Вы тут

Альтэрнатывай замежным падарожжам можа стаць экалагiчны адпачынак


Колькi раз даводзiлася бываць у Белавежскай пушчы, падлiчыць вельмi складана. Часцей сюды прыводзiлi журналiсцкiя справы: пушчу наведваюць высокiя ўрадавыя дэлегацыi i вясёлыя кампанii мiжнародных маладзёжных альбо спартыўных суполак. Прыязджалi ў нацпарк таксама сям'ёй з дзецьмi — але заўсёды гэта было ў складзе нейкiх арганiзаваных груп. А вось каб невялiкай камернай кампанiяй, такога i не згадаю.


I наўрад цi было б гэта ажыццёўлена ў блiжэйшы час, каб не мая сяброўка юнацтва, якая даўно жыве ў Маскве. Як той казаў, няма лiха без дабра. Вось i яны гэтым летам не планавалi падарожжа на малую радзiму, ды пандэмiя памяняла ўсе планы: прыехалi. А паколькi прымаць гасцей дома цяпер не асаблiва i выпадае, мы дамовiлiся сустрэцца ў пушчы. Яна выбралася ў родныя мясцiны з дачкой i патэнцыйным зяцем. Маладыя людзi нiколi не былi ў пушчы раней, таму выказалi жаданне ўбачыць гэтую славутасць. Дарэчы, машын з расiйскiмi нумарамi на стаянцы каля Нацыянальнага парка зусiм не мала. Цяперашнiя турысты дабiраюцца ў асноўным сваiм транспартам, хоць гэта нескладана зрабiць i грамадскiм: з аўтавакзала ў Брэсце рэгулярна ходзяць аўтобусы, маршруткi. Ад меж горада да памянёнай стаянкi каля 60 кiламетраў.

На стэндзе перад уваходам мы прачыталi ўсю iнфармацыю пра паслугi i экскурсii. Зрабiць гэта можна i загадзя, скарыстаўшыся ўласным смартфонам. Цяперашняга турыста, зацiкаўленага ўбачыць векавы лес на свае вочы, прытым не спяшаючыся, думаю, прыцягне магчымасць веласiпеднай экскурсii. Адкрыць для сябе пушчу цяпер можна па шасцi веламаршрутах працягласцю ад 1,5 да 4 гадзiн. Самае малое падарожжа даўжынёй 10 кiламетраў называецца «Царская паляна», далей па працягласцi iдзе «Войтаў мост» — 15 кiламетраў, «Звярыны пераход» усяго на кiламетр большы за папярэднi, «Вялiкае падарожжа» расцягнецца на 27 кiламетраў, а адрэзак «Каменюкi — Белы лясок» займае 28 кiламетраў.

Пракат веласiпедаў арганiзаваны без выхадных i перапынкаў. Узяць двухколую машыну на чатыры гадзiны каштуе 15 рублёў. Калi ж наездзiце больш, кожная наступная гадзiна «зацягне» на 2 рублi. Дарэчы, у кошт пракату ўваходзiць наведванне вальеры з жывёламi. Звяроў трэба паглядзець, асаблiва тым, хто трапляе ў пушчу ўпершыню. Цiкавая акалiчнасць: у вальеры цяпер жыве зубр, якi праславiўся ў 2016 годзе тым, што прыбiўся да статка кароў у Кобрынскiм раёне i пражыў на ўсiм гатовым нiбы сыр у масле каля двух месяцаў. Пра багатую бiяграфiю пушчанскага насельнiка «Звязда» расказвала ў нумары за 14 верасня 2016 года. Цiкава было паглядзець на рагатага Казанову зноў.

Нашы маладыя людзi выбралi велападарожжа «Царская паляна» — вiдаць, назва прывабiла. I не пашкадавалi. Потым з захапленнем расказвалi пра бярозу з «галавой зубра». Нарост на дрэве, што нечым сапраўды нагадвае галаву гаспадара пушчы, заўважылi больш за 20 гадоў таму. Падобны нарост утвараецца, паводле слоў спецыялiстаў, калi ў ствол укараняецца iншародны арганiзм. Часцей за ўсё гэтымi няпрошанымi гасцямi з'яўляюцца грыбы розных вiдаў. Дрэва перахварэла i прызвычаiлася, а iншародны арганiзм утварыў экзатычны горб. Таксама на шляху гэтай экскурсii сустракаец-ца аграмадны раскошны дуб-пустэльнiк. Дрэву трыста гадоў — для дуба не такi вялiкi ўзрост, але дыяметр ствала ўжо перавысiў паўтара метра. Мне гэты дуб заўсёды нагадвае разважаннi Андрэя Балконскага ў «Вайне i мiры» пра перамогу жыцця.

Балота «Татарская багна» ўжо высахла, а назва засталася, бо ў ХIII стагоддзi тут стаялi татары, якiя дабралiся падчас нашэсця аж сюды. Былая вузкакалейная дарога, узведзеная немцамi падчас Першай сусветнай, — цяпер вельмi маляўнiчае месца. Акупанты тады пабудавалi дарогу, каб вывозiць лес з пушчы. Усяго за паўтара года рукамi палонных паклалi сетку чыгункi працягласцю 325 кiламетраў. Цяпер на месцы асобных вузкакалеек пракладзены асфальт, па iм якраз i праходзяць веламаршруты. Ну i сама паляна цяпер — экзотыка i славутасць. Размешчана яна пасярод гушчару. Паводле некаторых звестак, упершыню тут зладзiў паляўнiчы баль кароль Станiслаў Аўгуст Панятоўскi. З яго лёгкай рукi на паляне сталi гуляць цары, потым генеральныя сакратары.

Ну i сучаснiкi не адстаюць: сёння тут право-дзяцца святы, масавыя мерапрыемствы. А яшчэ па маршруце варта спынiцца ва ўро-чышчы «Турлюй», паглядзець маляўнiчую лясную развiлку, стагадовы сасновы лес ды шмат чаго iншага. I галоўнае — атрымлiваць асалоду можна няспешна, робячы прыпынкi калi пажадаеш i дзе пажадаеш.

А яшчэ мы адкрылi для сябе гэтым разам пешыя маршруты, якiмi можна выправiцца i пазнаваць для сябе пушчу наноў. На экалагiчнай сцяжыне «Азёрны пярсцёнак» ёсць тры штучныя возеры. Яны створаны ў пачатку 1970-х гадоў для рэгулявання гiдралагiчнага рэжыму. Вада ў iх цёмная, бо на дне ёсць залежы торфу. I ў гэтай цёмнай вадзе па-асаблiваму адлюстроўваюцца дрэвы, сонца, неба — нiбы не натуральнае вiдовiшча, а сфакусiраванае на нейкiм экране, да таго ж цiшыня i запаволенасць наогул ствараюць эфект анiмацыi, казкi... Але ў сапраўдную казку трапляеш не тут, а ў запаведнай дубраве, дзе пад полагам дуба i граба стаiць вечны цень. Раслiны, што прызвычаiлiся да гэтага паўзмроку, уяўляюць сабой асаблiвае зялёнае покрыва з цемнаватым адценнем, што стварае ўражанне, нiбы трапляеш у глыбокую старажытнасць: здаецца, вось так было, можа, тысячу гадоў таму. А можа, i сапраўды было так? I цiшыня, заспакоенасць, якiя бываюць толькi ў пушчы: нiякi iншы лес гэтага не мае. Прынамсi, Караткевiч дакладна апiсаў пушчу у сваёй «Зямлi пад белымi крыламi».

...У пушчы цяпер можна паглядзець музеi, у тым лiку i новы археалагiчны пад адкрытым небам. Можна наведаць заказнiк «Выганашчанскi» ў Iвацэвiцкiм раёне, якi цяпер таксама ўваходзiць у Нацыянальны парк. Аматарам новых уражанняў карысна будзе адкрыць для сябе i Ружанскую пушчу — не такi раскручаны рэкламай i асвоены турыстамi, але надзвычай цiкавы i загадкавы лясны масiў. У любым выпадку варта хоць зрэдку выбiрацца ў запаведныя мясцiны, шчодра раскiданыя па нашай зямлi. Прырода ўмее даваць сiлы, да таго ж яна нiколi не здраджвае i не падманвае.

Святлана ЯСКЕВIЧ

Фота: puszcza.urest.org

Загаловак у газеце: Пехатой у казку. Можна i на веласiпедзе

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Чым прывабіць людзей да вёскі?

Чым прывабіць людзей да вёскі?

Месца для працавітых і смелых.

Грамадства

Знізіць аварыйнасць і траўматызм

Знізіць аварыйнасць і траўматызм

Што змяняецца для аматараў сродкаў персанальнай мабільнасці?