Вы тут

Першае паўгоддзе выдалася амаль самым цёплым з 1945 года


Як адзначыла намеснiк начальнiка Рэспублiканскага цэнтра гiдраметэаралогii, кантролю радыеактыўнага забруджвання i манiторынгу навакольнага асяроддзя Мiнпрыроды Святлана Кузьмiч, адной з актуальных праблем сусветнай эканомiкi i мiжнароднай палiтыкi ў ХХI стагоддзi з'яўляецца праблема змены клiмату.


— Клiмат мяняўся заўсёды, але пад уздзеяннем натуральных прычын. Асаблiвасцю змены клiмату ў цяперашнi час з'яўляецца яго антрапагенны характар, — паведамiла яна.

У Беларусi змены клiмату назiраюцца з 1989 года — з анамальна цёплага студзеня, i за гэтыя 30 гадоў тэмпература паветра павысiлася на 1,3 градуса (прыблiзна 0,4 градуса за 10 гадоў). Мiнулы, 2019-ы быў самы цёплы за ўсю гiсторыю нацыянальных метэаназiранняў, i пачатак 2020-га ад яго не адрознiваўся — сярэднямесячная тэмпература студзеня i лютага была вышэйшая за клiматычную норму на пяць з лiшнiм градусаў. Сакавiк i чэрвень таксама былi цёплыя, а вось красавiк i май — халаднейшыя за клiматычную норму.

Суперхалодная канцоўка вясны i позняе лета

Але гэта выключэнне з правiл. Досыць халодны май, здавалася б, перакрэслiў прадказаннi спецыялiстаў аб чарговай хвалi цяпла — але не. Увогуле першае паўгоддзе бягучага года было вельмi цёплае.

Сярэдняя тэмпература паветра за шэсць месяцаў склала плюс 7,3 градуса, што на 2,6 градуса вышэй за норму. Гэтае паўгоддзе заняло другое месца ў ранжыраваным шэрагу ад самага цёплага да самага халоднага, пачынаючы з 1945 года. «Самае цёплае было першае паўгоддзе 1989 года з сярэдняй тэмпературай 7,4 градуса цяпла», — адзначыла начальнiк аддзела вывучэння змяненняў клiмату службы метэаралагiчнага i клiматычнага манiторынгу, фонду даных Рэспублiканскага цэнтра па гiдраметэаралогii, кантролi радыеактыўнага забруджвання i манiторынгу навакольнага асяроддзя Мiнпрыроды Наталля Клявец.

Гэты год пачаўся з анамальна цёплых студзеня i лютага з сярэднiмi тэмпературамi плюс 1,1 i плюс 1,6 градуса адпаведна. Такi цёплы студзень адзначаны ў нашай краiне ўпершыню за ўсю гiсторыю метэаназiранняў, а люты — другi раз. «У цэлым гэты зiмовы сезон быў анамальна цёплы з сярэдняй тэмпературай плюс 1,5 градуса, што вышэй за клiматычную норму на 5,5 градуса. Такой цёплай зiмы на тэрыторыi нашай краiны не адзначалася нi разу за ўсю гiсторыю метэаназiранняў», — адзначыла начальнiк аддзела.

Сёлета халодны перыяд нават зiмой назваць было нельга. Зiма, з пункту гледжання клiматолагаў, надыходзiць тады, калi сярэднясутачная тэмпература паветра апускаецца нiжэй за нуль i ўтрымлiваецца на такой адзнацы больш за пяць дзён. У Беларусi на рубяжы 2019—2020 гадоў гэтага так i не адбылося, а значыць, клiматычнай зiмы наогул не было.

Не было i ўстойлiвага снежнага покрыва. Максiмальная тэмпература паветра за каляндарную зiму была адзначана 18 снежня 2019 года ў Драгiчыне i склала плюс 12,8 градуса. Мiнiмальная — 8 лютага на станцыi Езярышча (мiнус 11,1 градуса). «Нягледзячы на анамальна цёплае надвор'е, якое мы адзначалi ў гэтым зiмовым сезоне, абсалютныя максiмумы тэмператур па месяцах не былi перавышаны», — дадала Наталля Клявец.

Мiнулая вясна была звычайная, хоць не без сюрпрызаў. Сярэдняя тэмпература паветра перавысiла норму ўсяго на 0,2 градуса. Сакавiк быў цёплы (у сярэднiм плюс 3,6 градуса). Першы вясновы месяц з такой высокай тэмпературай адзначаецца ў сярэднiм па краiне адзiн раз на 10—15 гадоў. Красавiк быў крыху халаднейшы, чым звычайна. У гэтым месяцы сярэдняя тэмпература была плюс 6,8 градуса, што нiжэй за норму на 0,5 градуса.

А май выдаўся халодны — у сярэднiм плюс 11 (нiжэй за норму на 2,4 градуса). Апошнi раз на тэрыторыi краiны такi халодны май быў адзначаны ў 1999 годзе. Максiмальная тэмпература паветра за вясновы сезон была зафiксаваная 11 мая на метэастанцыi Жыткавiчы i склала плюс 28,9 градуса. Мiнiмальная — 24 сакавiка ў Бярэзiнскiм запаведнiку (мiнус 10,9 градуса).

Лета злёгку «тармазнулася»

Устойлiвы пераход праз адзнаку плюс 14 градусаў у бок павышэння сёлета адбыўся 5-6 чэрвеня. Такiм чынам, клiматычнае лета пачалося на тыдзень-два пазней, чым звычайна. Чэрвень быў цёплы — з сярэдняй тэмпературай плюс 19,6 градуса, што вышэй за клiматычную норму на 3,2 градуса. Ён заняў чацвёртае месца ў ранжыраваным шэрагу ад самага цёплага да самага халоднага. А самым цёплым гэты месяц быў у 2019 годзе.

На працягу чэрвеня 2020 года на метэастанцыях Лепель, Мар'iна Горка i Магiлёў былi перавышаныя абсалютныя тэмпературныя рэкорды месяца. У Слаўгарадзе рэкорд быў паўтораны. Максiмальнае значэнне тэмпературы паветра за чэрвень адзначылi ў Жлобiне (плюс 34,4), мiнiмальнае — у Бярэзiнскiм запаведнiку (плюс 3,2 градуса).

А з ападкамi «прарвала» ў чэрвенi

Са студзеня да чэрвеня гэтага года ў сярэднiм па краiне выпала 302 мм ападкаў, або 103 % ад нормы. Гэта значыць, рэжым увiльгатнення быў блiзкi да звычайнага. Але пры гэтым ападкi размяркоўвалiся вельмi нераўнамерна.

У лютым, маi i чэрвенi адзначалася залiшняе ўвiльгатненне. Больш за ўсё ападкаў за першае паўгоддзе выпала ў чэрвенi — 104 мм (129 % нормы). У Бярэзiнскiм запаведнiку ў чэрвенi быў перавышаны гiстарычны рэкорд месяца па суме ападкаў, калi выпала 231 мм (254 % нормы).

Недабор ападкаў адзначаўся ў студзенi, сакавiку i красавiку. Найбольшы дэфiцыт быў у красавiку: выпала 13  мм (каля трацiны месячнай нормы). У ранжыраваным шэрагу назiранняў ад самага сухога да самага вiльготнага красавiк 2020 года заняў чацвёртае месца.

На працягу першага паўгоддзя ў краiне адзначалiся ўзмацненнi ветру да 15—27 м/с, месцамi туманы, галалёд i град. Навальнiцы фiксавалiся нават у студзенi, што з'яўляецца вельмi рэдкай з'явай для зiмы.

Зiму адменяць як пару года?

У сувязi з павышэннем тэмпературы паветра сiноптыкi адзначаюць у Беларусi павелiчэнне клiматычнага лета (за апошнiя 30 гадоў — у сярэднiм на 5-7 дзён) i скарачэнне зiмы. «Сезоннасць клiмату ў нас, вядома ж, захаваецца, бо яна абумоўлена астранамiчнымi фактарамi, але поры года зменяцца», — сказала Наталля Клявец.

Яна адзначыла, што ў сувязi са змяненнем клiмату будзе павялiчвацца колькасць небяспечных метэаралагiчных з'яў. «На тэрыторыi нашай краiны за апошнiя 30 гадоў не адзначаецца адназначнага росту iх колькасцi. Але ў асобных вiдаў небяспечных з'яў можа павялiчвацца паўтаральнасць. Напрыклад, небяспечная спякота (тэмпература паветра вышэй за 35 градусаў) адзначаецца ўсё часцей. Калi раней мы фiксавалi такое толькi па поўднi Беларусi (у Брэсцкай i Гомельскай абласцях), то цяпер тэмпературы, вышэйшыя за плюс 35, могуць адзначацца па ўсёй тэрыторыi краiны, паведамiла спецыялiст.

Што датычыцца другога паўгоддзя, то сярэдняя тэмпература паветра ў першай дэкадзе лiпеня склала плюс 19 градусаў, што вышэй за норму на 1,1 градуса. Апошнi раз так цёпла ў першай дэкадзе лiпеня было ў 2015  годзе. Выпала ў сярэднiм 31 мм ападкаў (109 % дэкаднай нормы).

Ураджай збожжавых будзе важкi

Надвор'е ў першым паўгоддзi абумовiла неадназначныя аграметэаралагiчныя ўмовы на тэрыторыi краiны. Азiмыя культуры паспяхова перанеслi ў цэлым бясснежную зiму, iх вегетацыя пачалася на месяц раней за сярэднiя шматгадовыя тэрмiны. Значна раней пачалася i масавая сяўба раннiх яравых культур.

«Затым умовы змянiлiся. Хоць тэмпература ў сакавiку была вышэйшая за клiматычную норму, у цэлым вясна была халоднай. Нiзкiя начныя тэмпературы (у асобныя ночы да мiнус 8—11 градусаў) сталi прычынай пашкоджанняў рапсу, на некаторых палях — нават гiбелi», — сказала Святлана Кузьмiч.

Нават багатыя дажджы ў маi пасля сухога красавiка не змаглi папоўнiць запасы вiльгацi. У некаторых раёнах Гомельскай вобласцi фiксавалi гiбель сельскагаспадарчых культур ад засухi.

У першы месяц лета аграметэаралагiчнае становiшча на тэрыторыi краiны прыкметна палепшылася. Багатыя дажджы ў чэрвенi i першай палове лiпеня добра намачылi глебу i на асноўных масiвах аднавiлi добрую вiльгацезабяспечанасць пасеваў. Дастатковасць цяпла i вiльгацi спрыялi фармiраванню ўраджаю збожжавых, адрастанню траў пасля ўкосу i росту караняплодаў. Аднак частыя ападкi абцяжарылi ўборку сена i ахоўныя мерапрыемствы па доглядзе пасеваў. Моцныя дажджы з градам станавiлiся прычынай палягання збожжавых, лёну i рапсу.

Што ж мы маем цяпер? Па поўднi, а месцамi i ў цэнтральным рэгiёне краiны ў азiмых збожжавых i яравога ячменю назiраецца васковая спеласць, у некаторых раёнах ужо рэгiструюць поўную спеласць. «Збожжавыя культуры для ўборкi сёлета паспеюць трохi пазней, чым у мiнулым годзе. Аднак нашы спецыялiсты мяркуюць, што ўраджай збожжавых будзе большы, чым летась. Згодна з вынiкамi апошнiх абследаванняў пасеваў лёну, вышыня сцябла сёлета большая, чым у 2019 годзе. Праўда, пасля халоднай вясны пакуль адстае ў развiццi кукуруза», — заўважыла Святлана Кузьмiч.

Сяргей КУРКАЧ

Фота: shliah.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.