Вы тут

Папулярныя ў моладзi нiкацiназмяшчальныя «цукеркi» прадавацца не будуць


Сёння ўступае ў сiлу пастанова Савета Мiнiстраў № 232 ад 15 красавiка «Аб змяненнi пастаноў Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь па пытаннях рознiчнага гандлю». Упершыню ў нацыянальным заканадаўстве будзе замацавана вызначэнне тэрмiну «нетытунёвыя нiкаціназмяшчальныя вырабы». Пра гэта расказаў начальнiк упраўлення арганiзацыi гандлю i грамадскага харчавання Мiнiстэрства антыманапольнага рэгулявання i гандлю Мiхаiл ЖЫГАЛА.


— Абарот тытунёвай прадукцыi ў краiне рэгулюецца дэкрэтам № 28 ад 17 снежня 2002 года. Пад яго дзеянне трапляюць тытунёвыя вырабы i прызначаныя для спажывання шляхам награвання, а таксама вадкасцi для электронных сiстэм курэння. Апошнiя могуць як змяшчаць нiкацiн, так i абыходзiцца без яго. Абарот iншых нiкацiназмяшчальных вырабаў, якiя не ўтрымлiваюць тытунь, да цяперашняга часу заканадаўствам у нас не рэгуляваўся (дарэчы, такая сiтуацыя i ў многiх iншых краiнах). Але на сёння гэтая прадукцыя мае вялiкую папулярнасць на рынку, асаблiва ў моладзi, i, як правiла, пазiцыянуецца як альтэрнатыва тытунёвай.

Нетытунёвыя вырабы з нiкацiнам могуць быць прадстаўлены ў выглядзе мармеладу, жавальнай гумкi, ледзянцоў, цукерак. Смакавыя якасцi дазваляюць iм быць дастаткова прывабнымi для спажыўцоў нiкацiну, асаблiва для непаўналетнiх.

— Таму пастановай уводзяцца абмежаваннi на продаж такiх вырабаў асобам да 18 гадоў. Уведзена забарона на продаж у форме разноснага гандлю як з выкарыстаннем перасоўных сродкаў, такiх як гандлёвыя аўтаматы, каляскi, латкi, кошыкi, так i без iх. Забараняецца i продаж метадам самаабслугоўвання, пры якiм у пакупнiка ёсць непасрэдны доступ да гэтай прадукцыi. Не дапускаецца адкрытая выкладка нетытунёвых нiкацiназмяшчальных вырабаў у вiтрынах, iншым гандлёвым абсталяваннi. Выключэнне — крамы бяспошлiннага гандлю. Iнфармацыя аб рэалiзацыi вырабаў павiнна размяшчацца ў выглядзе пералiку з указаннем iх найменняў у алфавiтным парадку. Не дапускаецца продаж такiх вырабаў па ўзорах. Iнакш кажучы, прадукцыя не будзе рэалiзоўвацца ў iнтэрнэт-крамах i з выкарыстаннем iншых метадаў дыстанцыйнага продажу. Да таго ж нетытунёвая прадукцыя будзе забаронена да продажу на рынках, — адзначыў спiкер.

У адпаведнасцi з нормамi дакумента, спажыўцы не маюць права вярнуць нетытунёвы нiкаціназмяшчальны выраб або абмяняць яго на аналагiчны тавар. Акрамя таго, камiсiйны гандаль з выкарыстаннем такiх тавараў немагчымы.

На сёння ў многiх краiнах вызначана, што прыём розных вiдаў нiкацiназмяшчальнай прадукцыi можа стаць прычынай заўчаснай смерцi цi развiцця розных неiнфекцыйных захворванняў: анкалогii, хвароб лёгкiх, гастрыту, адэномы. Пра гэта расказала вядучы навуковы супрацоўнiк аддзела псiхiчных i паводзiнскiх расстройстваў Рэспублiканскага навукова-практычнага цэнтра псiхiчнага здароўя Iнеса ГРЫГОР'ЕВА:

— Як у тытунёвых вырабах, так i ў нiкацiназмяшчальных асноўнае рэчыва — псiхаактыўнае. Ад гэтага ў спажыўца хутка фармiруецца прывыканне, на яго аказваецца таксiчнае ўздзеянне. Той, хто мае залежнасць ад электронных цыгарэт, спажывае ў 2-2,5 разы больш нiкацiну ў параўнаннi з тымi, хто курыць цыгарэты (прыкладна на ўзроўнi двух пачкаў цыгарэт у дзень). Вынiкi розных даследаванняў апошнiх гадоў, праведзеных у многiх краiнах, сведчаць пра тое, што ў «электронках» утрымлiваецца каля шасцi небяспечных элементаў: свiнец, мыш'як, нiкель i iншыя. Кампанii, якiя iх вырабляюць, актыўна ўкладаюцца ў маркетынг, хутка прэзентуюць на рынак новую прадукцыю, якая прыцягвае ўвагу пакупнiкоў. Але ўсiм варта ведаць, што гэта вельмi шкодна i небяспечна для здароўя.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Прэв’ю: narkopro.ru

Загаловак у газеце: Паласавацца нiкацiнам ужо не атрымаецца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як беларуска стварыла сваю сістэму рэабілітацыі дзяцей з кахлеарнымі імплантамі

Як беларуска стварыла сваю сістэму рэабілітацыі дзяцей з кахлеарнымі імплантамі

Методыка аказалася запатрабаванай у нашай краіне і за яе межамі.

Культура

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

Лёс другога зборніка ў літаратарскай кар’еры — самы складаны. 

Культура

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

На пытанні «Звязды» адказвае галоўны рэдактар расійскага літаратурнага часопіса «Москва».

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.