Кола дзён: ранiцай на працу, вечарам дамоў i ўжо там — штодзёншчына: хатняе адзенне, хатнiя справы, найбольш — у кухнi, каля «вечнага агню».
Перш чым «запалiць» яго (на плiце), па звычцы ўключаеш тэлевiзар, бо трэба ж мець уяўленне, аб чым гавораць (у прыватнасцi, сёння i як бы ўсе), але слухаць, што...
Палюбоўнiкi, палюбоўнiцы, няроўныя шлюбы, разводы (у тым лiку на грошы), новыя, «пабочныя» дзецi, здрады, падзелы дабра...
Усё гэта гадзiнамi «перацiраецца», перамываецца ў шматлiкiх ток-шоу, прычым дарослымi, адукаванымi, нават iнтэлiгентнымi, як быццам, людзьмi...
Як некалi бабамi — каля студняў. Цi — каля пад'ездаў.
Госць лаву не праседзiць...
Пятровiч асвоiў iнтэрнэт i цяпер ледзь што — шукае iнфармацыю, з карысцю бавiць час.
Надоечы, напрыклад, вычытаў, што з яго хваробай добра парэчкi есцi — лепш чорныя, шмат. I рады быў, бо растуць яны на ўласным лецiшчы, на трох маладзенькiх кустах, i даспяваюць якраз — буйныя, смачныя...
Гаспадар прыкiнуў, што калi есцi iх пакрысе (штодня, напрыклад, па шкляначцы), то ўвесь ураджай можна расцягнуць на месяц... I нават паспрабаваў — дзве «порцыi» з'еў. А потым яму гасцей Бог паслаў — унук на матацыкле з нейкай дзеўкай прыехаў.
— Ой, у вас парэчкi! Чорныя? — узрадавалася яна, аглядаючы соткi. — Гэта ж мае любiмыя! Можна я назбiраю?
— Ну вядома ж! — дазволiў Пятровiч, бо неяк не думаў, што есцi ягады госця будзе з кустоў i колькi ўлезе...
А што не ўлезе, забярэ з сабой — у пакецiку.
Ёсць такая прафесiя!
Калi чалавек таленавiты, то ён таленавiты ва ўсiм. Гэта — пра Аксану, бо яна i шые, i вяжа, i гатуе, i вышывае, i замежныя мовы ведае, i кандыдат навук, i двойчы матуля...
— А кем ты у нас работаешь? — надоечы спытала дачушка.
— Преподавателем, — адказала мама, тут жа хацела растлумачыць, што яны, гэтыя преподаватели, амаль як воспитатели ў дзiцячым садку (бо там таксама вучаць — толькi дарослых)... Аднак «прытармазiла»: садок жа ў дачкi незвычайны — беларускамоўны, значыць, трэба пачаць спачатку — адказаць малой па-беларуску:
— Я працую выкладчыцай. Гэта...
— О-о, я ўсё зразумела! — абарвала яе дзiця. — Ты ежу на стол выкладаеш?!
...I ежу, дзякуй богу, таксама.
«Спрэчка»
Шчасце — гэта (паводле адной паэткi) калi ёсць каго i чым кармiць.
Кавалiха, значыць, шчаслiвая, бо да яе абодва сыны ў водпуск прыехалi, сваiх жонак i дзяцей у вёску прывезлi...
Матуля, вядома ж, рада: днямi стаiць то ля печы, то ля плiты, смачна кормiць, ва ўсякiм разе, стараецца — госцi хваляць. Ды ўсё нейкi мульцiк цытуюць: маўляў, паелi — можна i паспаць, паспалi — можна i за стол.
...У каваля (светлай памяцi!), гаспадара той хаты, iншая прымаўка была. Ён казаў: «Калi чалавек нешта з'есць, то ён нешта i зробiць, калi нешта зробiць, то нешта i з'есць».
З надзеяй...
У краму дзед мог не хадзiць, бо, даўно аўдавеўшы, прыладзiўся нешта гатаваць, а найболей — «расцягваць» тое, што прывозiлi дочкi: марозiў гатовыя катлеты i нават супы, трымаў у запасе пельменi i сардэлькi. Значыць, пратрымаўся б. Але ж збрыдзела дзень пры днi сядзець пры тэлевiзары, «у людзi» захацеў.
Для гэтага ён пагалiўся, прыбраўся ў чыстую сарочку, пайшоў i...
Не зразумеў, як так сталася: чаму ён раптам апынуўся на зямлi?
А ўжо там — расказваў — перш-наперш сеў (пустка, балазе, людзi далёка), прыслухаўся, што балiць («Каб моцна — дык, здаецца, нiчога»), потым абмацаў рукi-ногi («Таксама як быццам цэлыя»), паспрабаваў устаць і не змог...
Хацеў быў паспадзявацца, што нехта зараз, падыйдзе — падасць руку, але ж падумаў: цi мала п'яных валяецца, ды i каранавiрус: усе трымаюць дыстанцыю, а тым больш ад старых...
Што суцешыла: пры сабе, у кiшэнi, ляжаў мабiльнiк. Значыць, ён яшчэ не прапаў бы — выклiкаў «хуткую».
А пакуль — падняўся сам, памалу вярнуўся дамоў, каб праз дзень-другi зноў, магчыма, некуды пайсцi.
Без сякеры
...Старыя людзi — старыя кнiгi. Сярод iх — «Мудрое слово», зборнiк рускiх прыказак i прымавак (год выдання — 1957-ы).
Адтуль (усмiхнiцеся!): «У большевиков ума палата, вот и жить стали богато», «Ленина завет на тысячу лет», «Нет ни рабства, ни оков в стране большевиков»...
Цiкава, той, хто гэта зрыфмаваў цi пачуў i запiсаў, сапраўды так думаў? Цi iшоў на кампрамiс — каб дагадзiць начальству, каб выдаць кнiгу?
...Яны ў той час ад рукi пiсалiся — звычайным пяром. А значыць, напiсанае, што называецца, не «вырубишь...», цi (паводле амаль такога ж руска-беларускага зборнiка) «не выймеш» i сякерай.
...Хiба само адвалiцца — з часам?
Маё не наша
Лета (урэшце!), сонца i ровар...
Як жа добра на iм iмчаць па дарозе («...якую сам выбiраеш»), як цiкава збочыць тым разам, з вярсту праехаць па полi i спынiцца, бо наперадзе, што называецца, карцiна алеем: на пярэднiм плане — асiлак-дуб, а за iм i ў лесе ўжо — навюткi дом — драўляны, з вялiкай верандай, з гэткiм жа балконам...
На iм (па ўсiм выглядае) гаспадар стаiць — з аголеным торсам, з люлькай у зубах...
— Скажыце, а куды гэтая дарога вядзе? — пытаемся ў яго.
— На мой хутар, — адказвае ён.
I як жа пры тым ганарыцца!..
А не варонь!
...Пра мянушку гэты хлопчык паклапацiўся сам. Пыталi ўсе некалi: «Як жа цябе завуць?» Ён адказваў: «Ваёдзька».
Так i прыляпiлася гэтае iмя, хоць «хлопчыку» ўжо за 30, i ён, як хвалiцца, «мае ўсё»: у горадзе — працу, сям'ю, кватэру, машыну, у вёсцы — бацькоўскi дом...
Жонка, праўда, туды нi нагой. I дачку не пускае. А вось Ваёдзьку ўжо не ўтрымаць: дачакаецца выхадных, адгулаў цi водпуску i паехаў: нешта робiць там, з людзьмi гаворыць, на рыбалку ходзiць i ў лес...
Сёлета, казалi, нават не адзiн: разоў колькi нейкую маладзiцу з сабой прывозiў, падобна — нядзельную жонку. А што: у вёсцы кажуць — адна варона з куста, другая — на куст.
Не пра камень
...Дзед Юзюк на грып захварэў. I каб сам — не так і крыўдна было б, а то дзецi-ўнукi прыехалi, заразiлi...
Доўга, бедны, кволiўся — ачухацца не мог, казаў: «Памру, далiбог памру! Без пары...» (дзеду на той час 104 было).
Андрэй пражыў куды меней, прычым абы-як: па маладосцi, «дурносцi», пашкадаваў дзяўчыну, што аж сохла за iм, — стаў сустракацца. Не заўважыў, як тая зацяжарала, як ледзь не назаўтра збегала ў парткам (была такая iнстанцыя), i ён «нiкуды не дзеўся» — распiсаўся з ёй, пераехаў... Не таму, што спалохаўся (пабаяўся страцiць партыйны бiлет, не зрабiць кар'еру...), — проста... звягi не хацеў. Да таго ж яму цiкава было паглядзець, хто ў iх народзiцца, на каго падобны, а з часам — яшчэ i паганарыцца, што сын, што (казалi) «вылiты бацечка». Аднак палюбiць — нi тое дзiця, нi мацi яго — ён чамусьцi не змог.
Папiваў — з гадамi ўсё болей i болей, часам не прыходзiў начаваць...
«Ну чаму так? Чаму? — плакала-перажывала жонка. — Я ж яго так люблю, так люблю!»
...Нехта недурны прызнаў, што каханне адной жанчыны — як ратавальны круг, каханне другой — як камень на шыi.
Якi — няхай не раптоўна — ды зацягне на дно...
Калi не скiнеш.
Дрэвы як людзi
Сваю досыць вялiкую сялiбу гаспадар той бачыў з прысадай. I адпаведна саджаў — клёнiкi, лiпкi, дубкi, а дзве бярозкi блiжэй да ганка дык найхутчэй раслi... I потым дзесяцiгоддзямi многiх паiлi сокам.
...Можа, яшчэ i таму ў чарговую непагадзь адно з тых дрэў паламалася, i гэта за шчасце, што рухнула не на дом — не ўчынiла бяды...
А вось трывогу «пасеяла»: баючыся, што тое ж зробiць другая з бяроз, ужо сын таго гаспадара падагнаў вышку, закiнуў вяроўку на вершалiну...
Спiлаваць яе тады чамусьцi не атрымалася — жыве бяроза, дакладней — дажывае...
Як чалавек, тэрмiн якому ўжо адмераны.
Непапраўнае
У сваячкi гора, i якое ж горкае: сына не стала, памёр — малады, прыгожы, разумны, добры...
Не, асобныя хiбы ў яго таксама былi, але ж хто iх помнiць? А мацi — дык пагатоў: паўгода, не сцiхаючы, плача...
Надоечы колькi сарочак ягоных з шафы дастала, акуратна злажыла — адна на адну. «Амаль новыя, — сказала, — шкада выкiдаць. Забярыце — можа, каму паслужаць?»
...Не ўзяць, як выглядае, нельга? Узяць — цяжка.
А як жа ёй — аддаваць?
Чаканне
...На малюнку быў стол, за iм сядзеў пажылы мужчына (трэба разумець, бацька), а побач стаяў сын са шклянкай вады: усё, маўляў, ты ж сад пасадзiў? Дом пабудаваў? Мяне вырасцiў? Значыць, пi давай i...
Такая вось «усмешка» мастака. I цi толькi, калi прыкладна тое ж малюе само жыццё.
...Захаравіч, аўдавеўшы, пару месяцаў жыў адзiн. Сам сабе нешта гатаваў, сам мыў, неяк прыбiраў у хаце. З непрывычкi ўсё гэта непрыемна было, а таму, калi сын з нявесткай сказалi, што хацелi б вярнуцца да яго i жыць разам, згадзiўся — падумаў, што ў сям'i яно ж весялей... Ды i гаспадыня ў хаце з'явiцца.
Не без таго — яму было з кiм павiтацца, паразмаўляць, нявестка, i праўда, што-нiшто гатавала... Адзiнае — з ягоных прадуктаў. За камунальныя таксама плацiць не збiралася.
Гаспадар маўчаў: спраўляўся неяк — пенсii хапала, але ж пад вясну яму гэта збрыдзела. Успомнiў, што ў вёсцы хата пустая, — падаўся туды. I працаваць там стаў — як заведзены: латаў дах, ставiў новыя вокны i дзверы, клеiў шпалеры... Апошнiя сiлы свае ўкладаў, але ж бачыў, як мяняюцца хата i падворак, як расце такi ўраджай у садзе i на градках. «Можа, мы прыедзем паглядзець?» — па тэлефоне спытаў неяк сын. I Захаравіч зноў не адмовiў: адзiны пакой iм выдзелiў — думаў, на ноч, часова, а «гасцям» спадабалася — другi месяц жывуць, цягам якога бацька спiць у сенцах, на тапчане...
I ў чаканнi шклянкi вады?
Пошук патрэбных слоў
Што было — было (па тэлевiзары паказвалi): аднаму амерыканскаму пекару шыкоўны торт заказалi. Ён, вядома ж, спёк i прывёз — на месцы хiба ўпрыгожыць яго засталося. А заадно — паглядзець на «маладых», сужэнцаў, якiя ў любовi i згодзе пражылi 50 гадоў. «I як вам гэта ўдалося?» — спытаў пекар мужа. «Ды нiчога складанага, — растлумачыў той, — калi помнiць пэўныя словы». — «Гэта ж якiя?» — «Калi ласка» i «Так, дарагая».
...Цi пераняў гэты досвед пекар — гiсторыя замоўчвае, а вось знаёмыя адны — так, паспрабавалi: парачкай цэлы дзень завiхалiся на дачы, парачкай цэлы дзень шчабяталi адно аднаму: «Калi ласка», «Так, дарагая» (i «дарагi»)...
Сусед не вытрымаў: пачуў ад жонкi чарговае «iдзi», «зрабi», «прынясi», «падай» i сказаў: «Прыкусi язык! Паслухай, як людзi гавораць!»
I сапраўды...
Валянцiна Доўнар
Прэв’ю: katasis.com
З чаго пачынаецца любоў да оперы?
Аднак бестурботнае стаўленне да мер бяспекі пры катанні на каньках і лыжах, санках і цюбінгах кожны год нярэдка прыводзіць да сур’ёзных траўмаў.
У БДПУ прайшла сустрэча рэктара са студэнцкім актывам.