Вы тут

У Беларусi вядзецца сiстэмная работа па павелiчэннi долi электратранспарту


Пра гэта паведамiў намеснiк старшынi Савета Рэспублiкi, нацыянальны каардынатар па дасягненнi Мэт устойлiвага развiцця Анатоль IСАЧАНКА на Днi электратранспарту ў Кiтайска-беларускiм iндустрыяльным парку «Вялiкi камень».


— У Беларусi вядзецца сiстэмная работа па ўкараненнi аўтаматызаваных сiстэм кiравання перавозачным працэсам, павышэннi ўзроўню iнфарматызацыi транспартнага комплексу, пашырэннi электрыфiкацыi чыгуначных шляхоў i павелiчэннi долi электратранспарту. Усё гэта забяспечвае камфортныя ўмовы пражывання нашых грамадзян i ляжыць у аснове канцэпцыi разумных гарадоў, якiя мы развiваем, — адзначыў вiцэ-спiкер Савета Рэспублiкi.

Паводле яго слоў, паўсюднае ўкараненне зялёных тэхналогiй, заснаваных на энерга- i рэсурсазберажэннi, забяспечвае развiццё эканомiкi без шкоды для экалогii. Гэта адна з Мэт устойлiвага развiцця.

— Выдатна, што беларускiя прамысловыя прадпрыемствы паэтапна пашыраюць мадэльны шэраг электратранспартнай тэхнiкi, якая выпускаецца. Па гарадскiх маршрутах ужо курсiруе больш за 80 электробусаў, на дарогах павялiчваецца колькасць легкавых аўтамабiляў, якiя функцыянуюць на электрычнасцi. Усё гэта дазваляе скарачаць шкодныя выкiды ў атмасферу, умацоўваць экалагiчную бяспеку i, што не менш важна, развiваць iнавацыйныя вытворчасцi, якiя фармiруюць аснову iнтэлектуальнай эканомiкi, — падкрэслiў ён.

Кажучы пра Дзень электратранспарту ў Кiтайска-беларускiм iндустрыяльным парку «Вялiкi камень», Анатоль Iсачанка звярнуў увагу на тое, што гэта добрае мерапрыемства для прэзентацыi найноўшых распрацовак у галiне электратэхнiкi.

— Тут прадстаўлены розныя вiды электратэхнiкi — ад сучасных электробусаў да электраскутараў. Тэма для нас вельмi актуальная i перспектыўная. Абнаўленне парку транспартных сродкаў высокаэфектыўнай, бяспечнай i экалагiчнай тэхнiкай — важны элемент устойлiвага развiцця нашай краiны, — дадаў ён.

Намеснiк мiнiстра прамысловасцi Андрэй Буйневiч адзначыў, што электрамабiль — больш ёмiстае паняцце, чым проста аўтатранспарт. Паводле яго слоў, гэта комплексная iнфраструктура зарадных станцый, спецыялiзаваных станцый тэхнiчнага абслугоўвання, а таксама навучанне спецыялiстаў, якiх неабходна ўжо сёння рыхтаваць, каб развiваць гэты кiрунак у далейшым.

— Мы бачым вялiкую перспектыву ў першую чаргу ў камерцыйным транспарце. Мiнскi аўтамабiльны завод у найблiжэйшы час павiнен выпусцiць каля 20 адзiнак тэхнiкi. Мiнскi трактарны завод вырабiў i выпусцiў узор лёдазалiўнай машыны, якая сёння праходзiць выпрабаваннi на лядовых арэнах Мiнска. У блiжэйшай перспектыве плануецца вырабiць каля 25 такiх адзiнак, — паведамiў намеснiк мiнiстра.

Дарэчы, Дзень электратранспарту зладзiлi ў Кiтайска-беларускiм iндустрыяльным парку «Вялiкi камень». На яго тэрыторыi дзейнiчала дэманстрацыйная пляцоўка, дзе былi прадстаўлены розныя мадэлi электратранспарту — ад электробусаў i электрамабiляў да электраматацыкла i электрасамакатаў. У мерапрыемстве ўдзельнiчалi МАЗ, «Белкамунмаш», Аб'яднаны iнстытут машынабудавання НАН, прыборабудаўнiчы завод «Аптрон», ВА «Беларуснафта», Geely, кампанii-рэзiдэнты iндустрыяльнага парка «Вялiкi камень» — «ЕЕС-груп», «Чанду Сiньчжу», Greencars. Арганiзатарамi выступiлi Мiнiстэрства энергетыкi i Кiтайска-беларускi iндустрыяльны парк «Вялiкi камень».

Паводле БелТА

Прэв’ю: bkm.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.