Вы тут

На высокай ноце. Падсумоўваем вынікі «Славянскага базару»


Кожны год «Славянскi базар» рыхтуецца доўга, а мiнае iмклiва — i сёлета хутчэй чым калi. Але нават у скарочаную чатырохдзённую праграму ўвайшло столькi творчых, культурных, спартыўных падзей i мерапрыемстваў, што наведаць усе i расказаць пра iх — задача фiзiчна невыканальная. I ўсё ж дададзiм яшчэ некалькi яркiх каменьчыкаў у фестывальную
мазаiку — каб не было так сумна чакаць наступнага «Базару».


Нябесны рэкорд

Ужо сёмы год неад'емнай часткай культурнага форуму з'яўляецца фэст вулiчнага мастацтва «На сямi вятрах», а адна з яго традыцый, у сваю чаргу, — устанаўленне незвычайных рэкордаў. У своеасаблiвым фестывальным летапiсе зафiксавана ўжо тысяча вершаў пра Вiцебск, прачытаных на адмысловым паэтычным марафоне, развешаныя наўпрост на вулiцы тысяча здымкаў з адкрыцця «Славянскага базару» i з розных дзён i лакацый фэсту «На сямi вятрах», 15 тысяч крокаў у рытме карнавальнай самбы, тысяча пацалункаў на Пушкiнскай плошчы, амаль шасцiметровая драўляная «лыжка гасцiннасцi», 114 лялек на гранд-выстаўцы тэатра «Лялька»... У 2020-м госцi i ўдзельнiкi фестывалю паставiлi новы рэкорд — больш за тысячу здымкаў з выявай вiцебскага неба, якое ўпершыню стала паўнацэннай творчай пляцоўкай.

Усе фарбы лета

На вiцебскiх вулiцах месца хапае для самых розных вiдаў i кiрункаў мастацтва. Сёлета, напрыклад, упершыню быў шырока прадстаўлены адзiн з мастацкiх брэндаў Вiцебшчыны — маляванка; у межах «Славянскага базару» прайшоў адкрыты конкурс традыцыйнага i сучаснага мастацкага роспiсу «Фарбы нябёсаў». (Дарэчы, ён ужо другi па лiку — першае творчае спаборнiцтва адбылося летась у Глыбоцкiм раёне, на радзiме вядомага беларускага жывапiсца Язэпа Драздовiча.) Цягам двух дзён 25 майстроў з Вiцебшчыны, Гродзеншчыны i Магiлёўшчыны дэманстравалi ўжо гатовыя калекцыi i распiсвалi тканiны, шкло, керамiку i дрэва, захоўваючы тэхналогiю i традыцыi рэгiянальных малюнкаў, але пры тым укладваючы ў iх i новы, сучасны змест i творчае пераасэнсаванне. Уладальнiцай Гран-пры конкурсу стала Вольга Гукава з Пастаў за маляваны дыван «Беларускае вяселле».

Таксама ў выхадныя на плошчы Свабоды ў Вiцебску гучалi гармонiк, скрыпкi i цымбалы — тут сабралiся аматары народнай музыкi i танцаў. У VII адкрытым турнiры нацыянальных танцаў больш за 80 пар i сольных танцораў з розных абласцей Беларусi паказвалi сваё майстэрства ў побытавых танцах «Лысы», «Субота», «Каханачка» i дзясятках iншых. Галоўная ўзнагарода турнiру па рашэннi прафесiйнага журы засталася на Вiцебшчыне — яе атрымалi Мiхаiл Малашэнка i Жанна Васенiчава з Расон. А днём пазней спрабавалi перайграць, пераспяваць i перагумарыць адно аднаго выканаўцы народнай музыкi i прыпевак — удзельнiкi абласнога конкурсу «А музыкi граюць, граюць...». Выступленнi ацэньвалi публiка (апладысментамi), i судзейская калегiя (баламi). Першай сярод прыпевачнiкаў прызналi прадстаўнiцу Лепельскага раёна Аляксандру Семянько, а перамогу памiж калектываў народнай музыкi святкаваў ансамбль «Верхнядзвiнскiя музыкi».

Музычная арыфметыка

Учора кiраўнiк дырэкцыi Глеб Лапiцкi агучыў «Звяздзе» некалькi папярэднiх лiчбаў i фактаў па вынiках чарговага «Славянскага базару ў Вiцебску». Напрыклад, сёлета на форуме працавала каля 120 валанцёраў ва ўзросце ад 18 да…72 гадоў! Сярод добраахвотных памочнiкаў аргкамiтэта нямала студэнтаў, якiя вучацца ў расiйскiх ВНУ, але жывуць у Вiцебску.

Што да колькасцi бiлетаў, якiя былi прададзены, дык iх больш за 30 тысяч. Кiраўнiк дырэкцыi лiчыць, што гэта вельмi добры паказчык, бо ў Летнiм амфiтэатры было ўсяго сем канцэртаў. Для параўнання: летась рэалiзавалi 72 тысячы бiлетаў, аднак тады адбылося 13 шоу ў «чары» амфiтэатра, а таксама iмпрэзы ў Лядовым палацы i ў канцэртнай зале «Вiцебск», дзе больш за 1000 месцаў для гледачоў...

Новы праект — бясплатны начны кiнапаказ — мяркуецца прадоўжыць i налета ў супрацоўнiцтве з кiнастудыяй «Беларусьфiльм» дзеля папулярызацыi айчыннага кiнематографа. «На начных сеансах не было свабодных месцаў, i я гэтаму рады — значыць, праект запатрабаваны», — адзначыў Глеб Лапiцкi.

...Апошнiя музычныя акорды, салют i абавязковы вiцебскi дождж — так «Славянскi базар у Вiцебску — 2020» развiтваўся са сваiмi гасцямi i ўдзельнiкамi. Да сустрэчы ў фестывальнай сталiцы налета, на юбiлейным 30-м мiжнародным форуме мастацтваў!

Аляксандр ПУКШАНСКI,

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.

Фота БелТА.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.