Вы тут

Прэзідэнт разглядзеў кадравыя пытанні


Сёння Аляксандр Лукашэнка назначыў пяць кіраўнікоў дыпламатычных прадстаўніцтваў Беларусі. У адпаведнасці з даручэннем Прэзідэнта, сярод іх не толькі кадравыя дыпламаты, але і ўпраўленцы,  якія добра сябе зарэкамендавалі і маюць досвед працы ў сферы міжнародных адносін.


Прэзідэнт назначыў кіраўнікоў дыпламатычных прадстаўніцтваў Беларусі: на пасаду Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла ў Нідэрландах — Андрэя Еўдачэнку, дагэтуль першага намесніка міністра замежных спраў, Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла ў Аўстрыі і па сумяшчальніцтве ў Славеніі, Пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры міжнародных арганізацыях у Вене і па сумяшчальніцтве пры Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе — Андрэя Дапкюнаса (былы намеснік міністра замежных спраў).

Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў ЗША назначаны Алег Краўчанка, які дагэтуль працаваў намеснікам міністра замежных спраў, у Казахстане — Павел Уцюпін (да чэрвеня 2020 года займаў пасаду міністра прамысловасці). Дыпламатычную місію Беларусі ў Злучаным Каралеўстве Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ўзначаліў Максім Ермаловіч (да чэрвеня 2020 года працаваў міністрам фінансаў).

Пасол Беларусі ў ЗША: Мы не саюзнікі, але партнёры

Пасада пасла Беларусі ў ЗША была вакантнай 12 год. Аб аднаўленні дыппрадстаўніцтва на ўзроўні паслоў Мінск і Вашынгтон заявілі летась у верасні, калі Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з намеснікам дзяржсакратара ЗША Дэвідам Хэйлам.

«Мы са Злучанымі Штатамі не станем ваенна-палітычнымі саюзнікамі ў аглядальнай перспектыве, але мы можам быць узаемавыгаднымі партнёрамі», — заявіў журналістам Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў ЗША Алег Краўчанка.

Сярод галін, у якіх інтарэсы дзвюх краін супадаюць, — у першую чаргу ўзаемадзеянне ў вобласці прыцягнення фінансавых рэсурсаў, эканамічны і энергетычны дыялог, міжнародная бяспека, супрацоўніцтва праваахоўных органаў.

«Тое, што мы належым да розных ваенна-палітычных блокаў, не выключае, а, хутчэй, вызначае неабходнасць кантактаў паміж ваеннымі. Безумоўна, мы пагаджаемся не ва ўсім, таму важным элементам нашых двухбаковых адносін застанецца дыялог па пытаннях, па якіх нашы пазіцыі пакуль адрозніваюцца», — растлумачыў кіраўнік дыпмісіі.

Ён імкнецца да такога ўзроўню нармалізацыі адносін, які можна будзе ацаніць як «устойлівы», калі з’явіцца ўпэўненасць у тым, што ў бліжэйшы час не ўзнікне ўскладненняў для доступу на ёмісты плацежаздольны амерыканскі рынак, для магчымасцяў вытворчай кааперацыі, прыцягнення фінансавых рэсурсаў.

«Я лічу менавіта наданне ўстойлівага характару дасягненням, нармалізацыі, якіх нам удалося дасягнуць зараз, прыярытэтнай задачай», — дадаў Алег Краўчанка.

Важны дзень для дыпламатычнай гісторыі

Па меркаванні міністра замежных спраў Уладзіміра Макея, краіны, куды сёння назначаны паслы, граюць важную ролю і ў рэгіёне, і ў свеце ў цэлым. «Нашы адносіны з імі развіваюцца дынамічна і паступова. Напрыклад, з Вялікабрытаніяй мы ў лепшыя гады мелі тавараабарот больш за тры мільярды долараў, з Нідэрландамі — больш за два мільярды. Са Злучанымі Штатамі Амерыкі, з Казахстанам летась амаль да мільярда быў тавараабарот», — паведаміў ён журналістам.

Важную ролю з пункту гледжання эканамічнага супрацоўніцтва грае для Беларусі Аўстрыя, у тым ліку як штаб-кватэра многіх рэгіянальных і міжнародных арганізацый, узаемадзеянне з якімі мае велізарнае значэнне.

Таму сённяшні дзень міністр замежных спраў назваў «вельмі важным у гісторыі дыпламатычнай службы Беларусі». Уладзімір Макей упэўнены: на ўсе адказныя пасады назначаны людзі, якія будуць працаваць у інтарэсах дзяржавы.

«Мы зацікаўлены ў тым, каб і надалей развіваць нашы ўсебаковыя адносіны з гэтымі краінамі. Гэта вельмі важна для выканання задач па дыверсіфікацыі знешнепалітычных і знешнеэканамічных адносін, якія ставіць перад намі кіраўнік дзяржавы. Галоўнае, што мы бачым узаемнае імкненне гэтых краін развіваць цеснае ўсебаковае супрацоўніцтва з Беларуссю», — канстатаваў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.

Па яго словах, кантакты з пасламі дзяржаў, акрэдытаваных у Беларусі, з калегамі са сталіц працягваюцца нават не гледзячы на сітуацыю з пандэміяй.


Разам з тым кіраўнік дзяржавы ўзгадніў кандыдатуру Сяргея Чарткова, намесніка генеральнага дырэктара па камерцыйных пытаннях Магілёўскага завода ліфтавага машынабудавання, на пасаду генеральнага дырэктара прадпрыемства.

У працоўным парадку на пасаду першага намесніка міністра замежных спраў узгоднена кандыдатура Аляксандра Гур’янава, які быў Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Італіі і па сумяшчальніцтве ў Мальце, Сан-Марына, Пастаянным прадстаўніком Беларусі пры Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Намеснікам міністра замежных спраў узгоднены экс-Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Злучаным Каралеўстве Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, пры Святым Прастоле, пры Суверэнным Ваенным Ордэне Гаспітальераў Святога Іаана Іерусалімскага, Радоса і Мальты, Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры Міжнароднай марской арганізацыі Сяргей Алейнік. На пасаду першага намесніка міністра сувязі і інфарматызацыі ўзгоднена кандыдатура намесніка дырэктара Дэпартамента інфармацыйных тэхналогій Еўразійскай эканамічнай камісіі Паўла Ткача.

Абнавіўся склад кіраўніцтва сістэмы забеспячэння дзяржаўнай бяспекі: намеснікам старшыні Камітэта дзяржбяспекі назначаны Дзмітрый Рэуцкі (ён працаваў начальнікам упраўлення КДБ па Мінску і Мінскай вобласці), начальнікам упраўлення КДБ па Мінску і Мінскай вобласці — Уладзімір Козыр, які займаў пасаду начальніка аператыўна-пошукавага ўпраўлення КДБ.

Назначэнні намеснікам старшыні Камітэта дзяржбяспекі Дзмітрыя Рэўцкага і начальнікам ўпраўлення КДБ па Мінску і Мінскай вобласці Уладзіміра Козыра Прэзідэнт назваў «больш чым сур’ёзнымі».

«Асабліва ў гэты прамежак часу», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Новым першым намеснікам старшыні Мінскага гарвыканкама стаў Дзмітрый Мікулёнак, які да чэрвеня 2020 быў міністрам архітэктуры і будаўніцтва, намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама — Сяргей Маслаў, дагэтуль генеральны дырэктар Магілёўаблдарбуда, кіраўніком справамі Магілёўскага аблвыканкама — Мікалай Дзядкоў, які працаваў старшынёй Магілёўскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы акаляючага асяроддзя.

Варвара МАРОЗАВА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?