Вы тут

Мастацтва, мацнейшае за пекла


За ўвесь перыяд 75-гадовага міру на беларускай зямлі ваеннай тэматыцы прысвечана безліч твораў літаратуры і мастацтва. Адны раскрываюць гістарычныя падрабязнасці пэўных падзей, іншыя паказваюць эмацыянальны складнік розных старонак ваеннай гісторыі. Адным з галоўных кірункаў у мастацтве ваеннай тэматыкі з’яўляецца раскрыццё чалавечай псіхалогіі, душы ў жорсткіх, экстрэмальных абставінах.


Фота з сайта nlb.byМастакі, якія ўдзельнічалі ў ваенных дзеяннях, здолелі перадаць гэты аспект адначасова з двух бакоў: метафарычна паказаць пачуцці людзей навокал і адлюстраваць свой унутраны стан.

23 чэрвеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылося адкрыццё выстаўкі графікі «Полымя ваенных дзён», прысвечанай 75-годдзю Вялікай Перамогі і прымеркаванай да Дня Незалежнасці. Гэта першае публічнае мерапрыемства, якое арганізавана ў бібліятэцы пасля ўзнаўлення яе працы.

Выстаўка прадстаўляе творы мастакоў-графікаў, якія былі сведкамі падзей Вялікай Айчыннай вайны: Яўгена Зайцава, Івана Ціханава, Сяргея Каткова, Віктара Сахненкі, Віктара Ждана, Мікалая Абрыньбы, Розы Дубар, Сяргея Раманова і Міхаіла Сеўрука. Каля паловы экспазіцыі займаюць графічныя працы народнага мастака Беларусі Арлена Кашкурэвіча.

Праект арганізаваны супольна з Беларускім саюзам мастакоў, работы належаць мастацкаму фонду арганізацыі.

Першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў, мастацтвазнаўца Наталля Шаранговіч расказвае пра работы на выстаўцы так: «У нашай калекцыі можна пабачыць, як развівалася беларускае мастацтва ў 60-я, 70-я, 80-я гады. І мне здаецца, што мы і самі яшчэ не так добра ведаем гэтую калекцыю, таму што, калі пэўны час таму пачалі разбіраць сваю графіку, знайшлі такія перліны, якіх не чакалі. Адной з нечаканасцей для нас былі франтавыя малюнкі нашых вядомых творцаў, якія прадстаўлены на гэтай выстаўцы. Прычым многія з гэтых мастакоў рэалізаваліся, сталі знакамітымі ўжо пасля вайны. Але і падчас вайны, у гэтым горне, яны заставаліся мастакамі. Выстаўка каштоўная не толькі тым, што тут упершыню прадстаўляюцца шматлікія ваенныя малюнкі беларускіх мастакоў. Важна таксама, што мы можам у гэтай зале ўбачыць, як змянялася выяўленне і адчуванне вайны». Франтавыя малюнкі хуткія, зроблены алоўкам на жоўтых Мастацтва, мацнейшае за пекла сшыткавых лістках — гэта дакументальныя артэфакты, быццам стужка кінахронікі. І менавіта цяпер прыйшоў іх час выйсці ў свет.

«Заходзіш у галерэю і бачыш зжаўцелыя лісты і манахромныя выявы. Сціпла, так? А пасля падыходзіш да гэтых твораў і ўглядаешся. Тут няма батальных сцэн, амаль няма ваеннай тэхнікі, зброі. На іх чалавечыя постаці, твары, вочы. Праходзіш ад адной работы да другой, углядаешся ў гэтыя вочы і адчуваеш невычэрпнае мора людскога жаху і гора. Напэўна, гэтая экспазіцыя мае такую энергетыку таму, што кожны аўтар сам прайшоў праз гэты горан», — апісвае ўражанні ад выстаўкі першы намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алена Даўгаполава.

Сапраўды, на сценах галерэі пануе манахром, але яго немагчыма ўспрымаць як аднастайнасць. Калі набліжаешся да твораў, ужо здалёк заўважна, наколькі адрозніваюцца манеры мастакоў. Сюжэты ў кожнага свае. Хтосьці бачыць і адлюстроўвае напаўразбураныя вясковыя ці гарадскія пейзажы, хтосьці — целы салдатаў, што ляжаць на зямлі. Некалькі аўтараў стваралі партрэты сваіх аднапалчан. У мяккіх алоўкавых лініях, спакойных вачах, пяшчотных выразах твараў зусім не бачацца ваяры і пераможцы — гэта звычайныя людзі, паглыбленыя ў  роздум, кожны са сваім характарам.

Адным з найбольш яскравых падаецца цыкл «Дзяўчына ішла па вайне» Розы Дубар, адзінай жанчыны ў  шэрагу мастакоў. Гэтыя малюнкі — рэзкія, дынамічныя эмоцыі замест выразных твараў — выяўляюць сюжэты жаночага жыцця на вайне.

Па меркаванні Наталлі Шаранговіч, гэтыя работы так доўга не выходзілі з фондаў таму, што існавала пэўная логіка ў развіцці ваеннага мастацтва: спачатку хацелася забыць, пасля — па-філасофску асэнсаваць. Гэтая праца належала тым, хто не быў непасрэдным удзельнікам вайны, а сустрэў яе ў малым узросце або спазнаў па франтавых аповедах бацькоў. Такі погляд на выстаўцы прадстаўляюць надзвычай вострыя, эмацыянальныя і праніклівыя работы Арлена Кашкурэвіча.

Востры твар, заматаны бінтам, разяўлены ў  страшным крыку рот. Гэта «Генацыд» Арлена Кашкурэвіча — твор, які пазірае на гледача з дальняга кута залы, прыкоўвае да сябе ўвагу з першага погляду. Гэтая жудасная, шматслойная метафара палохае і глыбока ўражвае. Але галоўнай работай сярод твораў Кашкурэвіча, прадстаўленых на выстаўцы, з’яўляецца больш спакойная, менш вострая, але не менш цяжкая выява жанчыны са свечкай, на каленях перад вялікім каменем каля дарогі. Гэта — «Без вестак зніклым», нямая малітва ахвярам страшных падзей. Менавіта гэтая работа вынесена на афішу выстаўкі, яна ж першай сустракае наведвальнікаў, бо з’яўляецца своеасаблівай метафарай для ўсёй экспазіцыі. Метафарай вечнай, бясспрэчнай і  непагаснай павагі і памяці, захаванню якіх прысвечана ўся гісторыя ваеннага мастацтва.

Наведаць выстаўку можна да 15 верасня ў галерэі «Ракурс» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?