Вы тут

Паэтычныя Акопы Янкі Купалы


Дзевяць саджанцаў бэзу ўпрыгожылі Акопы — жывапіснае месца на Лагойшчыне. Там расквітнеў геній Купалы, праявіўся ў поўную моц ягоны талент лірыка сусветнага значэння й выдатнага драматурга.


Павел Латушка і Алена Ляшковіч высаджваюць куст бэзу

Пасадку саджанцаў бэзу “Паўлінка” сумесна зладзілі Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы й Цэнтральны батанічны сад Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Акцыя стала напамінкам пра тое, што паэтычныя Акопы Янкі Купалы жывуць, хоць рэальныя, гістарычныя былі знішчаны ў савецкі час. А менавіта ў Акопах пясняр знаходзіў натхненне для стварэння сваіх неўміручых твораў. Камедыя “Паўлінка”, трагікамедыя “Тутэйшыя”, рамантычныя паэмы “Бандароўна”, “Магіла льва”, “Яна і я”, “Гарыслава”, вершаваны пераклад “Слова пра паход Ігаравы” — усе яны выйшлі з‑пад пяра пісьменніка ў Акопах. 4 п’есы для тэатра й больш за 80 вершаў.

На месцы фальварка й гаспадарчых пабудоў сёння ў Акопах — толькі падмуркі. Высіцца валун, на якім Янка Купала часам пісаў свае творы. На камені ўвекавечаны словы з ягонага верша “З кутка жаданняў”. Гэтае месца называюць “мемарыяльнымі” Акопамі. Як выглядала сядзіба — раней можна толькі здагадвацца. Не ацалела фотаздымкаў з яе выявай. Згінулі й рэчы, якімі карысталіся сваякі Янкі Купалы, а магчыма й сам паэт: былі вывезены з хутара й згубіліся ў віры жыцця. Пра ціхія вечары ў Акопах сведчыць толькі медны падсвечнік з выявай сфінкса. Ён дэманструецца ў экспазіцыі Купалаўскага музея ў Мінску.

Гісторыя сям’і Янкі Купалы ў Акопах пачалася ў 1909–1910 гадах: тады маці паэта, Бянігна Іванаўна Луцэвіч, узяла там у арэнду зямельны надзел. А сваю зямлю, нагадаем, Луцэвічы страцілі яшчэ пры жыцці дзеда паэта, Ануфрыя Дамінікавіча. Таму былі вымушаны часта пераязджаць з месца на месца ў пошуках таннай арэнды. У Акопах сям’я збіралася асталявацца назаўсёды. Янка Купала часта прыязджаў туды на канікулы да сваякоў, калі вучыўся на Чарняеўскіх курсах у Санкт-Пецярбурзе.

Прарочай для Акопаў стала драма “Раскіданае гняздо” (1913). Янка Купала нібыта прадчуваў бяду. Трагедыя ў гісторыі роду паўтарылася. Калісьці, яшчэ пры жыцці дзеда Ануфрыя, зямлю ў Луцэвічаў адабралі. А ў 30‑я гады — зноў бяда: раскулачылі сваякоў Песняра.

Нядаўна даследчыкі знайшлі вопіс маёмасці фальварка ў Акопах, складзены ў 1930‑м: каб “кулак не паспеў яе разбазарыць”. Вядучая навуковая супрацоўніца Купалаўскага музея Галіна Варонава выявіла дакумент у Дзяржархіве Мінскай вобласці. Дзякуючы вопісу маёмасці стала вядома, чым валодалі гаспадары Акопаў. Цікава, што ў фальварку была воўначасальня, абсталяванне якой ацэнена было ў два разы вышэй за жылы дом. А рэчы й абсталяванне мясцовыя актывісты апісалі, дазнаўшыся, што Раманоўскі, гаспадар хутара, прадаў раяль і племяннога бычка. У рукі навукоўцаў патрапіў пратакол агульнага сходу вёскі Карпілаўкі й навакольных хутароў. На сходзе тым пастанавілі выслаць сваякоў Янкі Купалы, Раманоўскіх і Аўлачынскіх, за межы рэспублікі напярэдадні выбараў 1930‑га года — як кулакоў, што жывуць непрацоўнымі даходамі. Зазначым: Раманоўскія былі пазбаўлены выбарчых правоў яшчэ ў 1926 годзе. І ў той жа год Янка Купала апошні раз наведваўся ў Акопы. І ў 1926‑м ён разам з сястрой, Леакадзіяй Раманоўскай, набыў дом у Мінску па вуліцы Кастрычніцкай, куды й перавезлі дзеці старэнькую сваю маці, Бянігну Іванаўну. Магчыма, ужо тады яе дзеці разумелі, што Акопы прыйдзецца пакінуць: людзей, пазбаўленых выбарчага права, лічылі патэнцыйнымі ворагамі савецкай улады. Ёсць сведчанні, што Янка Купала цяжка перажываў тую акалічнасць. Ён скардзіўся знаёмым на тое, што яго сваякоў не пашкадавалі й раскулачылі. А сям’я ж Луцэвічаў жыла небагата, хоць і належала да засцянковай шляхты. А тыя шляхцюкі не толькі наймалі работнікаў у гарачую пару, але й самі шчыравалі ўвесь час на зямлі.

Больш пра блізкіх паэта, што жылі ў Акопах, можна даведацца ў музеі вёскі Харужынцы. Музей — на месцы хутара Міхалішкі, што стаяў калісьці непадалёку ад гістарычных Акопаў. Там разгорнута новая літаратурна-дакументальная экспазіцыя. Наведнікаў адразу сустракае “карта вандровак” Янкі Купалы з пазнакай месцаў, дзе часцей бываў паэт. Кажуць, Янка Купала, вандруючы па ваколіцах, любіў садзіць жалуды, з якіх вырасталі дубы. Кожны наведнік музея таксама можа захапіць з сабой жолуд і пасадзіць свой дуб. Экспазіцыя аздоблена выцінанкамі. Нават брычка, на якой Янка Купала вандраваў па Лагойшчыне, зроблена ў тэхніцы выцінанкі. Ёсць і выява дуба — сімвала моцы, мудрасці, стойкасці.

Частка экспазіцыі прысвечана сям’і паэта. У цэнтры ўвагі — вобраз маці, захавальніцы сямейнага дабрабыту. У доме Луцэвічаў збіралася нямала гасцей. Адна з залаў экспазіцыі аформлена як шляхецкая гасцёўня. У зале-кабінеце можна пазнаёміцца з творчасцю Купалы, звязанай з Акопамі й ваколіцамі. Апошняя зала прадстаўляе Купалу-драматурга, там прадстаўлены аповед пра трагічны лёс Акопаў. У музеі створаны й вобраз Купалля: свята, на якое нарадзіўся паэт, якое дарыла яму натхненне й дало яму творчае імя.

Фрагменты падмурка былога будынка ў Акопах

Філіял “Акопы” параўнальна малады, стварэнне музея там за савецкім часам адкладвалася. Магчыма, з‑за таго, што сем’і сясцёр Янкі Купалы, Леакадзіі ды Марыі, патрапілі пад раскулачванне. А тая акалічнасць ніяк не дапасоўвалася да вобраза народнага паэта й лаўрэата Сталінскай прэміі. Філіял быў адкрыты 29 жніўня 1992 года.

Ганна Лагун

Ад рэдакцыі. З пост-рэліза, дасланага ў рэдакцыю з Купалаўскага музея, мы даведаліся наступнае. 7 ліпеня 2020 года з нагоды Дня нараджэння першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы ў мінскім парку, які носіць імя паэта, прайшла ўрачыстая цырымонія ўскладання кветак да помніка Песняру. Пасля госці й сябры музея паехалі ў Лагойскі раён, у філіял музея “Акопы”, каб паўдзельнічаць у адмысловай акцыі “Пасадка саджанцаў бэзу Паўлінка”. Што вельмі сімвалічна: бо якраз у той маляўнічай мясціне створаны ўсе п’есы паэта, у тым ліку й славутая камедыя “Паўлінка”.

Цяпер штовесну будзе квітнець у Акопах і бэз “Паўлінка”. Кусты ў памяць пра Песняра й родных яму людзей, на радасць прыхільнікаў творчасці паэта высаджвалі дырэктарка Музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч, генеральны дырэктар Купалаўскага тэатра Павел Латушка, народны артыст Беларусі Аляксандр Падабед, актрысы Купалаўскага тэатра, славутыя Паўлінкі: заслужаная артыстка Беларусі Юлія Шпілеўская й Марта Голубева, а таксама пісьменнік, намеснік старшыні Беларускага фонда культуры Анатоль Бутэвіч.

У пост-рэлізе чытаем: “Самая вышэйшая ўзнагарода чалавеку — гэта людская памяць. І беларусы прыносяць Янку Купалу гэты дар — сваю памяць — праз чытанне ягоных твораў, праз адлюстраванне паэтычных радкоў на мастацкіх палотнах, праз стварэнне новых літаратурных шэдэўраў, новых бліскучых спектаўляў па п’есах Песняра, перадаючы гэтыя духоўныя скарбы нашчадкам”.

Больш пра жыццё й творчасць Песняра можна даведацца на сайце музея www.kupala-museum.by, а фотаздымкі з акцыі “Пасадка саджанцаў бэзу Паўлінка” тут: https://cloud.maіl.ru/publіc/4ag6/3CKRYeCf6/.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».