Вы тут

Наталля Качанава: Мясцовыя ўлады павiнны чуць людзей i дапамагаць iм


Такую думку выказала старшыня Савета Рэспублiкi Наталля КАЧАНАВА па вынiках прыёму грамадзян, якi правяла на базе цэнтральнай грамадскай прыёмнай РГА «Белая Русь»


З 15 лiпеня ва ўсёй краiне стартавала дзейнасць 150 грамадскiх прыёмных, куды грамадзяне могуць прыходзiць са сваiмi пытаннямi.

— Сёння работа праходзiла вельмi эфектыўна i плённа. Людзей прыйшло дастаткова шмат — з пытаннямi, прапановамi, пажаданнямi, якiя заслугоўваюць увагi. Звярталiся не толькi грамадзяне з асабiстымi пытаннямi, але i прадстаўнiкi грамадскiх арганiзацый, — падсумавала для журналiстаў вынiкi прыёму Наталля Качанава.

А людзей хвалявалi розныя пытаннi: ад традыцыйных жыллёва-камунальнай накiраванасцi да лакальных, — напрыклад, па забеспячэннi прафiлактычным лячэннем асобнай катэгорыi хворых. У любым выпадку, заяўнiкi сюды прыйшлi са сваёй праблемай. Вялiкай цi маленькай — гэта не так важна, калi яна хвалюе i рупiць. Спiкер верхняй палаты парламента за амаль чатырохгадзiнны прыём паспела ўнiкнуць больш чым у 20 пытанняў рознага маштабу, уважлiва выслухала кожнага заяўнiка, а з тымi, з кiм не давялося пагутарыць у адведзены тэрмiн, паабяцала сустрэцца падчас дадатковага прыёму, якi арганiзуюць у найблiжэйшы час.

«Квадраты» разладу

Вырашэнне кватэрнага пытання прывяло ў грамадскую прыёмную не аднаго сталiчнага жыхара. Павел Сцепаненка ад iмя ветэранаў вайны ў Афганiстане агучыў пажаданне, каб такой катэгорыi грамадзян, якiя да гэтага часу маюць патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў, даць магчымасць будавацца больш. Надзея Федарцова прыйшла ад iмя дольшчыкаў даўгабуда ў межах вулiцы Быхаўскай з просьбай, каб забудоўшчык здаваў два пускавыя комплексы (176 кватэр) адначасова, а не паасобку — спачатку першы, а пазней другi пад'езды. Людзi маюць справядлiвыя падставы хвалявацца, што кошт другой часткi будаўнiцтва можа iстотна павысiцца.

Сацыяльныя сiроты Уладзiмiр Маркаў з братам выраслi ў апякунскай сям'i, па дасягненнi паўналецця атрымалi двухпакаёўку сацыяльнага карыстання i хацелi б яе прыватызаваць. Але ёсць заканадаўчыя абмежаваннi, таму хлопец i прыйшоў на прыём да Наталлi Качанавай, каб даведацца, цi iснуе магчымасць выкупiць у дзяржавы гэтае жыллё. Пенсiянерка Лiлiя Андрэеўна жалiлася на тое, што жыве ў прыватным доме амаль у цэнтры сталiцы, а выгод няма нiякiх — маўляў, у вёсцы лепшыя ўмовы. Таму i пыталася, калi, нарэшце, iх хаты будуць знесены, а iх жыхары ўзамен атрымаюць кватэры. У той жа час для iншай заяўнiцы Нiны Вiктараўны, што валодае паловай дома больш чым на сто «квадратаў» на вулiцы Цiмiразева, наадварот, такая прапанова ад забудоўшчыка абуральная. Яна не жадае мець узамен дзве аднапакаёўкi, тым больш на дзясятым паверсе, бо яна iнвалiд i яе гэта не задавальняе... Не можа даць рады з таварыствам уласнiкаў Вiкторыя Латушка, якая набыла памяшканне для вядзення гаспадарчай дзейнасцi (у прыватнасцi, арганiзацыi работы трэнажорнай залы) па вулiцы Васняцова, але да гэтага часу не можа атрымаць ад яго дазволу.

Безумоўна, у кожным з такiх зваротаў трэба разбiрацца дэтальна. Спiкер Савета Рэспублiкi запэўнiла заяўнiкаў, што па кожным з iх пытанняў абавязкова будзе праведзены разбор. Калi ёсць магчымасць па законе вырашыць пытанне на карысць чалавека, так i будзе зроблена.

Колькi ў кiшэнi?

Уласныя даходы сталi нагодай для таго, каб агучыць сваю праблему, у мiнчанiна Аляксандра Жука. Ён паведамiў, што калi працаваў у прыватнай фiрме ў Мачулiшчах, уласнiк аказаўся яму вiнен вялiкую суму грошай — нясвоечасова выплачваў заробленае. Ды не толькi яму. Па словах заяўнiка, у судзе ўжо разглядалася гэтая справа i 135 чалавек прызнаны пацярпелымi. Цяпер мужчына працуе ў iншым месцы, але былы работадавец да гэтага часу не разлiчыўся нi з iм, нi з iншымi, таму Аляксандр прыйшоў, каб паведамiць аб невыкананнi судовага рашэння. Старшыня Савета Рэспублiкi даручыла Мiнаблвыканкаму дэталёва разабрацца ў справе, а старшынi Пастаяннай камiсii Савета Рэспублiкi па заканадаўстве i дзяржаўным будаўнiцтве Сяргею Сiўцу падключыцца да вырашэння гэтага пытання.

Вольга Пятроўна як жонка афiцэра ў свой час паматалася па свеце, а па дасягненнi пенсiйнага ўзросту атрымала невялiкую пенсiю. Вось i прыйшла з пытаннем, цi можна ўлiчыць даходы, што атрымлiвала ў валюце падчас камандзiроўкi мужа ў Германii. Адпаведнае даручэнне было адрасавана мiнiстру працы i сацыяльнай абароны Iрыне Касцевiч — асабiста разабрацца i даць адказ.

Бяспека перш за ўсё!

Калектыўны зварот жыхароў пасёлка Сонечны агучыла Кацярына Секан: людзi хацелi б, каб на перакрыжаваннi дарог Калодзiшчы—Заслаўе з'явiўся святлафор, бо месца гэтае аварыйна небяспечнае, аўтамабiльны рух дастаткова iнтэнсiўны. Жыхары пасёлка звярталiся ў Мiнскi райвыканкам, але тэрмiны ўводу аб'екта ўвесь час пераносяцца. Хутка 1 верасня, i людзi хвалююцца за дзяцей, якiя адправяцца пасля канiкул у школу.

Як растлумачыў генеральны дырэктар КУП «Мiнскаблдарбуд» Дзянiс Сцяпанаў, на сёння ўжо распрацаваны будаўнiчы праект, якi ў тым лiку прадугледжвае i пашырэнне дарогi. 10 лiпеня дакументацыю перадалi на дзяржаўную экспертызу. Генеральны дырэктар паабяцаў, што да канца верасня святлафор запусцяць у эксплуатацыю.

— Давайце так: 1 кастрычнiка мы сустрэнемся, прыедзем i праверым, як выканана абяцанне, — прапанавала Наталля Качанава, з чым заяўнiкi з задавальненнем пагадзiлiся.

Патрэбная дапамога

Пенсiянерка Вольга Радчанка агучыла непаразуменнi, якiя ўзнiклi ў стасунках з мясцовай палiклiнiкай, дзе абслугоўваюцца яна i яе 90-гадовая мацi. Спiкер Савета Рэспублiкi звязалася з першым намеснiкам мiнiстра аховы здароўя Дзмiтрыем Пiневiчам i даручыла яму асабiста сустрэцца з жанчынамi i дапамагчы вырашыць спрэчныя пытаннi з установай аховы здароўя.

Тэму медыцынскага абслугоўвання працягнула Святлана Леанiдаўна, якая прадстаўляла таварыства хворых на гемафiлiю. Жанчына расказала, што такiя пацыенты да дасягнення 18-гадовага ўзросту атрымлiваюць прафiлактычнае лячэнне, а пасля — толькi па факце траўмы, iнакш кажучы, без пастаяннай прафiлактыкi iнвалiдызацыя пацыентаў з цяжкай формай гэтага захворвання надыходзiць вельмi хутка. Што трэба? Дапамагчы ў прыняццi адпаведнага закона, якi датычыцца прафiлактыкi гэтага захворвання ў дарослых пацыентаў. Такое даручэнне па вынiках гутаркi Наталля Качанава адрасавала прэм'ер-мiнiстру i мiнiстру аховы здароўя.

Трэба сказаць, што нiводны са зваротаў, агучаных падчас прыёму грамадзян, не будзе пакiнуты без увагi. Наталля Качанава ў размове з журналiстамi акцэнтавала ўвагу на тым, што ў краiне прыняты закон аб зваротах грамадзян, згодна з якiм усе службовыя асобы павiнны праводзiць прыёмы па асабiстых пытаннях, сустракацца з людзьмi, слухаць iх праблемы i аказваць усякае садзейнiчанне ў iх вырашэннi. Большасць пытанняў, як правiла, датычыцца работы мясцовай улады, цяперашнi прыём не стаў выключэннем.

— Хацелася б, каб людзей на месцах чулi i дапамагалi iм у вырашэннi пытанняў, якiя ў iх узнiкаюць, — падкрэслiла спiкер верхняй палаты парламента.

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.