Вы тут

Зімой і летам — з бяспечным інтэрнэтам


Працяг размовы пра тое, як дапамагчы юным беларускім карыстальнікам “сусветнай павуціны” ўмацаваць свой імунітэт супраць інфавірусных інфекцый


Пэўна, што ўсе інтэрнэт-карыстальнікі хоць трошкі чулі пра вірусы, што гуляюць на віртуальных прасторах “сусветнай павуціны”. Змагаюцца з імі карпарацыі дасведчаных ІТ-спецыялістаў, ствараючы антывірусныя праграмы. Аднак паставіць нейкія фільтры, распазнавальнікі на ўзроўні чалавечай свядомасці супраць фэйкаў, разбуральных і дэструктыўных ідэй — яшчэ больш складаная задача. “Ну ці ж вучылі нас бацькі змагацца з фэйкамі? Усяму не навучыш. Але выхаванне, культурная традыцыя, развіццё інтэлекту ствараюць нябачную лінію абароны асобы. Калі яна ёсць, тады й кінуты фэйк не ляжа ў свядомасць як ідэя каранёвая, асноўная,” — лічыць дырэктар кампаніі “Сакрамент ІТ” Валеры Ягораў. Пачатак гутаркі з ім мы падалі ў № 11 (“Каб не стаў інтэрнэт павуцінаю” — ГР, 15.06.2020).

“Сістэма адукацыі — стратэгічная галіна для краіны”. Тое падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі 29 чэрвеня, калі сустракаўся са школьнымі настаўнікамі й выкладчыкі ВНУ, прафесарамі, выхавальнікамі дзіцячых садоў. З усёй краіны з’ехаліся госці ў Выставачны комплекс, які на сталічным праспекце Пераможцаў, пры Палацы Незалежнасці. Аляксандр Лукашэнка на вялікай сустрэчы з педагагічным актывам прапанаваў абмеркаваць развіццё сістэмы адукацыі. Закраналіся розныя пытанні: ад новых правілаў паступлення ў ВНУ да месцаў у інтэрнатах, росту заробкаў настаўнікаў і выкладчыкаў. Кажучы пра важнасць адукацыі ў нашым часе, Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу й на тую прыхаваную небяспеку, якую ўяўляе сабой для юных сучасная інфапрастора: “Вы ведаеце, што адбываецца з моладдзю, якая застаецца сам-насам з інфармацыйнай прасторай. Я шчыра кажу: там ёю ўжо займаюцца іншыя выхавальнікі, замежныя ідэолагі, а часам і злачынцы. І тое, што сёння адбываецца з некаторымі нашымі дзецьмі, гэта не толькі да бацькоў пытанне, але й да ўсіх нас, да ўсёй сістэмы нашай адукацыі”. Па сутнасці, выхаванне моладзі найцесным чынам спалучана з пытаннямі дзяржбяспекі, будучыні нашай Бацькаўшчыны. “Не будзем займацца сваімі дзецьмі — імі зоймуцца чужыя “настаўнікі”. Тады ў гісторыі незалежнай Беларусі, якую павінны прадоўжыць нашы дзеці, можам паставіць кропку. Нават тлустую”.

Лета, школьныя й студэнцкія канікулы — якраз тая пара, калі, маючы больш вольнага часу, школьнікі й моладзь актыўна здабываюць новыя веды, досвед, уражанні ў тым ліку і ў інтэрнэт-прасторы, у якой іх могуць падсцерагаць розныя небяспекі. Напрыканцы першай часткі размовы Валеры Ягораў разважаў: “Вось цяпер вялікая праблема інфапрасторы — фэйкі. Як супрацьстаяць ім? Думаю, найлепшы сродак абароны супраць інфавіруса — вучыць чалавека з маленства аналізаваць, пераправяраць, параўноўваць інфармацыю. Калі ты не прывучаны тое рабіць гэтак жа, як мыць рукі перад ежай (а цяпер і значна часцей!) — то ты, вобразна кажучы, чалавек без культурна-адукацыйнага імунітэту. І таму лёгка дасягальны для любога інфавіруса. Дзе такія навыкі набываць? У сям’і, у школе, у нашым жабніку (маецца на ўвазе праект Мегабук. — І.Ж.). Калі ёсць навыкі, то ў жыццёвым плаванні, сустрэўшы нейкія новыя павевы, інфаплыні, з’явы — ты зможаш правільна выставіць ветразь, папрацаваць вяслом, зарыентавацца па зорках ці прыборах, ацаніць параметры й сілу ветра ці плыні… Наш Мегабук — “трэнажор” для ўмацавання наасфернага імунітэту асобы. 

Калі ты добра ведаеш, куды й навошта рухаешся — лягчэй супрацьстаяць розным інфаспакусам. А з гадамі развіваецца пачуццёведанне. Ты хутка ўжо адсяваеш фэйкі, маючы досвед аналізу іншых разрозненых фактаў і з’яў. Многае, дарэчы, наш мозг апрацоўвае міжволі: мы толькі запускаем працэс, загружаючы зыходную інфармацыю ў наш мегакамп’ютар. Бо чалавек — гэта, кажуць мудрыя людзі, найдасканалая машына ў свеце. Іншая справа, што мы не заўсёды ўмеем якасна выкарыстоўваць увесь свой велізарны патэнцыял”.

І вось як размова прадаўжалася.

— У антычнай міфалогіі, падаецца мне, былі папярэджанні пра інфаспакусы, пра якія вы гаворыце. Напрыклад, ад старажытных грэкаў вядома пра сірэны — дэманічныя істоты, якія сваімі чароўнымі галасамі завабліваюць неабачлівых мараплаўцаў да сябе. Але Адысей-мараплаўца, як расказаў людзям Гамер, загадзя ведаў пра такую небяспеку, там й змог яе пазбегнуць. Інакш салодкагалосыя істоты, завабіўшы спакушаных на сваю выспу, разарвалі б іх на кускі…

— Ну нездарма ж кажуць, што ўсё новае — гэта добра забытае старое! Бярэш міфічных сірэн — і па аналогіі знаходзіш у інтэрнэце тысячы крыніц інфармацыі. Як хутка разбагацець? Як пазбегнуць залішняй апекі бацькоў? Дзе сёння лёгка жывецца? І ты ж, аказваецца, выйграў у нейкай там латарэі вялікія грошы — засталося толькі пагадзіцца забраць выйгрыш… Ну ўсе жадаюць табе дабра й шчасця! І як тут не ўспомніць сірэн, якія зводзяць невядома куды недасведчаных мараплаўцаў…

— Я ведаю, што для пашырэння культурна-адукацыйнай прасторы кампанія “Сакрамент ІТ” планавала ствараць на грунце Мегабук і спецыялізаваныя кніжныя палічкі: для выкладчыкаў, бацькоў, вучняў рознага ўзросту з улікам іх схільнасцяў. Для тых, напрыклад, хто паглыблена цікавіцца інфарматыкай, хіміяй, фізікай, біялогіяй…

— Такая “палічная” опцыя, магчымасць сапраўды ёсць у нашай платформе. І гэта, лічу, правільна. Разам з агульнай, базавай, з якой мы стартавалі, можна разгортваць асобныя кніжныя паліцы. Там могуць быць кнігі для бацькоў: па асаблівасцях узроставай псіхалогіі, методыцы сямейнага выхавання. Для педагогаў — варыянты правядзення асобных урокаў, пра агульныя тэндэнцыі ў педагогіцы, методыка выкладання, сучасныя тэхнічныя сродкі на ўроку ды многае іншае. Чытанне на лета — палічкі па класах. У развіццё праекта мы гатовыя тое ж зрабіць і для студэнтаў. Выступіць заказчыкам, напрыклад, механіка-матэматычны факультэт — размесцім увесь курс на базе ўніверсітэта. Тое, што палічаць найлепшым спецыялісты. І так — па любой спецыяльнасці, прычым на гэтай жа платформе, дзякуючы якой паступова можа стварацца асабістая культурна-адукацыйная прастора чалавека. Воблака, як цяпер кажуць, у якім мы зможам знаходзіць шмат для сябе цікавага. І ўвесь час яго пашыраць.

— А можна ж і вярнуцца да раней засвоенага матэрыялу, нешта паўтарыць, аднавіць веды. Здаецца, у Мегабука ёсць магчымасць весці канспекты, рабіць паметкі на палях…Мне вось падабаецца чытаць кнігі з алоўкам у руках…

— Вядома, можна й вярнуцца. Ёсць магчымасць, робячы любыя запыты, іх гісторыю захоўваць, паметкі рабіць. І сістэма пошуку па ўсёй базе — заўсёды побач. Нешта новае даведаўся — пазначыў. І ў цябе ўсё гэта, канспект навучання, пад рукой! Можна колерам нешта пазначаць. Я, прызнацца, і свае веды па матэматыцы па падручніках, што выстаўленыя на Мегабук, паднаўляю — бо неяк папрасілі знаёмыя з іх дзецьмі пазаймацца. І ў мяне ёсць мой асабісты канспект на базе Мегабук. Я матэматык па адукацыі, у 1979‑м закончыў факультэт прыкладной матэматыкі БДУ. Потым працаваў у акадэмічным Інстытуце кібернетыкі. Але ж з гадамі, дзесяцігоддзямі нейкія нюансы, навыкі губляюцца, каб кансультаваць школьнікаў, калі ты не практыкуеш як настаўнік, рэпетытар, выкладчык матэматыкі. Трэба веды паднаўляць. І з Мегабукам кнігі, канспекты заўсёды побач: у тваім асабістым воблаку.

— Я ведаю, была яшчэ ідэя стварыць бібліятэку беларускай літаратурнай класікі. У тым ліку й з перакладамі на розныя мовы. І зрабіць гэты рэсурс даступным па ўсім свеце…

— Марым і пра такое — знайсці б партнёраў, каб усё рэалізаваць. А колькі цікавага можна выкласці па ваеннай гісторыі, па гісторыі беларускай дзяржаўнасці! Скажу без пахвальбы: наша тэхналогія працуе не толькі ў сярэдняй школе. Гэта праект на выраст. Культурна-адукацыйная платформа і для спецыяльнай, і для вышэйшай адукацыі. А па вялікім рахунку: для ўсёй нацыянальнай культурна-адукацыйнай, інфармацыйнай прасторы. І што важна: гэта наша, айчынная тэхналогія. Мы запампоўваем у базу дадзеных тое, што працуе на нашу эканоміку, культуру, развіццё чалавечага патэнцыялу, бяспеку дзяржавы. Гэта вельмі эфектыўнае ўкладанне сродкаў у развіццё нацыі. Будзе грамадскі запыт — яе можна папаўняць бясконца. Дарэчы, да нашай платформы ёсць немалая цікавасць і ў замежжы, асабліва ў апошнім, каранавірусным часе. Многія разумеюць: пасля пандэміі свет сапраўды будзе іншым. Анлайн-урокі для школьнікаў, лекцыі для студэнтаў — не самае лепшае рашэнне праблемы. І дзесяць гадоў таму працавала такое. А мультымедыйныя падручнікі, кнігі, дапаможнікі — гэта тэхналогіі ў тым ліку й заўтрашняга дня. Уваходзіць у наш Мегабук школьнік — і бачыць паліцы з кнігамі. Можа любую разгарнуць, а там — відэа, і аўдыафайлы… Усё, што яму цікава. Выкладчыкі, бацькі таксама знойдуць сваё. Не хочаш чытаць — слухай альбо відэа глядзі. Калі платформу пастаянна развіваць, то ўтворыцца вялізнае “адукацыйна-культурнае возера”!

— …У якім бяспечна плаваць, умацоўваючы калектыўны імунітэт супраць розных інфавірусаў…

— Так, зручна там вучыцца плаваць у інфаплынях, жыць у наасфернай прасторы. Гэта ж можа быць і базавая сістэма абароны ад знешніх нападаў на нашу нацыянальную інфапрастору. На жаль, не ўсе яшчэ разумеюць сёння, колькі ўсяго рознага можа праз інтэрнэт “праціснуцца” ў свядомасць, у душы юных нашых грамадзян. Прычым асноўная праблема не ў тым, што ёсць інтэрнэт, а ў тым, што мы не вучым карыстальнікаў “плаваць” у водах інтэрнэт-акіяна. Вось і выносіць іх да рэальных, не віртуальных чужых берагоў у тым ліку.

— За савецкім часам, калі ішла гонка ўзбраенняў, развітыя краіны стваралі дарагія сістэмы абароны ад касмічных ды іншых нападаў…

— Можна й такую аналогію правесці. Але выклікі часу цяпер іншыя. Нам трэба ствараць сваю, нацыянальна арыентаваную культурна-адукацыйную прастору. Безумоўна, яе асобныя элементы ўжо ёсць. І важна, каб кожны малады грамадзянін засвойваў сістэму базавых каштоўнасцяў сваіх бацькоў і дзядоў, асвойваў нашы, спрадвечныя культурныя коды, рос патрыётам Бацькаўшчыны. Вось нядаўна я даведаўся: адна сям’я з’ехала жыць з Беларусі ў Швецыю. Неяк прабіліся. Ім паабяцалі, што там — добрае, камфортнае жыццё, і менш пры тым трэба, як кажуць, напружвацца. Матыў зразумелы: менш працаваць — лепш жыць. Але па развіцці, адукацыі тыя маладыя людзі, па сутнасці, нічога з сябе не ўяўляюць. Жанчына думала: усё, зямны рай! Як сыр у масле будзем катацца. І яшчэ адно дзіця там нарадзіла. Прычым уладкоўвацца ў соцыум асабліва не спяшаліся. Калі да яе прыйшлі сацработнікі, яна ім, як кажуць, “права качать” стала. Тыя — свае правы маюць: дзяцей забралі, палічыўшы сям’ю асацыяльнай. Цяпер іх вярнуць немагчыма. Прычым уявіце сабе: дзяцей аддаюць на выхаванне адаптаваным там мараканцам, у якіх і зарплаты прыстойныя, і пастаянная праца. То бок для ўсынаўлення па чыноўніцкіх крытэрыях праходзяць. Вось якая гісторыя. Праўду казалі нашы продкі: дзе нарадзіўся — там і спатрэбіўся. Але ж цяпер праз розныя каналы ідзе інфаапрацоўка: там добра — у нас дрэнна. Хтосьці паддаецца, шукае рай: нібыта “дзесьці там” усё само сабой з неба сыплецца.

— Чаму так атрымліваецца?

— Таму што мы неабачліва запускаем несумленных вярбоўнікаў у нашую інфапрастору. Яны ж паказваюць толькі плюсы “таго” свету і толькі мінусы нашага жыцця. Гэта вядомы прыём ідэалагічнай барацьбы, як раней казалі. Мэта: звабіць з Беларусі працоўныя рэсурсы, пажадана высокаадукаваныя. А крытычнага ўспрымання падобнай інфармацыі ў многіх няма. І хтосьці паддаецца на хітрыкі. Вось такія ёсць выклікі ў эры наасферы, да якой многія не гатовыя.

— Вы згадалі пра чужыя берагі… Увесну была інфа: два мільёны гастарбайтэраў з розных краін затрымаліся ў Чэхіі. Думаю, і нашы сярод іх былі. Прыехалі на заробкі — а потым каранцін, межы закрылі. А яны ж там нікому не патрэбныя: ні жылля, ні працы, ні грошай…

— Ну, рана ці позна з падобнымі працаўнікамі нешта павінна было здарыцца. Людзей вабяць некуды добрымі заробкамі, яны кінулі ўсё — і туды. Ці ў іншую краіну: прыг-скок. Так і хочацца спытаць у іх: гэта што за стыль жыцця, грамадзяне? А пра сваю зямлю, пра Радзіму хто клапаціцца будзе? Можа, гаварыць пра інтарэсы Радзімы — гэта ўжо “не сучасна” ў эпоху інтэрнэту? Дарэчы, “размыванне” матрыцы патрыятызму — адна з сур’ёзных небяспек, што падсцерагае юных у інтэрнэце. А паспрабуйце толькі ў заможных заходнееўрапейскіх краінах такія тэзы агучваць… І адкуль ногі растуць у з’явы пад назвай “размыты патрыятызм” ці “кульгавая самаідэнтычнасць”? З непісьменнасці! Бо культурны, адукаваны чалавек разумее: вось тут мая зямля, мой дом. Тут я абаронены ўсім гэтым сваім — і таму тут ствараю сям’ю, раблю кар’еру. Тут мая будучыня, тут стабільнасць. Не без выключэнняў, вядома: іншаму можа й наканавана сваю долю ў свеце шукаць. Але не мільёнамі ж шукаць нейкага лепшага жыцця ў іншых краінах! Што тут скажаш: сірэны не дрэмлюць, спяваюць. А жыццёвага досведу, культурнай базы, ведаў няма, каб аб’ёмна паглядзець на сітуацыю. Рызыкнулі. Там, як з Чэхіяй, зачынілася пастка — і не вернешся. Альбо вернешся з вялізнымі стратамі. А колькі выпадкаў, калі беларускі выходзяць замуж, нараджаюць дзетак у іншых краінах, разводзяцца — і дзетак ім не аддаюць. Зрэшты, падзеі, справакаваныя каранавірусам, іншымі фактарамі ў ЗША ды іншых багатых краінах для многіх, мяркую, будуць навукай патрыятызму.

— Вялікая тэма для размовы! Аднак вернемся да вашай ІТ-платформы, на якой пабудаваны Мегабук. Можаце сказаць, дзе канкрэтна ў замежжы ёй цікавяцца?

— Ад планаў да ўвасаблення заўсёды няпросты шлях. Таму скажу хіба пра тэндэнцыі — на прыкладзе Кыргызстана. Неяк, гады два ці тры таму, на выставе ТІБО ў Мінску мы прадстаўлялі платформу Мегабук. Я пазнаёміўся з уплывовым чыноўнікам з Бішкека. А нядаўна там стварылі Дзяржкамітэт па інфармацыйных тэхналогіях, і мой знаёмец у ім працуе. Спачатку праявіў інтарэс, потым прапаў на пару гадоў — і вось у іх, як кажуць, пайшоў працэс. У Мінадукацыі Кыргызстана праявілі вялікую цікавасць да электронных падручнікаў. Праходзяць нарады, кансультацыі, пры тым цікавасць да беларускага ІТ-прадукту немалая. Там жа лясоў на кнігі няма: 70 адсоткаў тэрыторыі — горы. Я, дарэчы, сам там бываў: хадзіў у складзе тургрупы ў горы на 4000 метраў. Да возера Ісык-Куль спускаліся.

— Там жа й наш супляменнік, знакаміты Мікалай Пржэвальскі падарожнічаў: у яго з Віцебшчыны родавыя карані. Я чытаў, ён са шляхецкага роду быў, і продку ягонаму шляхецтва (у Вялікім Княстве Літоўскім) нададзена было за подзвігі ў змаганні з рускімі войскамі: калі армія караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя ў 1579‑м адбівала Полацак. А пахаваны Мікалай Міхайлавіч (памёр у 1888‑м) паводле яго запавету пры горадзе Каракол, на беразе Ісык-Куля. Там, ведаю, нават адпаведны музейны комплекс ёсць. Так што сувязь Беларусь — Кыргызстан, адладжаная даўно, засталося толькі паднавіць кантакты ў новым часе.

— Цікава. Пачытаю падрабязней пра гэта. Сёння, ведаю, Кыргызстан — краіна з маладым насельніцтвам. Адукацыя развіваецца, і сучасныя тэндэнцыі прадстаўнікі ўлады ўлавілі. Прычым яшчэ да сітуацыі з каранавірусам, а сітуацыя толькі пацвярджае, як гэта важна: разумна выкарыстоўваць ІТ-тэхналогіі на карысць народа, дзяржавы.

Гутарыў Іван Ждановіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?