Вы тут

Таямніцы і адкрыцці. Цікавыя навіны з вобласці навукі


Пласты гiсторыi

У «Чырвоны леў», на маладога Шэкспiра…

Археолагi выявiлi руiны найстарэйшага тэатра Лондана. Лiчыцца, што будынак з назвай «Чырвоны леў» быў узведзены ў XVI стагоддзi. Рэшткi найстарэйшага тэатра сталiцы Вялiкабрытанii былi знойдзены падчас рэканструкцыi жылых памяшканняў у раёне Вайтчэпел. «Чырвоны леў» лiчыцца першым будынкам Лондана, якi быў пабудаваны спецыяльна для тэатральных паказаў, — у часы лiзавецiнскай эпохi. Але, як пiша BBC, дакладнае яго месцазнаходжанне доўгi час было тэмай спрэчак.

Драўляныя канструкцыi, артэфакты i збудаваннi былi выяўленыя летась падчас раскопак на вулiцы Стэфанi-Уэй ва ўсходняй частцы Лондана. Археолаг Стывен Уайт назваў адкрыццё «надзвычайным». «Чырвоны леў» быў узведзены прыблiзна ў 1567 годзе Джонам Брэйнам. Пазней, у 1576 годзе, ён жа пабудаваў тэатр у раёне Шордзiч разам са сваiм братам Джэймсам Барбеджам. Барбедж быў членам трупы The Lord Chamberlain's Men, а тэатр у Шордзiчы стаў першым сталым месцам, дзе выступалi тэатральныя калектывы. Тут у 1590-х гадах былi пастаўлены п'есы маладога Уiльяма Шэкспiра.

Пра першы брытанскi тэатр сёння вядома вельмi мала. Усе звесткi пра яго абмяжоўваюцца двума iскамi за 1567 i 1569 гады, у якiх згадваюцца «Чырвоны леў» i «жылы дом на ферме» са сцэнай i месцамi для гледачоў на вулiцы.

У студзенi 2019 года археолагi выявiлi квадратную драўляную пабудову са 144 ацалелых бярвён. Вакол яе былi паглыбленнi, якiх маглi служыць для размяшчэння «кулiс» цi глядацкiх месцаў. Памеры знаходкi складаюць 12,3 метра на 9,3 метра, што прыкладна адпавядае памерам тэатра, згаданага ў судовых iсках XVI стагоддзя. Раскопкi былi праведзены групай Archaeology South-East, якая ўваходзiць у Iнстытут археалогii Унiверсiтэцкага каледжа Лондана.

«Праз амаль 500 гадоў рэшткi тэатра «Чырвоны леў», з якога пачаўся ўздым тэатра лiзавецiнскай эры, верагодна, нарэшце знойдзены», — сказаў Уайт, якi ўзначалiў раскопкi. «Дакладнасць усiх доказаў, якiя ўключаюць археалагiчныя рэшткi збудаванняў i правiльнае размяшчэнне, а таксама прыналежнасць да адпаведнага перыяду, падобна, адпавядае характарыстыкам тэатра, апiсанага ў старых дакументах», — дадаў ён.


Нязведаныя нетры

Што хаваецца пад Цiхiм акiянам?

Даследчыкi знайшлi ўнутры Зямлi гiганцкую невядомую структуру. Надзвычай шчыльнае i гарачае ўтварэнне ляжыць пад Цiхiм акiянам. Структура, якую называюць «зонай ультранiзкай хуткасцi» (ULVZ), знаходзiцца на мяжы памiж вельмi гарачым расплаўленым ядром Зямлi i цвёрдай мантыяй — проста пад вулканiчнымi Маркiзскiмi астравамi ў Французскай Палiнезii ў паўднёвай частцы Цiхага акiяна. Пра гэта пiша Newsweek са спасылкай на новае даследаванне, апублiкаванае ў часопiсе Science.

Мiжнародная каманда навукоўцаў з Унiверсiтэта Джона Хопкiнса i Унiверсiтэта Тэль-Авiва таксама знайшла доказы таго, што раней выяўленая ULVZ пад Гавайскiмi астравамi на мяжы памiж ядром i мантыяй значна большая, чым раней лiчылася. Навукоўцы змаглi адкрыць гэтыя ўтварэннi, прааналiзаваўшы звесткi пра сейсмiчныя хвалi, якiя могуць выявiць схаваныя падземныя структуры, калi праходзяць праз планету.

Гэтыя сейсмiчныя хвалi, вынiкам якiх робяцца землятрусы, пераадольваюць тысячы мiль пад паверхняй Зямлi. Але паколькi матэрыялы, праз якiя яны праходзяць, маюць розную шчыльнасць, тэмпературу i склад, хвалi мяняюць хуткасць, выгiнаюцца або рассейваюцца, утвараючы рэха, якое магчыма выявiць з дапамогай сейсмографаў. Выкарыстоўваючы замеры, навукоўцы могуць скласцi карцiнку камянiстага ўтварэння, якое ляжыць пад зямлёй, а таксама вызначыць яго фiзiчныя ўласцiвасцi. У новым даследаваннi быў выкарыстаны алгарытм машыннага навучання пад назвай The Sequencer, каб адначасова прааналiзаваць каля 7 тысяч запiсаў аб сейсмiчных хвалях, якiя называюць сейсмаграмамi. Гэтыя хвалi былi справакаваныя сотнямi землятрусаў з магнiтудай звыш 6,5 балаў па шкале Рыхтэра, якiя адбылiся за перыяд з 1990 да 2018 года. Хвалi скажалiся ўздоўж мяжы памiж ядром i мантыяй, даючы дакладнае разуменне структуры Зямлi пад Цiхiм акiянам.

«Разглядаючы тысячы адгалоскаў на мяжы памiж ядром i мантыяй, замест таго каб засяроджвацца толькi на адным з iх за раз, як гэта робiцца звычайна, мы атрымалi зусiм новае поле зроку», — сказаў галоўны аўтар даследавання Дэйан Кiм. «Мы ўбачылi, што на гэтай мяжы iснуе шмат утварэнняў, якiя могуць вырабляць рэха. Мы не ўсведамлялi гэтага раней з-за больш вузкiх поглядаў», — дадаў ён. На здзiўленне навукоўцаў, яны выявiлi, што каля паловы розных хваль рассейвалiся з-за трохмерных утварэнняў каля мяжы памiж ядром i мантыяй. Гэта пралiвае новае святло на рэгiён пад Цiхiм акiянам.


Перамагчы рак

Малако супраць злаякасных пухлiн

У Новай Зеландыi навукоўцы вывелi коз з супрацьракавым малаком. Статак са ста жывёл можа цалкам задаволiць сусветную патрэбу ў антыцелах, якiя дапамагаюць у лячэннi некаторых тыпаў раку. Вучоныя заявiлi, што iм атрымалася стварыць геннамадыфiкаваных коз, у малацэ якiх утрымлiваюцца монакланальныя супрацьракавыя антыцелы. Артыкул пра гэта апублiкаваны на партале прэпрынтаў bioRxiv, гэта значыць ён яшчэ чакае рэцэнзii навуковай супольнасцi.

Монакланальныя антыцелы лiчацца найбольш перспектыўным сродкам супраць злаякасных пухлiн. Атрыманне такiх антыцел — адна з самых важных задач сучаснай бiятэхналогii. Даследчыкi дабiлiся таго, каб козы разам з малаком выдзялялi iмунаглабулiны класа G да рэцэптараў эпiдэрмальных фактараў росту, аналагiчныя тым, што ўтрымлiваюцца ў прэпараце пад назвай цетуксiмаб. Гэты сродак выкарыстоўваецца для лячэння некалькiх тыпаў раку, у прыватнасцi, плоскаклетачнага раку галавы i шыi, а таксама метастатычнага каларэктальнага.

Кошт курса цетуксiмабу — каля 13 тысяч долараў. Навукоўцы спадзяюцца, што iх распрацоўка дазволiць зрабiць лячэнне анкалагiчных захворванняў больш даступным. «Вырабляць цетуксiмаб з дапамогай жывёл значна больш эканамiчна, таму што iх малочныя залозы могуць выдаваць вялiкую колькасць бялкоў», — тлумачыць кiраўнiк даследчай групы Гетц Лайбле. Дарагоўля цетуксiмабу абумоўлена не толькi тым, што гэты прэпарат вырабляецца лабараторным спосабам. Структура iмунаглабулiнаў, якiя ўваходзяць у яго састаў, вельмi складаная. Таму iх даводзiцца атрымлiваць з клетачных культур у строга кантраляваных умовах, што, вядома ж, прыводзiць да высокiх вытворчых выдаткаў.

Гены, якiя кадзiруюць супрацьракавыя iмунаглабулiны, уставiлi ў геном казiных клетак. Пры гэтым была выкарыстана тая ж тэхналогiя, якая ўжывалася пры стварэннi славутай кланiраванай авечкi Долi. Дзве трансгенныя лiнii коз, атрыманыя ў вынiку такога ўмяшання, паказалi дастаткова высокiя ўзроўнi канцэнтрацыi антыцел у малацэ — каля 10 г/л.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Фота з адкрытых крынiц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».