Вы тут

Жыві ў шчасці, Бацькаўшчына!


Беларусы ў замежных краінах ладзілі розныя імпрэзы з нагоды Дня незалежнасці Беларусі


Гурт “Сунічкі” з сяла Андрушына

Засведчыць духоўную паяднанасць з зямлёй бацькоў і дзядоў-прадзедаў якраз у пару, калі Беларусь адзначае Дзень Вызвалення й Дзень Незалежнасці, палічылі важным нашы сябры-супляменнікі з розных краін. Мы памятаем: вольную дзяржаву стваралі пакрысе, вякамі набліжаючы Незалежнасць, дзясяткі, сотні пакаленняў людзей розных нацыянальнасцяў, што жылі й жывуць на землях між сучаснымі Польшчай ды Расіяй, між Украінай, Літвой ды Латвіяй. Беларускі народ выпакутаваў ідэю Волі, “на плячах сваіх” вынес у вялікі свет — і мы ўсе разам зрабілі ўрэшце явай тое, пра што даўно марылі нашы продкі.

Пачнем агляд рэдакцыйнай пошты, прысвечанай святочнай даце, з найдалёкіх адрасоў. “Рэгіянальная грамадская арганізацыя “Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага” зладзіла святочны анлайн-канцэрт “Гучы, гоман беларускі!” — напісала з Прыбайкалля кіраўніца суполкі Алёна Сіпакова. — Прысвяцілі мы канцэрт святкаванню Дня незалежнасці Беларусі. У канцэрце паўдзельнічалі беларускія творчыя гурты Іркуцкай вобласці”. А гэта, распавядае Алёна, былі народны беларускі ансамбль “Варэнічкі” (сяло Тургенеўка, Баяендаеўскі раён), фальклорны гурт “Квяточак” (сяло Марынінск, Заларынскі раён), беларускі фальклорны гурт “Сунічкі” й харэаграфічны “Энергия” (сяло Андрушына, Куйтунскі раён), фальклорны гурт “Белорусы Прибайкалья” й сямейны ансамбль “Ленушка” з Іркуцка, ды яшчэ Ігар Парцянкін з Ангарска. Праўда, не ўсе запісы якасныя, і не выбудаваўся цэльны відэафільм. Як хораша спяваюць на славу Бацькаўшчыны артысты гурта “Варэнічкі” беларускія народныя песні “Зараначка” ды “На забор сасна пахілілася” — можна глянуць у нэце: https://yadі.sk/і/vDHQ9StbXvOEDg.

Мы ўдакладнілі: як тэхнічна рэалізаваная была ідэя канцэрта? “Мы нумары — асобна кожнае відэа — выкладвалі ў групах беларусаў у Вайберы, Вацапе — па раёнах Іркуцкай вобласці, — патлумачыла Алёна. — Усяго атрымалася слухачоў-гледачоў — звыш 250 чалавек. Выклалі відэа ў розныя сацсеткі (Вконтакте, Фэйсбук, Інстаграм) — і там звыш 200 праглядаў. Гэта як вялізная зала! У нас і вершы людзі чыталі: крыху раней правялі мы конкурс чытальнікаў на беларускай мове, дык частку нумароў і адтуль узялі”.

Згаданы гурт “Варэнічкі”, як мы даведаліся, перажыў абнаўленне: ім кіруе цяпер Ксенія Васільева. У нашых планах пра тое расказаць падрабязней. Радуе гледачоў-слухачоў і гурт “Белорусы Прибайкалья”. На гэты раз яго артысткі Юлія Пярмінава ды Алёна Сіпакова падарылі супляменнікам бадзёрую застольную песню “Чарочка моя” https://www.youtube.com/watch?v=eіs-yyuxeqo. Алена патлумачыла: чулі яе, запісаную ў вёсцы Клятное Пінскага раёна, пры сустрэчах з мінскімі фалькларыстамі. Вось і самі развучылі. Юлія з Алёнай наспявалі й днямі ў нэце выставілі яшчэ й “антывірусную” песню “Масачка”: на той жа матыў (аўтар слоў — Ігар Жалткоў) https://www.youtube.com/watch?v=g9FcWhXrPa0. З прыпіскай, што “Белорусы Прибайкалья” ўсім жадаюць здароўя ды раяць паберагчы сябе ў каранавірусную пару. Каштоўны падарунак для падняцца настрою ды ўмацавання імунітэту! Можна слухаць, падпяваць — і вакцына не патрэбная.

Спяваюць Юлія Пярмінава й Алёна Сіпакова

Даслала ў рэдакцыю віншаванне з Днём Незалежнасці кіраўніца беларускай суполкі “Нёман” з Тальяці Людміла Дзёміна — з пажаданнем здароўя, мірнага неба, сапраўдных сяброў ды новых творчых здзяйсненняў. Дадае: “Сядзім у самаізаляцыі”. Трымайцеся, беларусы Тальяці! У хуткім часе мяжу з Расіяй адкрыюць — можна ехаць у Беларусь: тут няма каранціну.

Супрацоўнікі Новасібірскага Цэнтра беларускай культуры таксама павіншавалі нас — і мы пашыраем добрыя словы як віншававанне ўсім беларусам: здароўя моцнага, міру й дабрабыту. Раней, дарэчы, была на сувязі з намі з новасібірскага Цэнтра Валянціна Бяляўская, цяпер дасылае весткі пра тамтэйшае беларускае жыццё Таццяна Нялюбіна, метадыстка Новасібірскага цэнтра беларускай культуры. Віншуючы са святам, яна зычыць нам: “І каб вас ніколі не пакідала пачуццё Гонару за Радзіму!” І дае, што нам, беларусам, сапраўды, ёсць чым ганарыцца. Дзякуем, шаноўная Таццяна! І вашыя сілы хай умацоўвае пачуццё крэўнай, духоўнай прыналежнасці да Беларускага Мацерыка.

Пра іншыя віншаванні — раскажам у наступным нумары.

Іван Ждановіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?