Вы тут

Што рабiць з крыжам i агароджай, калi мяняеш на новыя?


На адрас газеты «Звязда» прыходзяць лiсты нашых чытачоў з просьбамi ўдакладненняў i новымi пытаннямi. Вялiкi дзякуй. Мы ўжо неаднаразова расказвалi пра рэгламентацыi традыцыйнай культуры, якiя датычацца пахавальна-памiнальнага цыкла. Аднак атрымалася так, што адно з папулярных пытанняў нашых чытачоў звязана з устаноўкай помнiка на магiле роднага
чалавека i далейшым лёсам драўлянага крыжа. Вось i А. Г. з Гродзенскай вобласцi, а таксама У. Б. з Рэчыцкага раёна пытаюцца менавiта пра гэта.


Для беларусаў асаблiва знакавымi ў дачыненнi да зямлi днямi былi Дабравешчанне, Радаўнiца i Пакровы. Лiчылася, што на Дабравешчанне зямля «прачынаецца i адчыняе свае нетры». Вялiкiм грахом было «чапаць» яе ў гэты дзень (араць, гарадзiць плот i г. д.). Паўсюдна лiчылi, што калы, забiтыя ў зямлю да ворыва i сяўбы, «забiваюць» урадлiвасць матухны-зямлi (пасеянае зерне можа не прарасцi) i што гэтыя парушэннi традыцыi выклiкаюць халодную вясну i засушлiвае лета.

Радаўнiца, як i Дабравешчанне, з'яўлялася той сакральна-магiчнай мяжой, якая, з аднаго боку, стрымлiвала працу на зямлi, а з другога — наадварот, дазваляла яе распачынаць. Залатое правiла народнай культуры патрабавала: перш чым узяцца за рыдлёўку i пачаць наводзiць парадак на сваiм прысядзiбным участку, трэба было пайсцi i навесцi парадак на магiлах сваiх п-РОД-каў, каб заручыцца iх падтрымкай, таму што яны з'яўлялiся паўнапраўнымi ўладарамi Зямлi-матухны.

Пасля таго як зямля выканала сваю галоўную ролю — узгадавала i аддала новы ўраджай, — яна пачынала засынаць, як бы згортвалася, зачынялася да наступнага года. Як i веснавое «адмыканне», восеньскае «замыканне» зямлi адбывалася паступова, у некалькi паслядоўных этапаў, першым з якiх станавiлася свята Пакроваў. «На Пакроў зiма закрывае лета, а Бог пячатае зямлю,
i пасля гэтага дня да вясны нiхто не можа яе чапаць».

Так стаўленне да зямлi як да жывога арганiзма сфармiравала ў асяроддзi беларусаў забарону чапаць яе ад Пакроваў (у некаторых месцах ад Узвiжання) i да Дабравешчання або Радаўнiцы. Гэтая рэгламентацыя датычылася i ўстаноўкi помнiка на могiлках.

Для драўлянага крыжа, якi выступаў пазнавальным знакам канфесiйнай прыналежнасцi нябожчыка на працягу года пасля пахавання, было некалькi варыянтаў знiшчэння. Калiсьцi iснавала традыцыя, якая патрабавала падзахаваць драўляны крыж на глыбiню 20-30 сантыметраў, перад тым як узвесцi над магiлай гранiтны помнiк-комплекс. Iснаваў i такi варыянт, даволi распаўсюджаны ў Беларусi: крыж клалi збоку ад магiлы, i ён знаходзiўся там яшчэ на працягу 2-3 гадоў. Пад уплывам сонца i паветра драўляны крыж страчваў сваю форму, пасля чаго яго можна было выкiнуць або спалiць як звычайную побытавую рэч, якая адслужыла свой век. Этыкетны звычай нашых продкаў не дазваляў выкiдваць крыж на сметнiк!

Пад канец мiнулага стагоддзя паступова пачала складвацца традыцыя ставiць на фамiльных пахаваннях невысокую металiчную агароджу, быццам паўтараючы контур уласнай сядзiбы. У нашы днi тыя простыя агароджы мяняюць на больш прэстыжныя, якiя выконваюць ужо зусiм iншую сацыяльную i культурную ролю — яны падкрэслiваюць статус сямейнай заможнасцi. Старыя агароджы не трэба проста выкiдваць на сметнiк: яны хоць i знаходзiлiся на могiлках, аднак непасрэднага кантакту з нябожчыкам не мелi, таму iх лепш здаць на пераплаўку, i метал зноў паслужыць чалавеку на яго патрэбу.

Аксана КАТОВIЧ, Янка КРУК

Дасылайце свае пытаннi пра каранi i прыстасаванасць да сучаснага жыцця каляндарных i сямейна-побытавых народных традыцый ды абрадаў на паштовы або электронны адрас рэдакцыi з пазнакай «Пра радзiннае».

Прэв’ю: inspider.ru/SergeyMironov

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».