Вы тут

Мала валодаць сiтуацыяй — трэба вырашаць праблемы


Калi ёсць жаданне на свае вочы ўбачыць рэальныя перавагi жыцця ў вёсцы, то прыязджайце ў аграгарадок Гарадзiшча Шклоўскага раёна, як гэта днямi зрабiлi ўдзельнiкi выязнога пасяджэння Савета па ўзаемадзеяннi органаў мясцовага самакiравання пры Савеце Рэспублiкi.


Так бы ўсюды...

А пачалося яно нефармальна — не з традыцыйнага выбрання прэзiдыума, агучвання праграмы пасяджэння, а з кранаючай прывiтальнай песнi мясцовых самадзейных артыстаў. Яны шчыра i ад сэрца праспявалi пра любiмы Шклоў — горад юнацтва, малой радзiмы, месца першага кахання. Пачулi госцi песню i аб прыгожым, заможным, нясумным i — сугучна тэме пасяджэння — камфортным жыцці ў аграгарадку Гарадзiшча.

Вядома, сюды ўдзельнiкi Савета па ўзаемадзеяннi завiталi невыпадкова. Пасяджэнне было прысвечана абмеркаванню дзейнасцi мясцовай улады па ўстойлiвым развiццi тэрыторый, у тым лiку i стварэннi камфортных умоў для людзей. Дык вось, нават пасля кароткага знаёмства з Гарадзiшчам, непрацяглых размоў з яго жыхарамi адчувалася, што ў гасцей уражанне ад вiзiту засталося моцнае. I не дзiўна, што сюды, у глыбiнку, з'яўляецца ўсё больш ахвотных пераехаць на сталае жыхарства. Для гэтага адказнага кроку ў маладых людзей узнiкаюць, паверце, важкiя прычыны.

Як, напрыклад, у сацыяльнага педагога Гарадзiшчанскай сярэдняй школы Наталлi Балбатовiч, якая трапiла сюды па размеркаваннi. Гасцям яна прызналался, што спачатку думала адпрацаваць свой тэрмiн i з'ехаць у горад. Але паступова гэтае жаданне пачало знiкаць. Ёй спадабалася, як наладжаны жыццё i адпачынак у Гарадзiшчы, у тым лiку i для моладзi. Тут у крокавай даступнасцi Дом культуры, дзе ў святы ладзяцца вясёлыя iмпрэзы, праводзяцца вечарыны. Побач дзве крамы, якiя канкурыруюць за спажыўца, iмкнуцца дагадзiць яму, развiваюць гандаль па папярэднiх заказах па iнтэрнэце. Яны ажыццяўляюць дастаўку буйнагабарытных рэчаў — скажам, мэблi, бытавой апаратуры цi будаўнiчых матэрыялаў — проста на месца выкарыстання. Ёсць служба быту, амбулаторыя, пошта, аддзяленне Беларусбанка, бiблiятэка, дысказал i многае iншае. Ды i сам пасёлак чысты, утульны, а прыгожыя наваколлi так i вабяць.

Апошнiм аргументам на карысць таго, каб застацца ў Гарадзiшчы, стала выдзяленне Наталлi як маладому спецыялiсту арэнднага жылля — асобнай добраўпарадкаванай кватэры. Яна, дарэчы, знаходзiцца ў будынку рэканструяванага i перабудаванага дзiцячага садка. Ён цяпер займае там палову плошчаў, а другая палова аддадзена пад адна- i двухпакаёвыя кватэры. I, заўважце, не ўсе яны занятыя. Напрыклад, сваё жыллё чакае ветурача, iншых спецыялiстаў, у якiх гаспадарка мае патрэбу.

Такая жыллёвая палiтыка ў Гарадзiшчы — важны фактар замацавання маладых кадраў. Разам са стварэннем развiтой iнфраструктуры яна прыносiць плён. На перспектыву цяпер пераабсталёўваюць былы будынак сельсавета. Тут з часам з'явiцца яшчэ сем новых камфартабельных арэндных кватэр з гарадскiмi выгодамi.

Жыць не горш, чым у гарадах

Ужо ў Шклове, дзе была працягнута работа пасяджэння Савета, старшыня Савета Рэспублiкi Наталля Качанава падсумавала ўбачанае ў Гарадзiшчы. Па яе словах, наяўнасць жылля, месца работы, добрая заработная плата — вось тое, што дазваляе маладым людзям замацавацца ў вёсцы. У Гарадзiшчы мясцовая ўлада ўдзяляе вялiкую ўвагу гэтым пытанням. А ўвогуле, заўважыла спiкер верхняй палаты парламента, камфортнае пражыванне людзей у кожным населеным пункце краiны — адзiн з прыярытэтных кiрункаў дзяржаўнай палiтыкi. Каб чалавеку было зручна жыць, трэба ствараць для гэтага развiтую iнфраструктуру. Дзiцячыя сады, школы, пошта, банкi, гандлёвыя аб'екты — усё гэта павiнна быць.

Падчас пасяджэння Наталля Качанава звярнулася да дэпутатаў Саветаў усiх узроўняў з заклiкам браць актыўны ўдзел у сацыяльна-эканамiчным развiццi краiны ў цэлым i кожнага асобна ўзятага раёна цi горада, таму што менавiта дэпутаты як выбраннiкi народа павiнны як нiхто ведаць тыя пытаннi, якiя хвалююць людзей. Для фармiравання камфортнага iх жыцця ёсць усе сродкi, i неабходна далей дзейнiчаць у гэтым кiрунку, але сёння мала валодаць сiтуацыяй — трэба прымаць меры па вырашэннi гэтых праблем, сказала Наталля Качанава.

Такая думка стала лейтматывам работы Савета па ўзаемадзеяннi органаў мясцовага самакiравання. Зацiкаўленая размова ў Шклове iшла аб шляхах раўнамернага развiцця рэгiёнаў, стварэннi ўмоў камфортнага жыцця людзей у кожным населеным пункце краiны. Мiхаiл Русы, старшыня Пастаяннай камiсii Савета Рэспублiкi па рэгiянальнай палiтыцы i мясцовым самакiраваннi, у размове з журналiстамi сказаў, што аграгарадкi, насуперак меркаванням розных крытыкаў i скептыкаў, на практыцы паказалi сваю неабходнасць i жыццяздольнасць. Там застаюцца людзi. Бо калi ў населеным пункце няма дзiцячага садка, школы, Дома культуры, амбулаторыi — карацей, развiтой сацыяльнай сферы i iнфраструктуры, — туды не паедуць жыць. Мы павiнны стварыць такiя ўмовы, пры якiх у малых населеных пунктах людзi змогуць працаваць, зарабляць i жыць не горш, чым у гарадах, лiчыць Мiхаiл Русы.

Старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў, член Савета Рэспублiкi Юрый Наркевiч у сваем выступленнi засяродзiўся на мерах падтрымкi дзелавой iнiцыятывы ў глыбiнцы, развiцця партнёрства мясцовага бiзнесу i органаў самакiравання, прывёў цiкавыя прыклады. Ён прапанаваў прыняць рэспублiканскую праграму асфальтавання вясковых вулiц.

Увогуле на пасяджэннi дэпутаты прадметна гаварылi i пра дарогi мясцовага значэння, i пра ўзвядзенне жылля для шматдзетных сем'яў, i пра многае iншае, што складае сутнасць работы сельсаветаў, раённых, гарадскiх i абласных Саветаў.

Першы намеснiк мiнiстра эканомiкi Юрый Чабатар назваў прыярытэты для краiны на наступныя пяць гадоў, акрэслiў асобныя арыенцiры i планы ўстойлiвага i эфектыўнага развiцця рэгiёнаў. Калi вельмi лаканiчна, то iх эканамiчны рост, у прыватнасцi, мяркуецца ажыццяўляць за кошт стварэння новых рабочых месцаў, асаблiва ў тых сельскiх раёнах, якiя нярэдка з аб'ектыўных прычын адстаюць у эканамiчным развiццi. Да такiх раёнаў будуць падыходзiць iндывiдуальна з улiкам iх асаблiвасцяў.

Iх падтрымку ўраду неабходна актывiзаваць, адзначыла ў ходзе пасяджэння i старшыня Савета Рэспублiкi. Сёння, калi складаюцца планы на новую пяцiгодку, дэпутаты павiнны ўдзельнiчаць у распрацоўцы i рэалiзацыi гэтых дакументаў.

Леанiд Лахманенка

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.