Вы тут

Дык вось яны якія — уладары сяла!


— Уставайце, дачушкі, — у пяць гадзін раніцы будзіла сямігадовую Ксеню і чатырохгадовую Сабіну Алена Зубко. — Паедзем перамагаць!

Іх чакаў няблізкі шлях (каля трохсот кіламетраў) у аграгарадок Александрыя Магілёўскай вобласці на рэспубліканскі конкурс маладых сем'яў «Уладар сяла». А за некалькі тыдняў да гэтага Зубко перамаглі ў абласным... Праўда, праз пандэмію ўдзельнічаць у ім давялося дыстанцыйна: адпраўляць відэаматэрыялы пра сямейныя будні, святы, захапленні, традыцыі.


І вось зараз новая магчымасць заявіць пра сябе.

Што — забіць цвік? (Такім было адно з конкурсных заданняў...) Ды без праблем! Прычым не толькі для мужоў, але і для жонак. Калода, малаток, пяць цвікоў па дзесяць сантыметраў...

— Я ні разу не прамахнулася, — пахвалілася Алена. — «Выбіла» дзесяць балаў з дзесяці, і хутчэй за ўсіх.

Найвышэйшую адзнаку атрымала сям'я і за кармленне цяляці. З гэтым выдатна справіліся гаспадыня са старэйшай дачушкай Ксеняй. А вось з дровамі яны ўжо распраўляліся разам: спачатку бацькі ручной пілой пілавалі бервяно на калодкі, потым бацька калоў іх, а дзяўчынкі складвалі паленцы.

І зноў сталі першымі!

Праўда, на касьбе гаспадар іх крыху падвёў, што не дзіўна, калі ведаць, што касу ён, можна сказаць, у руках не трымаў: купіў яе, калі пачаў рыхтавацца да конкурсу, — стаў вучыцца, і ўжо як атрымалася... Зараз, кажа, прысядзібны ўчастак будзе абкошваць не толькі трымерам, але і касой.

Усім татам давялося папацець, спавіваючы ў тры пялюшкі лялечнае немаўля...

Яшчэ адно конкурснае заданне — на тачцы, абмінаючы перашкоду, правезці жонку.

— Першы раз у жыцці мяне ў такой «карэце» каталі, — смяялася потым Лена. І згадвала, як сама ды іншыя гаспадыні — на хуткасць — лавілі ў загоне курэй, як пераносілі на вілках чыгункі. Старэйшыя дзеці сартавалі і раскладвалі па ёмістасцях бульбу, цыбулю, моркву. Спяшаліся, стараліся і ад душы смяяліся, бо чаго-чаго, а знаходлівасці ды азарту ўладарам сяла не пазычаць. І Саша з Аленай, і дачушкі іх — людзі творчыя, актыўныя, мэтанакіраваныя. Алена загадвае Юнькаўскім сельскім Домам культуры, Аляксандр працуе электраманцёрам. Разам яны рыхтуюць анімацыйныя праграмы, выступаюць у ролях Дзеда Мароза і Снягуркі, іншых казачных герояў — умеюць ствараць святы і сабе, і іншым. Жывуць яны ў Юньках ва ўласным доме, маюць прысядзібны ўчастак, які патрабуе нямала работы. Але ж знаходзяць час і на змястоўны адпачынак: сям'ю Зубко з дзецьмі можна ўбачыць на спартыўных пляцоўках, у турыстычных паходах. Алена актыўнічае ў забаўляльных праграмах, што ладзяцца на спартыўна-турыстычным комплесе «Азёркі». Аляксандр захапіўся лазертагам — стварыў каманду, якая займала прызавыя месцы нават у рэспубліканскіх спаборніцтвах. Але ж галоўнае, што мацуе сям'ю, — гэта любоў і павага адно да аднаго.

Мядовая фішка

Конкурс праходзіў на працягу двух дзён. Па набраных балах пастаўчане лідзіравалі. Але як журы ацэніць падворкі?

— Мы разумелі, што ў кожнай сям'і яны будуць багатыя. Сталі думаць, якую адметнасць надаць нашаму, — расказвалі сужэнцы. — Ага, мы захапляемся пчалярствам, маем пчальнік. Дык чаму б не спыніцца на «мядовай» тэматыцы?

Так яны і зрабілі. У выніку многім (у тым ліку і журы), каштуючы мёд, давялося паламаць галовы, каб адрозніць лугавы ад ліпавага. Тыя, хто называў правільна, атрымлівалі ад пчаляроў невялічкі сувенір (жоўценькую пчалу на жоўценькім полі) і з задавальненнем прымацоўвалі яго на сваё адзенне. Смакавалі медавуху, прыгатаваную па сакрэтным рэцэпце, квас з мёдам і лімонам, незвычайныя фруктовыя асарці, таксама з мёдам. А калі Карына Волкава зайграла на баяне вельмі папулярную ў моладзі мелодыю песні пра пчалу і пчалавода (па ўмовах конкурсу дазвалялася выкарыстоўваць толькі жывую
музыку, фанаграма забаранялася), а вялізны Мядзведзь (роставая лялька) разам з Ксеніяй і Сабінай пусціліся ў скокі, да іх далучыліся нават прадстаўнікі журы.

Што ў выніку?

Вы ўжо чулі, відаць, альбо здагадаліся: сям'я Зубко з вялікім адрывам ад іншых выйшла пераможцай рэспубліканскага конкурсу. Затым адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання. Кожная з пяці сем'яў-удзельніц атрымала сертыфікат на суму 80 базавых велічынь, а пастаўчане — як пераможцы — яшчэ і сушылку для садавіны, а таксама шмат іншых прызоў.

— Не можам не сказаць пра каманду, якая рыхтавала нас да конкурсу, — кажуць пераможцы. — Асаблівая ўдзячнасць першаму сакратару Пастаўскага райкама БРСМ Вераніцы Казлоўскай, якая літаральна засыпала нас ідэямі, пастаянна была побач, а дзяўчынкам нават косы заплятала... У творчым плане шмат дапамагалі і культработнікі Карына Волкава, Валерый Жук'ян, калектыў раённага Дома рамёстваў. Заўсёды падтрымліваў і ва ўсё ўнікаў старшыня сельскага Савета Вячаслаў Урублеўскі. А як прыемна было, калі ўбачылі, што падтрымаць нас у Александрыю прыехаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто! Шчыры дзякуй усім!

...Алена і Аляксандр сцвярджаюць, што на конкурс яны ехалі не проста паўдзельнічаць, а перамагчы. На гэта настройвалі і сваіх дачушак. Тыя ўсю дарогу паўтаралі: «Едзем перамагаць!» — «А што  вы хацелі б атрымаць за перамогу?» — папыталіся бацькі. — «Цэлую скрынку марожанага!» — адказалі дзяўчынкі.

І яны яго заслужылі.

Вераніка Казлоўская, першы сакратар райкама ГА «БРСМ»:

— У конкурсе ўдзельнічала пяць сем'яў. Сапернікі былі сур'ёзныя, прычым адна каманда — з самой Александрыі, а гэта немалаважны псіхалагічны фактар. Але нашы Зубко найбольш уразілі і гледачоў, і журы. Вялікая падрыхтоўчая работа аказалася недарэмнай. Шчырая ўдзячнасць за разуменне і дапамогу старшыні райвыканкама Сяргею Чэпіку і старшыні раённага Савета дэпутатаў Пятру Курто, кіраўнікам ААТ «Навасёлкі-Лучай», малаказавода, рыбгаса «Навінкі», Пастаўскага філіяла абласнога спажывецкага таварыства.

Пастаўчане перамаглі, і гэта гонар як для раёна, так і для ўсёй Віцебшчыны.

Фаіна КАСАТКІНА

Фота Сяргея УШЫЎКАВА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.