Вы тут

«Аварская літаратура — гэта выхаванне гонару, любові да роднага краю»


З аварскіх пісьменнікаў у Беларусі найбольш вядомы, зразумела, Расул Гамзатаў. І вершы яго па-беларуску друкаваліся, і неаднойчы гасцяваў ён у нашай старонцы. І  былі ў яго сябры з кагорты беларускіх пісьменнікаў. А што сёння адбываецца ў адной з самых цікавых нацыянальных літаратур Дагестана? Мы пагутарылі пра гэта з народнай паэтэсай Дагестана спадарыняй Залму БАЦІРАВАЙ.


— Як жывецца аварскім пісьменнікам?

— Трэба адразу прызнацца, што ў перыяд глабалізацыі вельмі складана развіваецца аварская нацыянальная літаратура.

— У чым найперш гэта выяўляецца?

— Самая галоўная адмоўная характарыстыка — амаль не выходзяць кнігі на аварскай мове… Усяго пяць ці шэсць штогод прыходзіць да чытача. Гэта прыкладна 80 умоўных выдавецкіх аркушаў…

— Так, для літаратуры, якую ўславілі імёны Гамзата Цадасы, Расула Гамзатава, Таджутдзіна, Махмуда з Кахаб-Росы, Гаджы Гамзатава, гэта, сапраўды, зусім няшмат…

— Катастрафічна мала. Няма кніг — няма чытача. Няма чытача, а значыць, няма і ў пісьменніка стымулу працаваць, каб яго мастацкія адкрыцці зрабіліся вядомымі.

— А што больш за ўсё выдаецца: проза, паэзія, дзіцячая літаратура?

— Канешне ж, часцей за ўсё выдаюцца паэтычныя кнігі. І таму, што яны, як правіла, не пішуцца адразу, а  складваюцца, збіраюцца... І заўважым, што ў большасці выпадкаў паэты выдаюць кнігі за ўласны кошт... І не магу не сказаць пра тое, што ўсё ж трапляецца шмат добрых паэтычных твораў.

— А што адбываецца сёння, у прыватнасці, з аварскай літаратурна-мастацкай перыёдыкай?

— Выходзіць цяпер на аварскай мове ўсяго толькі адзін-адзіны літаратурны часопіс — «Дружба». У параўнанні з папярэднімі гадамі аб’ём яго істотна скараціўся. І складае ўсяго толькі 96 старонак. Так, яшчэ выходзіць дзіцячы часопіс на аварскай мове — «Сакаляня». Скарацілі і яго старонкі ў апошнія гады, да 24. А хацелася б, зразумела, каб ён быў хаця б у два разы таўсцейшы. Тады, пэўна, іначай развівалася б і дзіцячая літаратура на аварскай мове.

Так, сёння развіццё нацыянальных моў у Дагестане, на Паўночным Каўказе становіцца вялікай праблемай. Як, між іншым, недастаткова надаецца ўвагі і іх вывучэнню ў фармаце навукова-даследчыцкім, культуралагічным. У агульнаадукацыйных школах скарочаны вучэбныя гадзіны родных, нацыянальных моў. А вось жа і аварская, і даргінская, і нагайская, і лезгінская, і агульская, і кумыцкая, іншыя мовы народаў Дагестана — гэта неверагоднай сілы магутны скарб, сапраўдны скарб фальклору, крыніца гістарычнай памяці нашых народаў. Колькі прыказак, прымавак, колькі песень, якія расказваюць пра мужныя народы, захавалася ў людской памяці!..

І не перадаць гэта наступным пакаленням — вось што ў маім разуменні самы вялікі грэх. Наш аварскі фальклор і наша аварская нацыянальная літаратура — важкія старонкі мужнасці, выхаванне ў народа сумлення, гонару, любові да роднага краю, роднай старонкі. І напамін пра найлепшыя традыцыі каўказскіх народаў у частцы гасціннасці.

— А якія наклады ў вашых уласных кніг?

— У тых, што фінансуюцца дзяржавай, наклад складае звычайна 300 асобнікаў. Для аднаго мільёна аварцаў, пагадзіцеся, гэта кропля ў акіяне. Праўда, апошнім часам палепшылася сітуацыя з выданнем кніг аварскіх пісьменнікаў у перакладзе на рускую мову, што таксама, зразумела, вельмі важна. Адпаведна, ёсць і зацікаўленасць рускіх перакладчыкаў да аварскай літаратуры. І аварцы, і прадстаўнікі іншых нацыянальных літаратур у гэтым плане бязмежна ўдзячны сакратару Саюза пісьменнікаў Расіі, заслужанаму работніку культуры Расійскай Федэрацыі паэту і перакладчыку Сяргею Саколкіну. Ён выдаў досыць сур’ёзную кнігу перакладаў твораў паэтаў Дагестана. У ёй — аб’ектыўнае адлюстраванне ўзроўню нацыянальных літаратур Дагестана. Некаторыя матывы загучалі з новай сілай. Мы проста молімся на гэтую кнігу, на гэты творчы праект, ажыццёўлены Сяргеем Саколкіным, — і назва кнігі адпаведная: «Малітва ў дагестанскім небе». Зборнік — яшчэ і адлюстраванне зацікаўленняў перакладчыцкай школы Расіі.

— Раскажыце крыху пра тое, над чым зараз самі працуеце…

— Паэту складана ўсё спланаваць. Але я часта звяртаюся да жанру паэмы. І гэта накладвае пэўныя абавязацельствы і ў частцы планавання ці кіравання творчай музай. Мае вершы апошніх гадоў увайшлі ў  розныя зборнікі. Асобна выдадзена кніга «Герой Югаславіі з Дагестана». Гэты твор — паэма пра нялёг- кі, шматпакутны лёс аварца Магамеда Бацірава, май- го бацькі. Ён перажыў мноства ваенных пакут, быў у канцлагеры. Пасля ўцёкаў апынуўся на тэры- торыі Югаславіі. Стварыў у адным з воінскіх падра- здзяленняў рускую роту. Да самай Перамогі ваяваў поруч з югаславамі — сербамі, чарнагорцамі, прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцей. А пасля Вялікай Айчыннай вайны сутыкаўся з  недаверам з боку НКУС, улады. І толькі ў 1963 годзе майго бацьку знайшла ўзнагарода — званне Героя Югаславіі.

— Дзякуй, глыбокапаважаная спадарыня Залму, за размову. Поспехаў вам! Новых мастацкіх адкрыццяў усім аварскім пісьменнікам!..

Гутарыў Кастусь ЛАДУЦЬКА

 

Залму БАЦІРАВА

Рэўнасць

Ёсць колер у рэўнасці? Як адгадаць?

Мо гэта блакіт, бы ў крыніцы вада?

Не, рэўнасць не ходзіць у масцы адной,

Мяркую, што колераў тысячы ў ёй.

 

У рэўнасці — камень, што з стромы імчыць,

У рэўнасці — горнай маланкі мячы,

У рэўнасці — бурныя плыні цяснін,

У рэўнасці — боль пачарнелых асін.

 

Не ўцямлю, навошта мы любім штодня

За рэўнасці цуглі ўсё торгаць каня.

Навошта нам рэўнасць пандурай кранаць?

Дзе тонкасць струны — там ірвецца яна.

З аварскай.

Пераклад Пятра ЖАЎНЯРОВІЧА

***

У мітусні, у роспачнай імжы

сцінае сэрца і душу сумнеў:

вакол — сябры ці хіжыя віжы?

Ці спадзявацца на братэрства мне?

 

Хто той герой, што ўздыме, як віхор,

 у душах нашых барацьбы матыў?

 Скажы, жыхарка неўтаймоўных гор,

ці ўкленчыш перад прыхаднямі ты?

 

Хто ён — што спыніць шматгадовы сон,

 спагадай ахіне братоў, сясцёр,

хто здыме з нас заганны той праклён,

які над намі крылы распрасцёр?

Чаму мы прычакалі дзень такі,

калі наўсцяж не бачна дабрыні,

сусед суседу не падасць рукі?..

Ўсявышні, ад бяды абарані!

Мячэці зноў руйнуе чалавек,

Сумлення, годнасці не бачна тут.

 І змагароў сваіх аддаў на здзек

Знявераны і абылганы люд.

Спрабуюць злыдні нас узяць на змор

сярод бязладдзя марнай мітусні.

Няхай абудзіцца прыспаны гонар гор!

Дамо адлуп нахабству і хлусні!

Шыхтамі станем мы — рука ў руцэ,

прамовім смела: «Браце, не маўчы!»

...Натоўпам паплывём, нібы ў рацэ,

і ўздымуцца бліскучыя мячы.

З аварскай.

Пераклад Янкі ЛАЙКОВА

Запозненая сляза

Патокі падаюць з вяршыняў горных,

Аб харастве жыцця спяваюць мне.

Пад ночы покрывам крыштальна-зорным

Гаворка рэк мацней душу кране.

А зоркі мігатлівыя чытаюць

Жыцця, што адыходзіць, кожны міг.

Хоць чалавек, пакуль жыве, не дбае

Аб тым, каб зразумець сэнс дзён зямных.

На віражах жыцця, што адыходзіць,

Агні згасаюць — нам не зразумець...

І толькі горы ў вечным карагодзе

Званоў апошніх дзён пачуюць медзь.

Апошні ўздых душы, якая гасне,

Не ў сілах спасціжэннем ахапіць

Жыццё пражытае. Слязой уласнай

Сэнс хвіль, што ўжо не вернеш, асвятліць.

Сказаных слоў апошніх рэха гіне,

Павекі ціша лучыць назаўжды,

Кладзецца чалавек у дамавіну,

Да Бога не дапяўшы скрозь гады.

Сыходзіць ён такім, якім прыйшоў,

Адно гарам адкрыты сэнс асноў...

З аварскай.

Пераклад Яны БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.