Вы тут

Чаму цкаванне ні ў якім разе нельга разглядаць як школу жыцця?


«Булінг — не тая праблема, якую можна вырашыць раз і назаўжды, гэта больш падобна на пустазелле, яго трэба рэгулярна праполваць, адначасова клапоцячыся пра сад і прышчапляючы здаровыя парасткі», — такую думку выказала ў адным са сваіх інтэрв'ю вядомы расійскі псіхолаг Людміла Петраноўская.


З гэтай сацыяльнай з'явай даўно спрабуюць змагацца ва ўсім свеце, а першая праграма па барацьбе з булінгам і яго наступствамі з'явілася ў Нарвегіі яшчэ ў 1980-я гады. Такой была рэакцыя Міністэрства адукацыі на трагічнае здарэнне — суіцыд трох падлеткаў, якія сутыкнуліся са здзекамі ў школе. У 1991 годзе была праведзена ацэнка эфектыўнасці праграмы, якая паказала факт зніжэння ганенняў на 50 працэнтаў.

У 2009 годзе ў Фінляндыі запусцілі анты-булінгавую праграму KіVa, скіраваную на сведак цкавання. У яе аснове — кіраванне эмоцыямі, развіццё высокага ўзроўню эмпатыі (спагады) сярод школьнікаў і ўменне вырашаць канфлікты мірна. Гэтую праграму ўзялі на ўзбраенне ў Італіі, Бельгіі, Нідэрландах, краінах Лацінскай Амерыкі, Эстоніі і іншых дзяржавах.

У многіх еўрапейскіх краінах сталі традыцыйнымі антыбулінгавыя марафоны і тыдні. Адзначаюцца Дзень талерантнасці, Дзень рознакаляровых шкарпэтак, калі дзеці прыходзяць у розных шкарпэтках і расказваюць адно аднаму пра тое, чым яны адрозніваюцца. Гэта не нейкія аднаразовыя акцыі, а пастаянная работа.

Не вынаходзіць веласіпед

У новым навучальным годзе і ў беларускіх школах пачнуць мэтанакіравана працаваць на прадухіленне псіхічнага і фізічнага гвалту. Беларуская мадэль з'яўляецца вынікам навукова-даследчай работы па адаптацыі харвацкай мадэлі «Бяспечнае і падтрымліваючае асяроддзе ў школах», якую правёў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка ў партнёрстве з ЮНІСЕФ і пры фінансавай падтрымцы фонду «Польская дапамога» пры Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Польшча. У рамках эксперыментальнай дзейнасці будзе ўкараняцца мадэль «Дружалюбнае адукацыйнае асяроддзе ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі», а пляцоўкай для апрабацыі стануць 26 школ у розных рэгіёнах нашай краіны.

— Аргументам у падтрымку ўкаранення нацыянальнай мадэлі з'яўляюцца звароты, якія паступаюць у міністэрства ў выніку канфліктных сітуацый, — расказаў падчас яе анлайн-прэзентацыі намеснік міністра адукацыі Аляксандр КАДЛУБАЙ. — Па шэрагу выпадкаў ствараліся рабочыя групы і камісіі, у якіх бралі ўдзел педагогі-псіхолагі Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі. Па выніках іх работы было вызначана, што адной з прычын канфліктаў з'яўляецца менавіта булінг. З кастрычніка да мая на базе цэнтра рэалізоўвалася вучэбная праграма для рэгіянальных педагогаў-псіхолагаў, псіхолагаў устаноў адукацыі па аказанні дапамогі ў крызісных сітуацыях, у тым ліку булінгу. Навучанне прайшлі 125 спецыялістаў.

— Сённяшнія падлеткі заўтра стануць дарослымі людзьмі, — падкрэслівае прадстаўнік ЮНІСЕФ у Беларусі Рашэд Мустафа Сарвар, — і тыя мадэлі паводзін, якія ім заклалі ў дзяцінстве, якія яны бачылі вакол сябе, стануць іх паводзінамі ў дарослым жыцці. Ідэя праекта заключаецца ў тым, каб людзі выраслі фізічна і псіхалагічна здаровымі. Вырашаць праблему трэба сістэмна, выкарыстоўваючы інструменты медыяцыі і аднаўленчага правасуддзя. Таксама вельмі важны ўдзел грамадства, каб пазбегнуць стыгматызацыі тых дзяцей, якія сталі агрэсарамі або ахвярамі булінгу. Важны кампанент — партнёрства педагогаў, дзяцей і бацькоў. Не трэба вынаходзіць веласіпед, варта проста пераняць паспяховы вопыт, у нашым выпадку — вопыт Харватыі.

Матывацыя агрэсараў

Як расказала прафесар псіхалогіі з гэтай краіны Ясенка Прэград, у іх, перш чым пачаць укараняць антыбулінгавую праграму ў школах, запусцілі магутную інфармацыйную кампанію, каб заручыцца падтрымкай грамадскасці: на вуліцах устанаўліваліся білборды з надпісамі кшталту: «Грубае слова параніць мацней, чым аплявуха», «Апошні ў чарзе, першы ў сіняках», «Стадыён без грубасці, школы без гвалту» і г.д., выкарыстоўваліся сродкі масавай інфармацыі. Асветніцкая праграма дазволіла прыцягнуць ментараў і распачаць збор сродкаў. Можна было патэлефанаваць на пэўны нумар, каб з твайго тэлефона спісалі сродкі на карысць кампаніі. Спачатку антыбулінгавая мадэль апрабавалася на базе трох школ, а затым ужо іх вопыт маштабавалі на іншыя. Дзяцей і педагогаў вучылі, як вырашаць канфлікты негвалтоўнымі дзеяннямі. Хутка высветлілася, што сведкі булінгу проста пасавалі перад булерамі, упэўненыя ў тым, што тыя маюць сілу. Ужо праз тры гады рэалізацыі кампаніі ўзровень булінгу ў харвацкіх школах знізіўся ўдвая.

Між іншым, па ўсіх булінг-даследаваннях, не меншую, а можа, яшчэ і больш значную ролю іграюць так званыя сведкі булінгу, гэта значыць людзі, якія не цкуюць самі, але пры гэтым прысутнічаюць. Сведкі — цэнтральнае звяно, якое ўплывае на раздзіманне булінгу, таму што агрэсары (булеры) насамрэч дзейнічаюць з матывацыяй атрымання сацыяльнага адабрэння, павышэння свайго сацыяльнага статусу, а гэта немагчыма без падтрымкі навакольных.

Сведкі і ахвяры

— Яшчэ на першым этапе рэалізацыі праекта, калі мы выходзілі ў школы для апрабацыі яго практычнай часткі, стала зразумела, што ні бацькі, ні педагогі, ні самі вучні не валодаюць неабходнымі ведамі пра формы гвалту і не ведаюць, як рэагаваць у сітуацыі булінгу ў школьным асяроддзі, — расказала начальнік Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі Інстытута псіхалогіі БДПУ Вольга МАЦЮХОВА. — Яны блыталі такія паняцці, як канфлікт і булінг. Больш таго, дзеці не могуць адрозніць здзек ад жарту. Калі аднакласнікі замыкаюць кагосьці ў распранальнай, як гэта расцэньваць: як здзек ці як жарт? Дзеці лічаць такія дзеянні жартам, але жарт — гэта калі смешна ўсім.

Як практык магу сказаць, што з агульнай колькасці зваротаў у наш цэнтр булінг, кібербулінг і канфлікты займаюць вядучую пазіцыю, таму школа павінна стаць пляцоўкай для прэвентыўных мерапрыемстваў. У аснову нашай мадэлі пакладзены агульначалавечыя каштоўнасці, а ў фокусе ўвагі знаходзяцца патрэбы нашых вучняў. Забяспечыць у школе бяспечнае псіхалагічнае асяроддзе — гэта задача дарослых, і абсалютна недапушчальна трансліраваць думку, што булінг — гэта школа жыцця. На жаль, некаторыя педагогі праяўляюць талерантнасць да гвалтоўных дзеянняў у камунікацыі паміж дзецьмі, аргументуючы гэта тым, што трэба вучыцца вырашаць праблемы самастойна. А калі мы не рэагуем, значыць, мы ўхваляем.
Цкаванне, скіраванае на аднаго з вучняў, уплывае не толькі на ахвяру, але і на крыўдзіцеляў, і на сведак, і можа прывесці да трагічных падзей.

Архіважная роля педагогаў

Як правіла, усё пачынаецца з абраз, а далей агрэсары намацоўваюць глебу: могуць байкатаваць, ігнараваць, выключаць з гульняў, псаваць рэчы, падкладаць што-небудзь і потым казаць, што «ён (яна) скраў (скрала) нашы рэчы». Прычыны заўсёды розныя. Раней лічылася, што цкаванне пачынаецца, калі прыходзіць вучань, які рэзка адрозніваецца ад усёй астатняй групы і тая, каб захаваць сваю цэласнасць, пачынае яго выганяць. Але цкаваць могуць і актыўных і таварыскіх дзяцей. Праблема не ў канкрэтным вучні, а ў тым, што так паводзіць сябе з аднакласнікамі лічыцца дапушчальным. Галоўнае — як будзе ставіцца да гэтага настаўнік: спыніць ён ці не? Таму што калі дзяцей ніхто не спыняе, то яны думаюць: «Усё нармальна, мы нічога дрэннага не робім».

У кожнай сітуацыі шмат залежыць ад канкрэтнага педагога: хтосьці рэагуе і ведае, як сябе паводзіць, а хтосьці не ведае ці не мае аўтарытэту ў вучняў. Між іншым, настаўнікі павінны адрозніваць сітуацыі, калі дзеці проста з-за чагосьці не паладзілі, ад булінгу.

— Матывацыя да ўдзелу ў праграме ў вучняў наўпрост залежыць ад уключанасці ў яе адміністрацыі і класных кіраўнікоў, — падкрэслівае загадчык кафедры псіхалогіі адукацыі Інстытута псіхалогіі БДПУ, кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт Ала МУЗЫЧЭНКА. — На шляху да бяспечнай школы будзе сем крокаў — сем этапаў рэалізацыі нашай праграмы: ад інфармавання ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу пра гвалт, стварэння экасістэмы каштоўнасцяў у школьным калектыве, вызначэння правіл паводзін, укаранення негвалтоўных метадаў выпраўлення памылкі (маецца на ўвазе метад аднаўлення каштоўнасцяў) да пашырэння магчымасцяў сяброўскага асяроддзя і стварэння сістэмы дыферэнцыяванай дапамогі навучэнцам. Спадзяёмся, што ўкараненне мадэлі будзе спрыяць фарміраванню ў вучняў школ узаемнай павагі, уключэнню ў працэс прафілактыкі гвалту бацькоў, настаўнікаў і прадстаўнікоў мясцовых органаў улады. Рабоце з бацькамі адводзіцца вельмі важная роля, бо калі ў школе ўкараняюцца адны каштоўнасці, а ў сям'і — іншыя, то, нават нягледзячы на аўтарытэт педагога, дамагчыся чаканага эфекту будзе праблематычна.

Талерантнасць да гвалту

Праект будзе рэалізоўвацца пры ўдзеле ментараў — пазаштатных удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Такая пазіцыя мае перавагі, якія заключаюцца ў даверным узаемадзеянні з работнікамі, дзецьмі і бацькамі, бо ментар не ўключаны непасрэдна ў сістэму субардынацыі і прафесійных адносін унутры школы і мае магчымасць захоўваць свежы погляд на звыклыя для калектыву з'явы.

Як заўважыла Ала Музычэнка, «мы сутыкнуліся з тым, што ў школьных калектывах ёсць прывыканне да неспрыяльных сітуацый, але гвалт меж не ведае, і калі толькі яго дапусціць, ён абавязкова пяройдзе ўсе межы».

Некаторыя кампаненты мадэлі тэсціраваліся ў шэрагу сталічных школ у першым паўгоддзі гэтага года, праўда, пандэмія і тут унесла пэўныя карэктывы. Шмат мерапрыемстваў давялося перавесці ў анлайн.

Падчас ананімнага анкетавання для высвятлення рызыкі булінгу навучэнцам, у прыватнасці, прапаноўвалася адказаць на наступныя пытанні. Ці бываюць у школе сітуацыі агрэсіі, ганення кагосьці, знявагі? З боку каго? З кім можна абмеркаваць гэтую праблему? Хто зразумее? Што адбываецца ў школе з тым, хто жорстка абыходзіцца з іншымі? Калі здарыцца так, што цябе стануць зневажаць, да каго ты звернешся? Калі ўбачыш, што са школьніка здзекуюцца, што зробіш? Калі звернешся па дапамогу, табе насамрэч дапамогуць? Аналіз адказаў паказаў, што ёсць у школах праблемы і з бяспекай, і з раз'яднанасцю, і з раўнапраўем у калектывах (магчымасцю свабодна выказвацца ў любых сітуацыях). Ёсць і дзеці, якія становяцца аб'ектамі для здзекаў і кпін.

— Нягледзячы на тое, што праблема булінгу сёння знаходзіцца ў цэнтры ўвагі СМІ і інфармацыі па гэтай праблеме нібыта бы дастаткова, мы заўважылі, што няўменне педагогаў і бацькоў адрозніваць канфліктныя сітуацыі ад булінгу цягне пэўныя наступствы, — канстатуе адзін з ментараў праграмы, псіхолаг Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі Ілляна МАТВІЕНКА. — Дарослыя ўпэўнены, што дзеці павінны самі навучыцца вырашаць канфліктныя сітуацыі, і гэта насамрэч так. Але і булінг яны разглядаюць часта як звычайны канфлікт, а ў гэтай сітуацыі малым патрабуецца дапамога дарослых. І наадварот, дарослыя ўмешваюцца ў канфлікт, пазбаўляючы такім чынам дзіця магчымасці самому знайсці спосабы яго вырашэння.

Кантактуючы са школьнікамі, мы таксама заўважылі, што фон для абмеркавання праблемы булінгу ў розных узроставых групах не супадае: так, для вучняў пятых—шостых класаў вельмі яркімі былі пытанні сяброўства і бяспекі, а старшакласнікі праецыравалі тэму на сваё развіццё, будучыню і нават прафесійную самарэалізацыю. У адным з класаў навучэнцы нават ініцыявалі дыскусію на тэму, якім кіраўніком можа стаць чалавек, які ўзяў на сябе ролю агрэсара і буліць сёння іншых. Ці будзе ўвогуле паспяховым чалавек з агрэсіўнай мадэллю паводзін?

Ілляна Матвіенка падкрэслівае, што перавага нацыянальнай антыбулінгавай мадэлі — у яе прафілактычнай накіраванасці: яна дапамагае падтрымліваць спрыяльнае асяроддзе ў школьных калектывах і не даваць развіцца негатыўным тэндэнцыям. Дарэчы, як паказалі вынікі праведзенага анкетавання, 46,2 працэнта апытаных навучэнцаў ацэньваюць псіхалагічны клімат у сваім класе як спрыяльны. Прыкладна столькі ж навучэнцаў паведамілі, што абыякава ставяцца да псіхалагічнага клімату ў калектыве, пытанне адносін у класе для іх не прыярытэтнае. А 7,6 працэнта ацэньваюць псіхалагічны клімат як неспрыяльны.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Сем крокаў да школы, свабоднай ад гвалту

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.