Вы тут

«Важная для ўсіх народаў умова для развіцця — стабільнасць!»


Аляксандр Бадзяка — кандыдат тэхнічных навук, кіраўнік створанага ім жа самім прадпрыемства «Тэхналіт» па вытворчасці камплектуючых і запасных частак для аўтатрактарнай, дарожнай, чыгуначнай, сельскагаспадарчай, будаўнічай і спецыяльнай тэхнікі. «Чалавек года», лаўрэат Дзяржаўнай прэміі ў галіне навукі і тэхнікі, кавалер медаля Францыска Скарыны:

— Пандэмія вельмі паўплывала на стан эканомікі ўсіх краін, у тым ліку і нашага прадпрыемства. Зрываюцца дамоўленасці, якія раней былі дасягнутыя. Сёння ўсе абараняюць свае рынкі, робяць бар’еры для завозу на іх тэрыторыю тавараў, і на такіх адкрытых эканоміках, як наша, гэта ўсё балюча адбіваецца.

Але ў самыя складаныя часы аптымізм пакідае толькі слабакоў. Мы такімі сябе не лічым. Я па жыцці перакананы, што складаныя перыяды — гэта час выпрабаванняў. У такія моманты мы заўсёды працуем з падвоенай сілай. Калі рабіць гэта ўпэўнена, наперадзе будзе больш магчымасцяў застацца не толькі на плыву, але і стаць флагманам. Складаныя часы — гэта тэст на трываласць, паспяховасць, жывучасць. Спадзяюся, што гэты тэст мы пройдзем годна і зараз. У нас у рабоце знаходзіцца праект, які не зусім звязаны з нашым традыцыйным відам дзейнасці. Гэта новы падыход да вытворчасці абсталявання для выпрацоўкі драўнянага вугалю. У свеце ўтварыўся прабел з такім абсталяваннем і мы спадзяемся яго запоўніць. І плануем зрабіць гэта з дапамогай тых энергазберагальных падыходаў і тэхналогій, дзякуючы якім атрымалася пабудаваць «Тэхналіт». Брыкетаваны драўняны вугаль па сваёй цеплатворнай здольнасці супаставімы з антрацытам, які мільёны гадоў праляжаў у зямлі. Але, калі пры яго спальванні атрымліваецца вуглякіслы газ і павялічваецца парніковы эфект, то вугаль, які мы будзем вырабляць па новых тэхналогіях, экалагічна бяспечны.

Абсталяванне будзе рабіцца ў Магілёве на «Тэхналіце», а дэманстрацыйная пляцоўка яго магчымасцяў будуецца ў Клімавічах — адным з сямі райцэнтраў паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці, дзе кіраўніцтва краіны заклікае развіваць вытворчасць. У рамках інвестдагавора нам перадалі пляцоўку, але пакуль справы запаволіліся. На жаль, вельмі шмат трэба рабіць узгадненняў і браць дазволаў. Актыўным людзям патрэбна прастора і дзверы насцеж паўсюды. ІТ развіваецца імкліва таму, што там нічога не трэба ўзгадняць.

У нашых людзей ёсць жаданне працаваць. Я мяркую па тых, хто задзейнічаны ў нас на «Тэхналіце». Яны робяць сваю справу з вялікім жаданнем і адказнасцю. Беларусы наогул не вельмі імкнуцца кудысьці з’язджаць. Народ жыве па прынцыпе: дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся. І трэба рабіць усё для таго, каб гэта жаданне не знікала.

Кожныя 3-4 гады мы практычна падвойваем аб’ёмы нашай вытворчасці. Нашы тэхналогіі, бачанне рынкаў, жаданне працаваць дазваляе гэта рабіць. І мы ў самыя складаныя часы так і рухаліся. Былі падзенні, пад’ёмы, але, калі іншыя плакалі і ківалі на цяжкія ўмовы, мы заўсёды актыўна працавалі. Бо ведалі, што калі стане лепш, усе таксама пачнуць дзейнічаць, і час будзе ўпушчаны. Вельмі важная для ўсіх народаў умова для развіцця — стабільнасць. Гэта аксіёма поспеху і гэта не абмяркоўваецца.

На фота: Аляксандр Бадзяка разам з сынамі Андрэем і Канстанцінам, якія працягваюць справу бацькі.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.