледзь бачная, а самі «багі», узвышаючыся над законамі часу, існуюць адразу ў некалькіх часавых адрэзках (а то і ва ўсіх).


Адным з такіх «багоў» (і хутчэй за ўсё аднекуль з індыйскага пантэона) ўяўляецца і Андрэй Хадановіч, без шматаблічнай фігуры якога маладое пакаленне беларускую літаратуру і не ведае.

Шматаблічнасць (але ў той жа час без прэтэнзіі на ўсюдыіснасць) — характэрная рыса кнігі Андрэя Хадановіча «Школа травы», якая летась пабачыла свет. Выданне, нягледзячы на сваю матэматычна вывераную структураванасць, не звязана з аніякім лічбавым сімвалізмам і не стварае сэнсавых звыштэкставых адзінак  — хутчэй проста дэманструе аўтарскую сталасць і вялікі (аўта-)рэдактарскі вопыт. Але шматгранная, падобная да Шывы фігура аўтара робіць з  кнігі выдатны плацдарм для кампазіцыйна сугучнага крытычнага руху, падчас якога на парадак лепш разглядаць асобу ў кантэксце кнігі, а не наадварот.

  1. Гульня ў дэталі

Садзьяджата. Стварэнне

Гэтым абліччам Шыва звернуты на ўсход. У ім ён творыць свет як Брахма, і з яго выявілася Зямля.

Глеба, з якой расце большасць вершаў кнігі, — гульнявая, насычаная спасылкамі на сусветную (у тым ліку беларускую) паэзію, моладзевым слэнгам, аўтарскімі неалагізмамі, дынамічным гукапісам і любоўю да скрыжавання дыяметральна супрацьлеглых настрояў і культурна-эстэтычных парадыгм. Перад тым, як знаёміць чытача непасрэдна са сваёй паэзіяй, аўтар такім падыходам да мовы робіць нашмат больш: дазваляе зазірнуць сабе ў сэрца.

Па сатырычных, але ўсё ж шчымлівых прысвячэннях паэтычнаму рамяству ў тэкстах «328», «(Не) расстраляная паэзія» ці «Лірычная размова», нягледзячы на некаторую маветоннасць падобнага піетэту, адчуваецца, што паэзія для Андрэя не хобі і не праца, а нешта кроўна роднае. Гэтым жа чынам карабель, які двойчы сустракаецца ў кнізе з эпітэтам «п’яны», непразрыста намякае на любоў да пэўнага француза. Акрамя гэтага, у кожнага з пяці «магістральных» перакладаў, якія стаяць у пачатках раздзелаў, ёсць аўтарскі «верш-пабрацім», які круціцца вакол ключавога вобраза арыгінальнага тэксту ці неяк па-свойму абыгрывае яго змест.

Часам гульня з’яўляецца асноўным вершастваральным матывам: так творы «Мова» і «Патрыятызм» абсалютна дакладна распачаліся з нейкага ўдалага тапанімічнага каламбура, вакол якога нарошчвалася астатняе гульнявое начынне. Пры ўсіх моцных знаходках аўтара ў «Школе травы» прысутнічаюць і  шчыра штучныя моманты: ад найграных гукапісаў (якія не выконваюць ніякіх функцый, акрамя эстэтычна-геданістычнай) да бягучых з верша ў верш «дэдлайнаў» (якія з маладзёжнай лексікі хутка скурчваюцца ў бумерскі штамп) і тапонімаў у пазіцыях рыфмы (якія, можа, і надавалі рыфме арыгінальнасці ў часы Маякоўскага, але сёння патрабуюць больш канцэптуальнага абгрунтавання — як, напрыклад, ва ўсё тым жа «Патрыятызме»).

  1. Ноч лірыкі

Вамадэва. Падтрымка

Гэтым абліччам Шыва звернуты на поўдзень. У ім ён падтрымлівае мір як Вішну, і з яго выявілася Вада.

Калі прабягаць па «Школе травы» досыць павярхоўна, ёсць верагоднасць зафіксаваць у памяці толькі ўспышкі рыфмаў, што пралятаюць міма, ды аскепкі эфектных канцовак, з-за чаго можа скласціся ўражанне, быццам Андрэй — паэт вонкавага моўнага ваўэфекту, які, быццам Гендальф у галовах звычайных хобітаў, з’яўляецца пераважна майстрам феерверкаў дзеля забаўкі. Але на самай справе ў кнізе маюць месца і тонкія лірычныя назіранні, якія дажджом праліваюцца на гарачыя «дзіркі» ад свежага вербальна-кулямётнага абстрэлу.

Напрыклад, простыя і невялічкія «Пацягнуўшы за шпільку…» і «Ластаўкі» на працягу сваіх некалькіх строф ні да чаго асаблівага не рыхтуюць, але ў  адзіных апошніх радках (ці нават праз сэнсавае напружанне паміж часткамі аднаго радка) агаляюцца па-рознаму абсурдныя мікраісціны, якія не імкнуцца змяніць карціну чытацкага светапогляду, але дэманструюць, як відавочныя рэчы з дапамогай правільных слоў набываюць глыбіню.

Цікава, дарэчы, што аўтар не імкнецца вытрымліваць у вершах адзіны настрой, хутчэй — наадварот: любіць у апошняй страфе павярнуць ход тэксту на 90°. Так, тыповая карнавальнасць твора «У сёмае неба, нібы аблачынкі…» хоць і завяршаецца ледзь бачнай абарванай цытатай з Багдановіча, але замест гульнявога эфекту адбываецца рэзкі ўзыход у сур’ёзныя матэрыі. І адваротны прыклад: магістральны для ўсёй кнігі тэкст, яе цёзка «Школа травы», у перадапошняй страфе дае завяршальную высокую ноту, але апошняй страфой-пастскрыптумам сабраная лірычная энергія адводзіцца ўбок.

  1. Іранічная скрыпка

Агхора. Знішчэнне

Гэтым абліччам Шыва звернуты на захад. У ім ён разбурае свет як Рудра, і з яго выявіўся Агонь.

Адзін з галоўных шчытоў (і ён жа, па сітуацыі, меч) паэзіі Хадановіча — гэта яго невычарпальнае пачуццё гумару. Пачуццё гэтае не толькі не мае дна, але і не мае канкрэтнага вектара, бо «атрымаць» на арэхі можа як умоўны вораг, так і сябар і нават сам аўтар. Гэта мажліва дзякуючы таму, што ўвесь гумар Андрэя — добразычлівы, амаль дзіцячы (не па прастаце — па эмацыянальнай чысціні). Чорным гумарам паэт не карыстаецца, і самае спрэчнае з боку этыкі, што можна знайсці ў кнізе, — гэта згадванне геяў і трансгендараў у наўмысна сатырычна-субкультурным кантэксце.

Але ёсць у гэтай рысы і свой істотны мінус: праз некаторы час у грудзях аказваецца зашмат вогненна-інерцыйных таксінаў, якія пачынаюць перашкаджаць кандэнсавацца чытацкай эмпатыі. Энергетычна «Школа травы» вельмі моцна нагадвае кнігу аўтара, які толькі пачынае сваё паэтычнае падарожжа, і таму, з аднаго боку, яна ў аднаподыхавасці чытэльнасці затыкае за пояс кнігу свайго равесніка (і нават на гадоў дзесяць малодшых), з іншага ж — часам здаецца, быццам бы аўтар, знаходзячыся ў дзіцячым садку, доўгадоўга расстаўляў войскі салдацікаў на дыване, а ў самы важны момант — пачатку гульні — за ім прыйшла мама і забрала дадому. На працягу ўсёй кнігі чакаеш, пакуль што-небудзь моцна выбухне, але дзясяткі пластоў скошанай травы стабільна забяспечваюць мяккую пасадку.

IV. Дрыгва беларуская

Татпуруша. Схаваная міласць

Гэтае аблічча Шывы звернута на поўнач і хавае Ісціну, таму яго называюць Ішвара (той, хто выконвае жаданні). З гэтага аблічча з’явілася Паветра.

Самая спрэчная лінія, якая з’яўляецца ў «Школе травы», — гэта лінія нацыянальнай самаідэнтыфікацыі паэта. Калі паглыбляецеся ў тэксты, знаходзіш у іх аўтарскія эмпатыйныя ключы, становіцца зразумелым, што Беларусь для Андрэя Хадановіча — гэта каханне сапраўднае і назаўжды. «Love is in the air» — як магло б быць у адным з радкоў гіпатэтычнага верша па пандэмічна-палітычных матывах сённяшняй павесткі (можа, нават са спасылкай на Міністэрства кахання). Але моўна-сінтэтычнае барока, якога прытрымліваецца паэт, у дачыненні да тэмы роднага краю выклікае асацыяцыі з хаця і якаснай, але ўсё ж рэкламай. У найгоршых выпадках — з прапагандай па «найлепшых» канонах Маякоўскага.

Пры ўсёй трапнасці асобных тропаў вершы асэнсоўваюць беларускую культуру не напрасткі, а нібы «гандлюючы» ўсялякай дробяззю «па матывах» дзесьці ў сувенірнай лаўцы. «Беларуская мова — найпрыгажэйшая ў свеце» — гэта, напэўна, найпрымітыўнейшы радок кнігі (у адным з найслабейшых тэкстаў, назва якога, «Мова», ужо гучала вышэй) — і адведзеная колькасць пластоў іроніі аніяк не ратуе. Калі сінтэтызм паэтычнай мовы — з’ява цалкам нармальная, у чымсьці, мабыць, нават традыцыйная, то з’ява «сінтэтычнага патрыятызму» ўжо не такая гнуткая. І калі займацца-такі рэкламай беларускай культуры ў межах літаратуры, больш карысці будзе хутчэй не ад постмадэрнісцкіх практык, заточаных на пазнаванне ўжо вядомага, а ад мадэрнісцкіх, якія займаюцца непасрэдна стварэннем гэтага «вядомага».

  1. Школа класікі

Ішана. Праяўленая міласць

Гэтым абліччам Шыва глядзіць уверх і паказвае сваю ласку — Мукці (Вызваленне). З яго з’явілася Прастора.

У момант, калі прастора поля дзівосаў нарэшце замыкаецца на сабе, настае характэрны час супергульні. А суперпытанне ў ёй наступнае: ці можна (па выніках пройдзенай «Школы травы» і наогул) называць Андрэя Хадановіча патэнцыйным класікам?

Пытанне, як вядзецца, з зорачкай, на разважанне. Вакол існавання ўласнай паэтыкі спрэчак быць не павінна: у наяўнасці свае ўлюбёныя прыёмы, тэмы, глабальна-эстэтычныя і лакальна-паэтычныя арыенціры, свой індывідуальны дух. Усё гэта працуе адзін з  адным, становіцца ўрадлівай глебай для аўтарскіх знаходак, якія здольны акрэсліваць як цяперашні час, так і вечнасць. Але нешта ў паэтычным самапазіцыянаванні прымушае буксаваць тую машыну голасу, якая лёгка і імкліва кудысьці ляціць. Больш-менш яўныя дыялогі з класікамі адбываюцца аднекуль з залежных пазіцый, а іранічнасць, акрамя пазітыўных рэверансаў у бок аўтарскага стылю, не пакідае паразітаваць на шчодрай спадчыне.

Такімі сваімі паводзінамі паэт нагадвае вернага літаратуры васала, які мае ўсе магчымасці для таго, каб самому стаць феадалам, але з-за вялікага кахання жадае заставацца там, дзе ён цяпер, быццам нешта ведаючы пра прызначаны нябёсамі лёс. А можа, ён бачыць у сваім існаванні ролю моста паміж літаратурамі, ролю таго апостала, што стаіць ля брамы з ключамі. Тады ў такой асэнсаванай вібрацыі паміж апгрэйдам і даўншыфцінгам сапраўды няма нічога дрэннага.

Паслямантрые

Напрыканцы застаецца парадокс. Чалавек, які выкладае ва ўніверсітэце, моцна трымаецца за сваё вучнёўства ў абстрактнай школе. Паэт-«бог», у якога шмат хто з чытачоў-чытачоў і літаратараў-чытачоў верыць, не верыць у самога сабе. Але якое месца ў гэтым асабістым парадоксе належыць «Школе травы»?

На дадзены момант гэта калі і не паэтычны дыплом Андрэя Хадановіча (маецца на ўвазе не тонкая каляровая кардонка, а навуковае даследаванне), то ва ўсякім разе яго заліковая кніжка з адзнакамі за апошнія тры гады. Справаздача, якая не адкрывае новых вышыняў, а толькі дае нагоду аднавіць у  памяці, што ёсць недзе ў класе сучаснай беларускай літаратуры такі цвёрды, хаця і крыху летуценны, харашыст, які мае аднолькавыя здольнасці і да выдатнай гуманітарнай вучобы, і да падліку гатычных крумкачоў.

Ігнат РАМАНАЎ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.